Вход/Регистрация
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

Тут на старым матрацы Зося зрабiла мне прытулак. Праз другi ход, праз люк у столi над кухняй, яна прынесла прасцiну, падушку, коўдру, iнструменты, бiнты, вату, ёд.

I я зрабiў сабе аперацыю - дастаў асколак. З яе дапамогай. Перад гэтым мы паспрачалiся. Я лiчыў сябе ўжо закончаным медыкам. Медтэхнiкум, як тады называлi, курс iнстытута... Ва ўсякiм разе, даўно ўжо пазбавiўся фальшывай сарамлiвасцi, калi што тычылася хваробы. Але, ведаеш, перад гэтай дзяўчынкай мне стала сорамна агаляць сябе. Я папрасiў яе адысцi. Яна запярэчыла.

"Я нiколi не хацела быць лекарам. Але я дачка лекараў", - сказала яна рашуча.

I такi добра памагла мне. Ва ўсякiм разе, крывi не баялася i павязку зрабiла прафесiйна.

А потым прыйшоў Грот. Мы пачулi, як ляпнулi за сцяной дзверы. Зося нырнула ў люк. Цяжкiя крокi. Iх галасы, яго i яе. Словы глухлi ў сцяне. Пра што яны гаварылi? Я ненавiдзеў немца двайной нянавiсцю: i за тое, што ён афiцэр гiтлераўскай армii, i за тое, што адарваў Зосю i не дае ёй з'явiцца сюды. Аднаму мне было цяжка. Вечарэла. Узняўся вецер. Стары бляшаны дах грымеў на тысячу ладоў. А мне здавалася, што над горадам iдзе стралянiна, што крычаць жанчыны, дзецi. Уявiлiся павешаныя, так, як нi разу яшчэ за гэты доўгi i страшны дзень. Вецер гойдае iх целы. Счарнелыя твары. Счарнелы твар Паўла. Той жывы, ясны твар, па якiм заўсёды гуляла ўсмешка, то гарэзлiвая, вясёлая, то хiтрая, то сумная. Ён стаяў перада мной жывы i прасiў: "Антоша, калi са мной што здарыцца, не забудзь Тарасiка". Я не знайшоў Тарасiка. I мне хацелася раўцi ад крыўды i болю.

Пачуўся глухi барытон Савiча. Недзе ўнiзе. Туды ж спусцiўся немец. Галасы сцiхлi. Напэўна, селi вячэраць. У светлай сталовай, за круглы стол, накрыты белым абрусам. Упершыню я ўспомнiў, што цэлыя суткi нiчога не еў. Але есцi не хацелася. Гудзела ў галаве. Хто такi Савiч? Зося горача падзякавала, калi я сказаў, што ўпэўнены, што доктар Савiч не прадасць мяне. Але яна не сказала: прыйдзе тата i зробiць вам аперацыю, не павяла ў бацькаў кабiнет. Чаму? Цi скажа яна яму пра мяне?

Тысячы думак адразу. Яны палiлi мозг. Я адчуваў, што пачынаецца гарачка. Калi страчу прытомнасць, пачну трызнiць - выдам сябе, выдам яе... I я напружваў усе сiлы...

Сцямнела. А вецер не сцiхаў. Асеннi. Халодны. Злы. I я такi правалiўся ў жудасную яму. Там, клубком сплёўшыся, качалiся ваўкадавы. Гледзячы на iх, iржалi эсэсаўцы, i морды ў iх таксама сабачыя. Раптам Лучынскi страшэннай доўгай рукой, як у Вiя, паказаў на мяне: "Вось ён!" Я ўцякаў. А яны гналiся за мной. З надзвычайнай лёгкасцю я скакаў цераз парканы, цераз дамы нават. А яны не адставалi. У мяне калацiлася сэрца. Вось-вось дагоняць.

Апрытомнеў я ад дотыку да твару халоднай мяккай далонi i шэпту над вухам:

"Родненькi мой! Што з табой? Гарачка? На, выпi вось гэта. I з'еш".

У поўнай цемры дзяўчына сунула мне цёплую пляшку. Памагла падняць галаву. Я выпiў салодкую вадкасць, ад якой пахла парэчкамi i вермутам. Яна падбадзёрвала:

"Пi, пi. Ты стагнаў. Не трэба стагнаць. Нельга. Каб я магла застацца тут з табой! Я пiльнавала б цябе. З'еш вось гэта".

У руцэ маёй апынуўся кавалак мяса, вiдаць, трусяцiны.

"Яны селi гуляць у шахматы, бацька i Грот. Абодва нечым усхваляваны, нешта хаваюць ад мяне. А я - ад iх. Каб мне застацца з табой, Вiктар. Я пiльнавала б цябе".

Пiтво i ежа падмацавалi. Я зразумеў, чаго яна баiцца. Прыйшлося заспакоiць яе, што я не буду больш стагнаць i крычаць:

"Гэта ў сне. Больш спаць не буду".

Яна бясшумна знiкла. Але пакiнула мне сiлу i заспакоенасць. Цяпер я адчуваў яе прысутнасць, яе клопат. I мне не было страшна ў цемры, пад дахам, якi гудзеў i ляскатаў. Каб толькi не залiшнi быў яе клопат, а то якраз яна, а не я, можа правалiць нас. Цяпер ужо я думаў не пра сябе - пра нас.

Мне сапраўды стала лепш. Ва ўсякiм разе, прытомнасць больш не трацiў.

Недзе апоўначы пайшоў дождж. Тысячы малаткоў загрукалi па блясе. Потым па маёй галаве. Аглушылi. I я правалiўся ў пустую яму, дзе не было нi сабак, нi гестапаўцаў.

Прачнуўся, калi развiднела. Адчуванне ранiшняе - здаровае. Нават нага не вельмi балела. Больш балеў палец на руцэ, i я доўга не мог успомнiць - ад чаго. У думках - цiшыня. I на двары цiха. Ляпнула фортка. Галасы. Нехта пайшоў. Хутка з'явiлася Зося. Прынесла сняданак - кашу, малако, яблыкi. Смачна i многа. Была яна засяроджаная, сур'ёзная, не такая гаварлiвая, як учора. Паведамiла з болем i смуткам:

"Яны павесiлi адзiнаццаць чалавек. На плошчы. Якое зверства! А нашы задушылi начальнiка палiцыi", - i таксама з болем.

"Сабаку - сабачая смерць", - не вытрымаў я.

Яна глянула на мяне i... здагадалася:

"Ах! Гэта - вы?!"

Цяжка зразумець, чаго больш было ў яе воклiчы: здзiўлення, захаплення, iнтэлiгенцкай грэблiвасцi цi страху? Я спалохаўся, што цяпер гэтае аранжарэйнае дзiця будзе баяцца мяне. Страшна стане ёй заставацца адзiн на адзiн з чалавекам, якi можа вось так проста задушыць другога.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: