Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Пасля нядоўгай трывогі ён, здаецца, зноў задрамаў пад елкай на яе мулкіх пакручастых каранях, як зноў адчуў недалёкі тупат ног, галасы, шоргат калёс у кустоўі, нейкую мітусню побач. Ён пазнаў голас Пайкіна, а таксама новага іх начальніка штаба і яшчэ нечы, знаёмы, але спрасоння не адгаданы ім канчаткова.

— Не пайду я. Не пайду нікуды…

Клава Шарохіна, атрадная іх радыстка! Яе звонкі мілагучны голас Ляўчук пазнаў бы за кіламетр сярод сотні другіх галасоў, а цяпер яна была побач, у дзесяці кроках ад ягонай елкі. Сон Леўчукоў амаль што мінуўся, хоць ён і не мог яшчэ расплюшчыць вачэй, толькі павёў пад ватоўкай балючым плячом і зацяў дыханне.

— Як гэта — не пойдзеш? Як не пойдзеш? Што ж мы тут табе радзілку адкрыем? — злосна гуў знаёмы басок іх новага начальніка штаба, нядаўняга камроты-адзін. — Пайкін!

— Я тут, таварыш начштаба.

— Адпраўляйце! Зараз жа адпраўляйце разам з Ціханавым! Да Язмінак неяк дабяруцца, а там у Лескаўца перабудзе. У Першамайскай.

— Не пайду! — зноў пачулася з цемры роспачна-жаллівае ў сваёй бездапаможнасці пярэчанне Клавы.

— Зразумейце, Шарохіна, — з лагодаю ўмяшаўся ў гаворку Пайкін. — Вам нельга тут. Вы ж самі сказалі: пара.

— Ну і хай!

— Заб’юць жа к чортавай матары! — здаецца, не на жарт зазлаваў начштаба. — На прарыў жа ідзём, на пузе паўзці прыйдзецца! Ты гэта разумееш!

— Хай забіваюць!

— Хай забіваюць — вы чулі? Мы яе ратуем, а яна думае, каб немцы забілі!

Настала прыкрая паўза, чутно было, як ціхенька хліпала Клава, недзе зводдаль ездавы разы два сцебануў каня, прабурчаў: «Каб цябе, ваўкарэзіна…» Пэўна, тут некуды збіраліся, пераязджалі, ці што, але Ляўчук усё яшчэ не прачынаўся, не гнаў ад сябе сну і нават не расплюшчыў вачэй — наадварот, затаіўся, перацяў дыханне і чакаў.

— Пайкін! — паспакайнелым тонам сказаў з цемры начштаба. — Садзіце на воз і адпраўляйце. 3 Леўчуком адпраўляйце — калі што, ён дагледзіць. Але дзе Ляўчук? Ты ж казаў — тут?

— Тут быў. Я перавязваў.

«Ну, во табе і паспаў!» — амаль з роспаччу падумаў Ляўчук, але ўсё яшчэ не кратаўся, нібы спадзеючыся, што, можа, замест яго паклічуць іншага.

— Ляўчук! Га, Ляўчук! Грыбаед, дзе Ляўчук?

— Ды тут недзе спаў! Я бачыў, — па-здрадніцку прагучаў сіпаты голас ездавога санчасці Грыбаеда, і Ляўчук моўчкі сам сабе вылаяўся: ён бачыў! Хто яго прасіў бачыць?

— Шукайце Леўчука! — распарадзіўся начштаба. — Кладзіце на воз Ціханава. I цераз грэблю. Пакуль яшчэ гэтую дзірку не заткнулі. Ляўчук! — напаследак злосна гукнуў начальнік штаба.

— Я! Ну што? — таксама са злосцю, якую ён цяпер не лічыў патрэбным таіць, адгукнуўся Ляўчук і, не спяшаючыся, вылез з-пад навіслага да самай зямлі галля елкі.

У змроку лесавой ночы ні д’ябла не было відаць, але па невыразных рухах навокал, сцішаных галасах сям і там, нейкай трывожнай начной ажыўленасці ён ужо зразумеў, што стойбішча знімалася з месца. 3-пад елак выехалі вазы, возчыкі, тупаючы ў цемры, запрагалі коней, нехта варушыўся паблізу, і па шорхаце плашч-палаткі, па рослай постаці Ляўчук пазнаў начальніка штаба.

— Ляўчук! Топкую грэблю знаеш?

— Ну, знаю.

— Давай Ціханава адвязеш. А то прападзе хлопец. У Першамайскую брыгаду адвязеш. Цераз грэблю. Разведка вярнулася, кажуць, дзірка, можна праскочыць.

— Ну во яшчэ! — з адкрытай непрыязнасцю сказаў Ляўчук. — Чаго я ў Першамайскай не бачыў! Я ў роту пайду.

— Якую роту! Якую роту, калі ты паранены? Пайкін, куды ён паранены?

— У плячо. Кулявое касацельнае.

Ну во, касацельнае! Так што давай на грэблю. Во павозка пад тваю каманду. I гэта… Клаву захопіш.

— Тожа ў Першамайскую? — насцярожыўся Ляўчук.

— Клаву? — начштаба асекся. Мусіць, ён не меў пэўнай думкі, куды лепш адправіць гэтую Клаву, і тады з цемры ціха азваўся Пайкін:

— Клаву лепш бы ў вёску якую… Да бабы… Да якой вопытнай бабы…

— Бабы, бабы! — незадаволена перадражніў яго Ляўчук і адвярнуўся, леваруч пасоўваючы на дзязе грувасткую нямецкую кабуру з парабелумам, якая намуляла сцягно. — Не хапала яшчэ…

Наконт Клавы ён ужо ведаў, у чым была прычына, здагадваўся, толькі і ў сне не бачыў гэтага сабе клопату — усе ідуць на прарыў, а яму адбівацца невядома куды, аж у Першамайскую брыгаду, ды яшчэ пры такой кампаніі: Грыбаед, Клава, гэты дахадзяга Ціханаў… Ляўчук, як толькі прыйшоў паранены з Доўгай грады, прыкмеціў яго — дэсантнік ціха ляжаў каля будана санчасці, накрыты нейкай радзюжкай, з-пад якой тырчала яго, як цюрбан, абматаная папяровым нямецкім бінтам галава. Вочы яго былі таксама завязаны, ён не кратаўся і, здаецца, не дыхаў нават, і Ляўчук з незразумелай асцярогай прайшоў міма, падумаўшы, што, мабыць, адфарсіў дэсантнічак. Ды і гэтая Клаўка… Быў час, калі Ляўчук палічыў бы за шчасце праехацца з ёй які кіламетр па лесе, але не цяпер.

Цяпер Клаўка яго не цікавіла.

Вось жа чортава гэтае раненне, колькі яно задало яму клопату, і, мяркуючы па ўсім, колькі яшчэ наперадзе! Ці блізкі свет гэта Першамайская брыгада, паспрабуй дабрацца да яе праз фашыстоўскую асаду, мала што кажа разведка: дзіра! Яшчэ невядома, якая і куды там дзіра, — сам з сабой разважаў Ляўчук. Лепш бы ён не паяўляўся ў гэтай санчасці і не аддаваў Кісялю свой кулямёт.

Ляўчук наважыўся ўжо быў пасварыцца ды вярнуцца ў роту, мабыць бы, ротны не выгнаў, і ён бы зноў ваяваў нароўні з усімі, чым перціся невядома куды. Але калі Ляўчук памкнуўся сказаць аб тым, дык сказаць ужо не было каму. Начштаба пайшоў, толькі затрашчала ў хмыззі яго плашч-палатка, а Пайкін і яшчэ хутчэй знік у цемры. Побач адно пасцёбваў хвастом па аглоблях конь, ля якога, папраўляючы збрую, тупаў Грыбаед ды, хуценька шморгаючы носам, стаяла ля воза роспачная, адзінокая Клава. Мабыць, яна чакала цяпер ягонай каманды сядаць, і Ляўчук, не зважаючы ні на кога, вылаяўся:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: