Вход/Регистрация
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

– Марына! Памыць. Але не рэзаць. А то кухар палавiну сажрэ. Цэленькiя. Аздобiць цыбулькай. Асобна смятану. Колькi? Шклянку смятаны. Дырэктару скажы: няхай пасыпле галаву попелам. Ад ганьбы, што наведвальнiкi прыходзяць са сваiмi гуркамi. Вось так, - зняважлiвым рухам ён шыбнуў на акно меню, як непатрэбную рэч.
– Адбiўныя.

– Колькi?

– Дзесяць. Восем з'ясi сама, - ён жартаваў груба, панура, без усмешкi, i гэта таксама абурала Тараса.
– Каньяку трыста.

– Толькi па сто.

– Толькi? А ты зрабi па трыста. Вады далi. I закон не парушаны. I мы задаволены.

Афiцыянтка засмяялася i пайшла.

Паводзiны Славiка i абуралi, i забаўлялi.

"Аблонскi! Далiбог жа. Вось тып. Хаця б спытаў, цi ёсць у мяне грошы на каньяк".

– Ты чуў? Толькi па сто.

– Правiльна. Трэба змагацца...

– З чым? Кiнь. Усё гэта ханжаства дзядзькоў, якiя п'юць дома.

– Ну, ведаеш, дай волю такiм, як ты... Налiжуцца.

– Налiжуся. Бо не выхавана культура пiцця. У Парыжы дзесяць тысяч кафэ - i п'яных няма.

– Хто табе сказаў?

– Чытаў. А ў нас тры рэстараны. А налiзваюцца штовечар.

"Ах, вось дзе тваё нутро вылазiць. Рэстаранаў мала. У Парыж табе хочацца", - з пагардай падумаў Тарас, але з-за далiкатнасцi сказаў больш мякка:

– Хто налiзваецца? Хто за бацькавы грошы п'е. А калi чалавек мазалём зарабляе... Я не бачыў сярод рабочага класа...

– Кiнь.
– Вочы Славiка непрыгожа i злосна звузiлiся, ён натапырыўся i стаў падобны на маленькага драпежнiка са сваiмi каротка падстрыжанымi, непакорлiвымi валасамi.
– I потым не рабi хоць ты гэтага iдыёцкага дзялення: ты - клас, а я - не клас. А я хто? Я таксама зарабляю свае пяцьдзесят шэсць рублёў. I адрознiваюся ад цябе адным... Табе ўсё падабаецца, ты ўсiм задаволены... А я крытыкую ўсё...

– Вось iменна, усё.

– Не лавi на слове. Гагарын паляцеў - я на галаве хадзiў на студыi. Ад захаплення. Крытыкую тое, што не падабаецца мне.

– Дрэннае i я крытыкую. Толькi не ў рэстаранах.

– А дзе? На сходзе? Не люблю сходаў.

Тарас адкiнуў далiкатнасць, спытаў з'едлiва:

– А што ты любiш, парыжскiя кафэ?

Славiк, разявiўшы рот, змоўк. Паглядзеў на Тараса так, быццам убачыў упершыню.

– Ты ведаеш, што за такiя словы б'юць па мордзе?

– Заела?

– Але чорт з табой. Слухай крамольныя думкi далей. Не люблю, калi атлусцелыя дзядзькi пачынаюць мяне вучыць...

Тараса пачала раздражняць Славiкава прэтэнзiя на глыбакадумнасць i разважлiвасць. Ён адчуваў, што гэта нават не перакананнi, а проста так модная гульня. Эклектычны набор чужых думак. Тарасу не хацелася тут, у рэстаране, пачынаць сур'ёзную спрэчку, i ён стрымлiваў сябе. Але тое, што сказаў Славiк пра настаўнiкаў, яго проста-такi ўзарвала.

– Хто гэта "атлусцелыя дзядзькi"? Бацька твой, Яраш атлусцелы?.. Майго бацьку фашысты павесiлi. Ён таксама не прыдатны табе ў настаўнiкi? Ты...

Тарас гаварыў горача, усхвалявана, хоць i не на поўны голас. Але словы яго, вiдаць, пачулi многiя. На iх пачалi звяртаць увагу. Першы гэта прыкмецiў Славiк. Азiрнуўся насцярожана, прашаптаў добразычлiва:

– Цiшэй.

Тарас схамянуўся.

Па радыё абвясцiлi, што да адыходу хуткага цягнiка "Кiеў - Ленiнград" засталася адна хвiлiна. Пасажыры паспешлiва пакiдалi залу рэстарана. На пероне жаночы голас прасiў: "Бора, пiшы! Кожны дзень пiшы!" Другi, мужчынскi: "Мама, пацалуй Аньку за мяне!"

Тарас глядзеў за акно, на зялёны вагон з шырокiмi вокнамi. У адным акне дзявочы твар, прыгожы i сумны. Тарасу стала шкада яе:

"Чаму яна такая сумная? Не трэба, слаўная дзяўчына. Жыццё прыгожае. I ў iм многа радасцi. Каб я мог падараваць табе радасць..."

Вагон цiха паплыў. Дзяўчына сустрэлася з яго позiркам. Ён усмiхнуўся ёй i развiтальна памахаў рукой. Яму таксама зрабiлася трошкi сумна. Плылi вагоны. Вокны. Твары. Многа твараў. Усё хутчэй, хутчэй... А ён, заварожаны, бачыў усё той жа дзявочы твар. Ён быў летуценнiк i фантазёр - уяўляў будучую сустрэчу з незнаёмкай. Калi нарэшце Славiк адарваў яго ад акна, Тарас убачыў, што на стале стаiць графiнчык з каньяком, гуркi, бутэлька нарзану.

– Пра што задумаўся, маэстра?

– Ды вось думаю, чаму ў разумных бацькоў растуць такiя дзецi?..

– Дурныя, хочаш сказаць? I маеш на ўвазе мяне? Добра. Вып'ем i паразважаем на гэтую тэму.

Славiк звыкла прыгожым рухам налiў у чаркi, падсунуў Тарасу гуркi. Узняў сваю чарку, прыжмурыўшы вочы, палюбаваўся на бурштынавую вадкасць.

– Будзь здароў, камбрыгадзiр!
– i, не чокнуўшыся, асушыў чарку да дна. Гурок узяў рукой i смачна захрумстаў. Усё ў яго выходзiла вельмi натуральна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: