Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Валошын разгоніста бег па лёдзе, заследжаны бруднымі падэшвамі байцоў яго рот, за ім блізенька трымаліся трое сувязных. Чарнаручанка з Гутманам неўзабаве адсталі, заблытаўшы ў кустах провад, і ён крыкнуў аднаму з сувязных, худому хлопцу ў кароткім шынялі і блакітных да калень абмотках, хутка памагчы ім. Баец з напружаным недаўменнем зірнуў на яго, але затым адкінуў назад споўзшую на жывот процівагазную сумку і спыніўся. Камбат прыгнуў галаву, прадраўся праз лазняковыя зараснікі, выскачыў на льдзістую з падталым снегам прагаліну і азірнуўся; за ім з-за куста, няспрытна расстаўляючы ў бакі ногі і коўзаючыся, бег ветэрынар. Яго расшпіленая кабура апусцела боўталася на дзязе, вузенькі раменьчык цягнуўся да рукі з варанёным наганам, якім маёр нязграбна ўзмахваў, імкнучыся захаваць раўнавагу на слізкіх падэшвах.

— А вы куды? — не стрымаўшыся, злосна крыкнуў Валошын.

Ветэрынар толькі раскрыў рот, каб нешта сказаць, як раптам абодва яны аглушана скалануліся, на імгненне страціўшы адчуванне.

«Ну во, нарэшце! — з дзіўнай злой радасцю падумаў камбат, інстынктыўна ўвабраўшы галаву ў плечы. — Нарэшце пачынаецца…»

У хмарнай вышыні над балотам аглушальна трэснула раз і другі, тугім звонам заклала левае вуха. Валошын паглядзеў угору — над балотам, нібы кінуты ўгару клок поўсці, плыло на ветры чорнае воблачка. «Прыстрэлачны!» — падумаў камбат і зноў азірнуўся. Ветэрынар ляжаў пад навіслым галлём альхі, нізка ўтупіўшы галаву ў падвязанай пад барадой вушанцы. Падумаўшы, што яму папала, Валошын кінуўся назад.

— Вы што? Паранены?

Маёр страпянуўся і з запытальным недаўменнем у вачах уважліва паглядзеў на камбата.

— Н-не, я не ранены, — выціснуў ён, заікаючыся.

— Устаць і бягом! Бягом! — скамандаваў Валошын, ведаючы, што ад брызантных разрываў тут не схавацца, што трэба як мага найхутчэй выскачыць з раёна паражэння іх смяртэльных асколкаў.— Бягом!

У наступнае імгненне з рэзкім аглушальным трэскам грымнулі яшчэ чатыры выбухі, трохі, праўда, далей, чым першы, бліжэй да краю балота, — якраз над тым месцам, дзе былі роты. Сотні сталёвых асколкаў гарачай віхурай абдалі кустоўе, зразаючы голле і наскрозь прапякаючы тоўсты, да самага дна, лёд. Ветэрынар зноў упаў, але тут жа падняўся; ззаду, ламаючы голле, яго даганяў Гутман.

Болей камбат не азіраўся, разам забыўшыся пра сябе і сваю бяспеку — трывога за роты, над якімі цяпер аглушальна загрукалі счацвяроныя выбухі брызантных, апаліла яго. Ён кінуўся наўпрасткі да блізкага ўжо краю балота, рашыўшы ў што б там ні было падняць батальён на апошні рывок, у якім было выйсце і адзіная магчымасць дасягнуць траншэі. Пад вышынёй на балоце яны доўга не вытрымаюць, у голым прамерзлым грунце не хутка акапаешся, ды і акопы ад гэтага агню не ўратуюць.

Чорт бы іх узяў, гэтыя брызантныя, ужо лепей бы агонь мінамётаў, збянтэжана думаў камбат, бегучы па кустоўі.

Ён выскачыў з балота пад новы брызантны залп, які прарэзліва і аглушальна грымнуў, здавалася, у некалькіх метрах над галавой, і збіты з ног гэтым залпам Валошын недарэчна ўпаў на жорсткую заінелую траву лужка. Але ён тут жа ўскочыў, акінуў позіркам ніз вышыні, дзе няроўна залеглі байцы восьмай роты. Нехта з іх ужо ліхаманкава працаваў лапаткай, хтось роспачна лаяўся справа, і ён павярнуў на гэтую лаянку, чакаючы ўбачыць там камандзіра роты, і ўбачыў купку байцоў — тыя на каленях схіляліся над кімсь, што ляжаў на траве. Яшчэ не дабегшы да іх, ён убачыў знаёмыя хромавыя боты Муратава, падхапіўшы якога, двое байцоў валаклі, прыгінаючыся, назад да кустоўя.

— Стой! — крыкнуў ён і не пачуў уласнага голасу, зноў накрытага чарговай серыяй выбухаў угары — адзін з байцоў упаў на калені, выпусціўшы руку ротнага, і ўткнуўся плячом у траву. Другі лёг побач, разгубленым позіркам матляючы навакол і не пазнаючы камбата.

— Што з лейтэнантам? — спытаў Валошын, прысядаючы побач. Але толькі ён зірнуў на бела-бяскроўны твар Муратава, як усё зразумеў адразу. Шэрыя крупінкі мозгу з разбітай патыліцы ротнага густа абляпілі ягоны каўнер і плечы з новенькімі, акуратна прышытымі пагонамі. Шынель на баку быў шырока распораты асколкам, і з дзіркі тырчаў шкумат аўчыннай камізэлькі.

— Пакінуць забітага! — загадаў ён.

— Таварыш камбат! — узмаліўся баец, пажылы чалавек з чырвонымі слязлівымі вачмі.— Таварыш камбат, як жа гэта? Яго ж параніла, мы паняслі, а тут… Як жа гэта, таварыш камбат?..

— У ланцуг! — жорстка загадаў камбат і позіркам пашукаў каго-небудзь з сяржантаў.

Але сяржантаў паблізу не было відаць — на траве ніцма ляжала некалькі байцоў у новых і чыстых шынялях, высока насунутых на шапкі касках — учарашняе яго папаўненне. Іх трэба было падняць у атаку, прымусіць пераадолець пад агнём некалькі сот метраў на схіле, і гэтая задача здалася яму цяпер болей чым цяжкай.

Але іншага не заставалася.

Стараючыся перасіліць трэскат і дзіганне чэрг, ён прыпадняўся на руках і пракрычаў, выразна выгаворваючы кожнае слова:

— Ро-та!.. Пад-рых-тавацца да атакі!

Знешне рота амаль не адрэагавала на гэтую яго каманду, хаця рэагаваць на яе цяпер і не было патрэбы — трэба было яе ўясніць, а галоўнае — сабрацца з духам перад самым адчайным рыўком наперад. Разумеючы гэта і счакаўшы хвіліну, ён скамандаваў зноў:

— Пааддзялённа!.. Кароткімі перабежкамі!.. Упярод!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 148
  • 149
  • 150
  • 151
  • 152
  • 153
  • 154
  • 155
  • 156
  • 157
  • 158
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: