Вход/Регистрация
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Што такое? Ты чаго? Ну чаго ты? Усё ж добра, Клава!

Яна ўсё хліпала, затуліўшы далонямі твар, Ляўчук не разумеў, што здарылася, і спрабаваў яе супакоіць. А Грыбаед сядзеў на сваім месцы, падцяўшы пад сябе босыя ногі, і журботна пазіраў на абаіх.

— Ну ладна. Чаго ты? — сказаў ён Леўчуку. — Ну і што! Хай паплача. У кожнага нешта ёсць, каб паплакаць. У яе во сваё. Хай!

Ляўчук сеў, і Клава сапраўды разы два хліпнула і рукавом гімнасцёркі выцерла вочы.

— Прабачце. Не ўтрымалася. Болей не буду.

— Ты кінь так жартаваць, — сур’ёзна сказаў Ляўчук. — А то знаеш… I мы заравём, на цябе гледзячы.

Вусны яе зноў скрывіліся, здавалася, яна зноў не ўтрымае ў сабе нейкую крыўду, і Грыбаед паспяшаўся запэўніць:

— Нічога, усё добра. Галоўнае — дзіцёнак ёсць. Ладны такі. Вырасце. Вайна праклятая скончыцца, усё наладзіцца. У маладых усё хутка наладжваецца. Старому ўжо тупік, а ў маладых усё ўперадзе. Не трэба ўбівацца. Каму цяпер лёгка? Мне, думаеш, лёгка? Каб мне вашае гора…

— Да, — памаўчаўшы, сказаў Ляўчук. — Давайце пра што весялейшае… От магу расказаць, як я перад вайной ледзь не ажаніўся…

Але Грыбаед, захоплены сваім, не адгукнуўся на гарэзную Леўчукову прапанову і ўсё сядзеў, нявесела пазіраючы перад сабой.

— Век сабе не дарую: ну нашто я яго тады ў Выселкі ўзяў? Чаму я яго не пабіў, чаму ў зямлянцы не кінуў?

— Ты гэта пра каго? Пра сына?

— Ну. Пра Валодзьку. Век сабе не дарую…

— А я вот сабе не дарую — бацькі не паслухаў,— ураз ажывіўся Ляўчук і сеў роўна. — Гэта ж я ў сорак першым дамоў прыбег, — добра, недалёка бегчы было ад Кобрына да Старобіна. Пад Старобінам вёска мая, Курачкі называецца. Як немцы растрыбушылі полк, ну, апынуліся дзе хто: хто ў шталагу, хто на ўсход падаўся, хто ў лес. А я да бацькі дамоў. Прыбег, вайсковае з сябе скінуў, цывільнае апрануў, памагаю бацьку, жыву. Бацька кажа: лепей хавайся, а я — дзе там! Герой! Каго я буду баяцца?

Немцы няблізка, адзін паліцай на вёску — Казлюк такі ў нас быў — здыхля, недаробак, ходзіць з павязкай, драгунка на плячы. Дык што я буду яго баяцца? У мяне ў самога СВТ у варыўні пад страхой, калі што, я яго ўраз шпокну. I праўда, ён мяне не чапаў, пабойваўся. Але пад вясну такіх, як я, завуць у раён на рэгістрацыю. Некаторыя пайшлі, пабаяліся — і цю-цю! Забралі. Раз так, я за СВТ і ў лес. Во тады Казлюк і асмялеў. Прыехаў з бандай ды за бацьку. «Дзе сын?» — «Не знаю». — «Ах, не знаеш, то мы знаем!» I забралі бацьку. I цю-цю бацька. Праз мяне, героя. Дужа смелага. А каб прыхаваўся… Дык дзе ж мне бацьку паслухаць! Ён жа на печы сядзеў, а я паваяваў ужо…

Малы пачаў нешта незадаволена варушыцца пад рукамі ў маці, затузаўся ў сваім шаўковым скрутачку, падаў ціхенькі плаксівы голас. Клава ўзяла яго — дужа беражна і няўмела, ціхенька прыгаворваючы нешта ласкавае, і Грыбаед панятліва сказаў:

— Ага, давай, давай. Бач, есці хоча. Ну, а ты адвярніся, чаго не бачыў?

Ляўчук адвярнуўся, Клава прытуліла дзіця да грудзей, трохі прыхінулася радзюжкай.

— А і добра! Яй-богу, добра, — сказаў Ляўчук, зноў выцягваючыся на таку. — Не было б вайны, была б у мяне жонка. Меў адну на прыкмеце, Ганькай звалі. Ды дзе там — ні Ганькі, ні жонкі. Вайна!

— Божа! — з праніклівай набалеласцю сказала Клава. — Хіба гэта я думала, што такая вайна. Я ж сама пайшла, сама напрасілася. Браць не хацелі, ледзь не па блату ў радыёшколу ўладкоўвалася. Думала… А тут! Божа, колькі тут гора, колькі крыві ды смерці! Як толькі тут людзі трываюць, каторыя месныя! Ну мужчыны — яшчэ панятна. А то жанчыны, дзяўчаты, дзеці! Іх, бедных, за што — б’юць, сабакамі цкуюць, паляць? Ды яшчэ з такой лютасцю, такой нянавісцю!

— Во таму і б’юць, — сказаў Грыбаед, усё ўставіўшыся позіркам кудысь перад сабой. — Бо без абароны! Партызанаў не дужа паб’еш — здачы даць могуць. А тут прыедуць, абкружаць, пагоняць усіх у клуб ці ў абору, нібы дакументы праверыць. Усе знаюць, што не дакументы, а ідуць. Спадзяюцца. Ужо і запруць дзе, а ўсё спадзяюцца: а раптам пужаюць? I ўжо страляць пачнуць — усё спадзяюцца: а можа, не ўсіх? Так да самай смерці ўсё спадзяюцца на лепшае. Каб яно спрахла, тое спадзяванне!

— Ну няхай б’юць немцы… А каторыя нашы! Свае! Як жа ў іх рукі паднімаюцца?

— Паднімуцца! — сказаў Ляўчук і сеў роўна. — Калі ўжо на такое пайшлі, форму надзелі, вінтоўкі ўзялі, дык мусяць, што ні скажуць. Не адмовішся.

— Але як жа пайшлі на такое? — не магла зразумець Клава.

— Крыўда адолела на Саветы. Пакрыўдзіліся і падаліся да немцаў. А тыя спярша добранькія — я, я, паспачувалі ды вінтоўкі ў рукі. I загад: давай — пуф, пуф! Усё з маленькага пачынаецца.

— Добра яшчэ, калі пад прымусам, — разважна сказаў Грыбаед, — Яно і відаць, калі па прымусу. Быў вунь у Зарудзічах выпадак, як палілі — адзін немец згледзеў пад печчу падлетка ды прыкладам яго, прыкладам, запіхаў у самы кут — сядзі! I гэны ўцалеў. Усіх пабілі, папалілі, а гэны ўцалеў. Немёц уратаваў. А каторыя, як звяры. Ад крыві, як ад самагонкі, шалеюць. Чым болей льюць, тым болей хочацца.

— Божа мой, божа! — сказала Клава. — Дагэтуль во ўсё сама за сябе баялася, а цяпер удвая мне баяцца нада! За яго во! Такі маленькі!.. Залаціначка ты мая горкая, няшчасненькі ты мой дзіцёначак, як жа мне ўберагчы цябе? Чаго ж гэта доля наша такая?..

Ляўчук з прыкрасцю ўскочыў на ногі — ён не выносіў скаргаў, тым болей жаночых, да якіх проста не прывык у жыцці.

— Ладна табе плакацца! Выняньчым як-небудзь! Трэба во толькі добрае месца знайсці. Відаць, тут нікога не дачакаешся.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: