Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Трохі задумаўшыся, ён, мусіць, прайшоў занадта, бо замест шостага дзесятка дамоў згледзеў на рагу лічбу «88» і зразумеў, што даў лішку. Занепакоіўшыся, вярнуўся, хуткім крокам прамінуў скверык, нейкі меншы будынак з агромністым надпісам: «Парыкмахерская» на цэлы паверх, зазірнуў на лічбу. Але тут было зноў «76» — куды ж падзеўся цэлы дзесятак дамоў? Ён збянтэжана ўзіраўся ў лічбу, не ведаючы, куды падацца, і тады ўчуў ветлівы дзіцячы галасок ззаду:

— Дзядзя, а які дом вы шукаеце?

Ён павярнуўся і ўбачыў на тратуары дзвюх маленькіх дзяўчынак — адна беленькая, гадоў васьмі, памахвала вакол сябе сеткай з трохкутным пакетам малака і ўсмешліва пазірала на яго. Другая, чорненькая і трошкі вышэйшая за сяброўку, у кароткіх, як у хлопчыка, штоніках, таксама ўзіралася ў яго і ела з паперкі марожанае.

— Мне семдзесят восьмы дом трэба. Не ведаеце, дзе ён?

— Семдзесят восьмы ведаем. А які корпус?

— Корпус?

Пра корпус ён чуў упершыню, пра корпус ён зусім не падумаў, запомніўшы толькі нумар дома і нумар кватэры. Які яшчэ корпус?

Каб пераканацца, што не памыляецца, ён паставіў на тратуар цяжкаваты свой чамаданчык і дастаў з унутранай кішэні пінжака пацёрты канверт, у якім ляжала пісьмо пляменніка з адрасам. Сапраўды, пасля нумара дома была яшчэ літара «К» і лічба «3», а пасля ўжо значыўся нумар кватэры.

— Во, здаецца, тры. Корпус тры. Так, здаецца?.. Дзяўчынкі абедзве разам зірнулі ў яго паперку і пацвердзілі, што корпус сапраўды трэці, і сказалі, што ведаюць, дзе гэты дом.

— Там Нэлька злая жыве, за грыбам-пясочніцай, — сказала чарнявая з марожаным. — Мы вам пакажам.

3 некаторай няёмкасцю ён скіраваў за дзяўчынкамі. Яны абышлі рог дома, за якім аказаўся вялізны падворак і далей яшчэ мноства такіх жа пяціпавярховых дамоў з зялёнымі пляцоўкамі, дарожкамі, радамі маладых, некалькі гадоў назад пасаджаных дрэўцаў. На лаўках каля пад’езда сядзелі старыя і жанчыны, скрозь гуляла, шумела гаманкая дзятва, дзесь між будынкаў бахаў валейбольны мяч, і па асфальце імчалі хлапчукі на веласіпедах. Дзяўчаткі ішлі поруч, і меншая, заглядваючы ў ягоны твар, запыталася:

— А чаму ў вас, дзядзя, адна рука?

Другая адразу ж перапыніла яе сцішаным голасам:

— Як ты не разумееш, Ірка? Дзядзеву руку на вайне адарвала. Праўда, дзядзя?

— Праўда, праўда. Здагадлівая ты, маладзец.

— А ў нашым дварэ жыве дзядзя Коля, дык ён на адной назе ходзіць. Другую ў яго немцы адарвалі. Ён на маленькай машыне ездзіць. Маленькая такая машынка, трошкі большая за матацыкл.

— А майго дзядулю фашысты на вайне забілі, — сумна ўздыхнуўшы, паведаміла меншая.

— Яны хацелі знішчыць усіх, але нашы салдаты не далі. Праўда, дзядзя?

— Праўда, праўда, — сказаў ён, з прыемнасцю слухаючы іх мілы дзіцячы шчэбет аб тым, што яму было блізка і знаёма. Меншая трошкі абагнала яго і павярнулася, усё махаючы вакол сябе сеткай з пакетам.

— А ў вас, дзядзя, ёсць медалі? У майго дзядулі было шэсць медалёў. На картачцы бачыла.

— Шэсць — гэта добра, — сказаў ён, каб не адказваць на яе прамое пытанне. — Значыцца, герой твой дзядуля.

— А вы? Вы таксама герой? — усмешліва жмурачыся ад сонца маленькім цікаўным тварыкам, дапытвалася меншая.

— Я? Ды які я герой! Я не герой. Так…

— Вунь гэты дом, — паказала чарнявая цераз зялёны падворак з маладымі ліпкамі на такі ж, як і ўсе тут, пяціпавярховы дом з шэрай сілікатнай цэглы. — Трэці корпус.

— Ну дзякуй вам, дзяўчаткі. Вялікае дзякуй! — сказаў ён, амаль што расчулены. Яны абедзве разам ахвотна праспявалі сваё «паясаласта» і пабеглі па дарожцы ўбок, а ён, раптам усхваляваўшыся, запаволіў крок. Значыць, ужо блізка! Чамусьці захацелася адсунуць на нейкі час далей і гэты дом, і сустрэчу з тым, пра каго ён думаў, успамінаў, не забываўся ўсе гэтыя трыццаць гадоў. Але ён сцяў у сабе зачаткі маладушных пачуццяў — калі прыехаў, дык трэба ісці, хоць бы зірнуць адным вокам, павітацца і ўпэўніцца, што жыве чалавек, які і для яго, калі разабрацца, азначае нямала.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: