Шрифт:
7
Гукану далажыў пра выпадак з Шыковiчам-малодшым начальнiк мiлiцыi. Старшыня выканкома выслухаў спакойна, як быццам нават без цiкавасцi. Цяжка ўздыхнуў пад канец: што толькi нi валiцца на яго палыселую галаву, усiм трэба займацца. Спытаў фiласофскi разважлiва:
– Скажы мне, Сiзоненка, хто вiнаваты, што растуць вось такiя?..
Падпалкоўнiк чвэрць стагоддзя праслужыў у мiлiцыi i навучыўся з незвычайнай пранiклiвасцю адгадваць, якi адказ патрэбны начальству ў той цi iншы момант. Толькi з Гуканам у яго гэта не выходзiла. Гукана немагчыма было раскусiць. Пры суровасцi на твары ён нечакана выяўляўся добрым i ласкавым, калi пачынаў нешта вырашаць. I наадварот, пры знешняй весялосцi i ветлiвасцi аказваўся дужа круты.
Сiзоненка ўспомнiў, што сустрэў яго старшыня жартам. Але ад мiлiцэйскiх спраў твар яго ўсё больш i больш выцягваўся, некуды ў падброўе схавалiся зеленаватыя вочы. Спытаў ён, не ўзнiмаючы галавы ад папер. Таму Сiзоненка пачаў манеўраваць:
– Усе патроху.
– Хто?
– Школа. Камсамол. Мы.
– Хто "мы"?
– Мiлiцыя, я маю на ўвазе. Не праводзiм прафiлактычных мер... Лiберальнiчаем.
– А бацькi?
– Гукан узняў галаву.
Сiзоненка ўпотай назваў сябе дурнем: заняўся самакрытыкай, чурбан! А патрэбны зусiм просты адказ.
– Бацькi - гэта само сабой... У першую чаргу, безумоўна, бацькi.
– Правiльна. У першую чаргу, - згадзiўся Гукан.
I больш нi слова пра гэта. Былi другiя справы.
Але калi начальнiк мiлiцыi пайшоў, Сямён Парфёнавiч падняўся з-за стала, на сярэдзiне кабiнета смачна пацягнуўся i бадзёра прысеў разы два, узмахваючы рукамi. Ён нярэдка рабiў такую размiнку, але тэмп яе заўсёды залежаў ад настрою: чым вышэй настрой - тым хутчэй рухi. Потым падышоў да акна, палюбаваўся на свае каштаны. Цудоўныя каштаны! Толькi гэты аднарукi "прынцыпал" на злосць яму, Гукану, шморгае лiсце. Цэлую галiну абарваў. Двойчы ўжо яны пасварылiся з-за каштана. Але гэтаму ўпартаму д'яблу лепш нiчога не казаць. Вось жа даў бог намеснiка. I за яго гарой Тарасаў.
"Разумны ты чалавек, Сяргей Сяргеевiч, але не на тых людзей арыентуешся".
Гукан падышоў да тэлефона i набраў нумар сакратара гаркома.
– Адзiн?
– Яны ўжо бачылiся сёння.
– Калi я бываю адзiн. Асвета вось сядзiць. Думаем разам. Сядзiм i думаем. А работа стаiць, - як заўсёды, з гумарам адказаў Тарасаў.
– Ты чуў, што натварыў сын Шыковiча? Чорт ведае што! Мiжнародны скандал.
Тарасаву за дзве гадзiны працы ўжо трэцi чалавек расказваў пра гэты выпадак. Скажы, калi ласка, якая падзея дня! I вось тут, у званку Гукана, ён адчуў некаторае нездаровае смакаванне факта. Зразумеў, каб гэта быў любы малады шалапут, наўрад цi надавалi б гэтаму столькi ўвагi. Але сын Шыковiча... Таму сакратар адказаў зноў-такi з гумарам:
– Мiжнародны, кажаш? Няўжо можа быць разрыў дыпламатычных адносiн?
Гукан асекся. Непрыязна падумаў: "На жартачкi збiвае. Выгарадзiць хоча".
– Ты не жартуй. Факт непрыемны.
– А я што кажу, радасны?
– Пагражаць атамнай бомбай гасцям! Што яны падумаюць пра нас?
– Калi ворагi, дык яны даўно ўжо думаюць... А калi сябры, то адзiн дурань...
– Не. Па закону аб забароне прапаганды вайны трэба сукiнага сына судзiць...
– Вось як!
– Тарасаў як бы здзiвiўся.
– Думаю, нiкога яшчэ не судзiлi па гэтаму закону. Не будзем i мы шукаць у сябе падпальшчыкаў вайны. Згодзен?
Гукан сам зразумеў, што сказаў глупства. Але гэтая манера сакратара, гэты яго няўлоўны гумар - "Згодзен?" - не першы раз ужо выводзiлi Сямёна Парфёнавiча з сябе. На дзесяць год малодшы, а размаўляе з iм, старым чалавекам, вопытным работнiкам, як з малым.
– Хопiць гэтаму "падпальшчыку" дзесяць сутак. Няхай падмяце дарожкi ў парку. А то яны засмечаны ў цябе. Брыдка хадзiць.
"У мяне. Усё ў мяне. А ў цябе што?" - зноў раздражнёна падумаў Гукан i выказаў сваю думку больш катэгарычна:
– Няма адказнасцi ў бацькоў...
– Вось гэта правiльна!
– адгукнуўся ў слухаўку Тарасаў.
– Бацькi ў нас выхаваннем займаюцца мала.
– Шыковiч прэтэндуе на ролю выхавацеля мас, а ўласнага сына распусцiў. Мнагавата мае грошай. Машына. Дача...
А вось гэта Тарасаву не падабалася. Безумоўна, бацька адказвае. Але калi з асобных фактаў пачыналi выводзiць тэорыю, што, маўляў, усе пачварныя з'явы толькi ў асяроддзi дзяцей забяспечаных бацькоў, што ва ўсiм вiнаваты дабрабыт, - гэта абурала Сяргея Сяргеевiча. Выходзiць, толькi ў беднасцi i жабрацтве можна правiльна выхоўваць. Глупства!
– Шыковiч палучае ў рэдакцыi столькi ж, колькi ўсе. Па штатнаму распiсанню, - холадна адказаў сакратар.
Гукан змаўчаў. Успомнiў, як аднойчы ў прыватнай гутарцы Тарасаў сказаў усё з той жа сваёй хiтрынкай:
"Ты ж не адмаўляешся ад ганарару за сваю кнiгу, хоць пiсаў яе не ты?"
Цяпер Сямён Парфёнавiч падумаў:
"Ясна. Стаiць за Шыковiча. Як я не ведаў дагэтуль, што яны так спаяны".
Паспрабаваў змякчыць, каб Тарасаў не падумаў, што ён хоча ўтапiць свайго сааўтара: