Быкаў Васіль
Шрифт:
Доўга чакаць яму не давялося — пасля чатырох-пяці стрэлаў у таку засмярдзела дымам. Клава першая крутанулася пад сцяной, зірнула ўгору і глуха крыкнула, нібы прастагнала ад болю:
— Ляўчук, Ляўчук!
— Ціха! Ціха! Чакай!
Але што чакаць, ён не ведаў і сам, першыя хвіліны ён збянтэжыўся, нават разгубіўся, і толькі глядзеў, як з гэтага канца тока, над іх галавой, займалася агнём страха і ў ток усё болей наганяла дыму.
У саломе спярша прагарэла невялікая дзірка, пасля агонь ад яе хутка папоўз угору і ў бакі, затрашчаў, засквірчаў, жаручы салому і паплеціны; праз дым пасыпалася саламяная гара і вуголле. Хутка Грыбаед мусіў падацца з свайго кутка бліжэй да дзвярэй, Клава, падхапіўшы малога, таксама паўзла да дзвярэй. Увогуле яшчэ можна было трываць, калі б не дым, які ветрам гнала ў ток, і Ляўчук уяўляў сабе, што тут будзе праз некалькі хвілін, калі зоймецца ўся страха.
— Клава, — у асець! — гукнуў ён радыстцы. — Быстра!! Клаву не трэба было ўгаворваць, яна перабралася цераз парог асеці, і ён бразнуў дзвярыма — зачыніў яе там. Удвух з Грыбаедам яму стала лягчэй і больш проста, не трэба было стрымліваць свае нервы, бачачы пакуты гэтага дзяўча з малым. Пакуль у іх не стралялі, удвух яны маглі тут нешта прыдумаць, напрамую, па-мужчынску згаварыцца, што рабіць, бо жаночая бездапаможнасць абцяжарвала іх рашэнне.
— Ну, прападаць? — запытаў Грыбаед, павярнуўшы да яго змарнелы твар са счырванелымі ад дыму вачыма.?
— Хай яны прападуць! А мы яшчэ паваюем. Мусіць, перагарэўшы ў звязках, у ток бухнула крайняя кроква, абдаўшы іх роем іскраў і дробнага вуголля; Грыбаед тузануў пад сябе босыя, абпечаныя ногі, Ляўчук ботам адпіхнуў галавешку.
— Ну во, зараз згарым, — аднак спакойна сказаў Грыбаед і закашляўся.
«Так, мусіць, згарым», — падумаў Ляўчук.
Але перш чым згарэць, трэба было нешта зрабіць, хоць бы паспрабаваць зрабіць, а калі ўжо не выйдзе, дык што ж — тады ўжо гарэць.
— Грыбаед! — крыкнуў ён, таксама закашляўшыся. — Грыбаед, ану дзверы! Варухні дзверы!
Грыбаед працягнуў руку і скрыпнуў палавінкай дзвярэй, тая крыху прыадчынілася, і адразу з-за паветкі трэснулі два стрэлы. Дзве кулі выбілі па вялікай дзірцы ў тонкіх дошках дзвярэй.
— Ах, халера на іх!..
Аднак іншага выйсця ў іх не было, трэба было прарвацца з гэтага пекла, а прарвацца можна было толькі праз дзверы. Ужо палаў увесь канец тока. Уверсе гуло і трашчала. Салома і паплеціны там прагарэлі, цяпер смылелі астатнія дзве пары крокваў, па якіх вогненнымі вужакамі бегалі, выкручваліся траскучыя языкі полымя. Дол густа засыпала попелам, гарай і агнявым ашмоццем саломы. Грыбаед хутаўся ў паласатую абгарэлую посцілку. Ляўчук спахапіўся, што гараць ззаду штаны, і, пацёршыся па зямлі, ледзьве затушыў іх. Рабілася ўсё больш горача; у доле таксама ўсё скрозь дымела, дым драў горла, і слёзы, не перастаючы, ліліся па тварах, часам зусім не даючы глядзець. Толькі каля прыадчыненых дзвярэй яшчэ можна было крыху ўхапіць паветра.
У асеці таксама, мусіць, было не лепш, хоць земляная прысыпка на столі пакуль што ратавала яе ад агню, але полымя на страсе дабіралася ўжо і да асеці. Праз некалькі хвілін дзверы з яе рэзка адчыніліся і, зайшоўшыся ў кашлі, на парог павалілася Клава.
— Я не магу… Не магу болей! Ляўчук! Я пайду да іх! Каб вам… Ратуйце малога!..?
— Маўчы! — прыкрыкнуў на яе Ляўчук. — Я табе пайду! Ану паўзі сюды…
Яна падпаўзла, усё кашляючы, і ён пасунуўся ад дзвярэй, даючы ёй месца побач з сабой ля парога. Адна палавінка дзвярэй была трохі прыадчынена, у яе задзьмуваў вецер і круціў дым, які валіў — не зразумець куды — ці ў ток, ці з тока. Ляўчук пацягнуўся і аўтаматам папіхнуў яе далей — дзверы расчыніліся шырай. Зноў трахнуў стрэл, другі, адна куля ўдарыла ля самай клямкі і расшчапіла дзвярную раму; другая прайшла, мабыць, міма. Тады ён крыкнуў Грыбаеду «Трымай!», каб дзверы не зачыніліся, а сам крутануўся да Клавы.
— Давай! Чуеш! Давай хутка паўзком за маліннік! Яна падняла на яго заліты слязьмі твар і, прытуліўшы да сябе малога, глядзела на Леўчука, баючыся ці, можа, не разумеючы, чаго ён хоча. Але часу ў іх заставалася ўсё менш, ужо зырка гарэла палавіна тока, полымя асядала ніжэй і ў тым канцы ўжо жэрла верхнія вянцы зруба, было так горача, што здавалася, яны вось-вось загарацца самі. I Ляўчук, спалохаўшыся, што спозніцца, папхнуў яе да дзвярэй, яна пакорліва паднялася на кукішкі і бокам вывалілася за прыкрытую палавіну ў маліннік. Ён чакаў стрэлу, але стрэл замарудзіў, мусіць, яе схаваў дым з дзвярэй, і тыя, ад паветкі, яе не адразу заўважылі.
— Грыбаед, бі! Па іх бі! — крыкнуў Ляўчук, а сам, рызыкуючы згарэць ці задыхнуцца ў дыме, кінуўся па драбінах на асець. Яму трэба было прыкрыць яе агнём зверху, не даць застрэліць каля пажару ці злавіць у жыце, куды яна павінна была падацца. Выразна ён сам не ведаў, як памагчы ёй, не ведаў нават, колькі ў яго было патронаў у дыску, але ён узляцеў пад самы агонь на асець, да дзіркі ў шчытку.
Жыта вакол густа засцілаў дым, пасвяжэлы вецер гнаў яго клубамі ў поле; задыхаючыся, Ляўчук слізгануў па ім позіркам і не ўбачыў нікога. Магчыма, яны застрэлілі яе ў малінніку ці яна ўжо адбеглася далей або схавалася ў жыце. Сапраўды, дзве цёмныя постаці з-пад алешніку таропка стралялі кудысь праз дым, і ён, ухапіўшы ротам паветра, хуценька скіраваў на іх аўтамат. Ён выпусціў па іх з полымя і дыму ўсё, што яшчэ заставалася ў дыску, затым зноў схапіў гарачага паветра, якое апякло яго грудзі, і адчуў, што задыхаецца. У вачах у яго пацямнела, ён спалохаўся, што страціць прытомнасць, і, трохі затрымаўшыся левай рукой, рынуўся праз дзірку ў маліннік.
Ён моцна ўдарыўся сцягном аб камень, але зараз жа ўскочыў, адчуўшы, як аднекуль з-пад рук рыкашэтам пырснула куля, яна не зачапіла яго, і ён двума скачкамі, прыгнуўшыся, шыбануў у жыта. Тут яго адразу накрыла воблакам дыму, ён зноў задыхнуўся і, заблытаўшыся ў калівах, упаў, затым ускочыў, пабег, — ён з усяе сілы імкнуў ад агню, ад тока, дзе ляскалі стрэлы і, мусіць, беглі ўжо немцы. Пачалі біць і збоку — засланыя дымам каласы перад ім прашыла нізкая агніста-зеленаватая траса з алешніку, і ён кінуўся ў другі бок, далей у поле, бо шлях у алешнік быў ужо адрэзаны! Дыму, аднак, станавілася менш, ён гарачым туманам распаўзаўся над жытам, і Ляўчук, прыгнуўшыся, з усіх сіл шыбаваў і шыбаваў у ім, часам падаў, ускокваў і бег зноў. Ззаду па ім усё стралялі, нават штосьці крычалі, але ён не слухаў, ён хацеў адбегчыся як мага далей. Яму трэба было ў лес, хоць бы ў той самы алешнічак, бо ён разумеў, што ў полі паратунку яму не будзе.