Шрифт:
Твой Кравец".
Напiсана алоўкам, па-расейску, з памылкамi.
Шыковiч прачытаў другi раз, трэцi, здзiўлены i ўзрадаваны. Потым з удзячнасцю паглядзеў на капiтана. Зачынiўшы сейф, Сербаноўскi круцiў на пальцы ключы i тлумачыў:
– Гэта з "архiва" следчага палiцыi Хведара Швагерава. Яго судзiлi ў сорак пятым, далi пятнаццаць год. Я вось разбiраю судовыя матэрыялы. На жаль, тады нiхто не расшыфраваў гэтай запiскi. Хто пiсаў? Калi? З якой прычыны? Вiдаць, палiчылi, што намёк на Савiча - непаразуменне. Прыйдзецца расшыфроўваць цяпер.
Яны глядзелi ў вочы адзiн аднаму, глядзелi з той шчырасцю i разуменнем, якое яднае людзей, робiць сябрамi. Сербаноўскi адчуў, зразумеў, як раптам змянiў сваю думку аб iм пiсьменнiк, i парадаваўся, хоць лiчыў, што яму не да твару выяўляць якiя б там нi было пачуццi. А Шыковiч, наадварот, адчуваў, што ён не можа, не мае права апусцiць вочы, пакуль не скажа гэтаму, на першы погляд, сухому чалавеку нейкiя асаблiвыя словы.
– Слухайце, Анатоль Барысавiч!.. Каб мы з вамi былi ў больш блiзкiх адносiнах, эх, як я зараз вылаяў бы вас! Ведаеце, ёсць такiя нецэнзурныя словы, якiя пры адпаведнай iнтанацыi лепш i мацней за любую пахвалу.
– Мне не трэба пахвалы, Кiрыла Васiльевiч. Толькi, калi ласка, не думайце, што я i мае калегi заўсёды падбiралi толькi тыя дакументы, якiя абвiнавачваюць. "На месцы вашага калегi..." Эх, Кiрыла Васiльевiч! Паверце, што для мяне самая радасная работа - даказаць, пацвердзiць сумленнасць савецкага чалавека.
Шыковiч працягнуў яму руку. Яны застылi ў моцным сяброўскiм поцiску рук.
– Памажыце нам. А я памагу вам.
– Дзякую, Анатоль Барысавiч.
15
Шматтонная станiна павольна плыла ў цесным праходзе памiж станкамi, паўсабранымi i гатовымi, шэрымi i ярка пафарбаванымi для экспарту. Высока над дахам цэха сунулася шкляная будка крана. Дзяўчына ў сiнiм чысценькiм камбiнезоне, стракатай, як вясновы луг, касынцы пiльна сачыла за рухам станiны, за людзьмi ўнiзе, занятымi працай. Зараз нехта са зборшчыкаў возьме гэтую "дэтальку", павядзе па праходу i пакажа месца, дзе яе паставiць. Павiснуць аслабленыя тросы, лёгка адчэпяцца крукi. Яна падцягне iх на небяспечную для людзей вышыню, i тады кран з грукатам i звонам ад'едзе назад. Часам ёй доўга прыходзiцца сядзець без працы, чакаць, пакуль механiкi i зваршчыкi дадуць новую цяжкую дэталь. Яна азiрае цэх з вышынi i зайздросцiць слесарам - яны працуюць увесь час ад гудка да гудка. Сярод вялiзных машын маленькiя людзi - як мурашкi. Але машыны гэтыя, прыгожыя i разумныя, збiраюцца iх рукамi. Праўда, без яе працы, без крана, яны нiчога не сабралi б, бо не здолелi б падняць нават невялiкi "вузялок". Гэтая думка заўсёды суцяшае Нiну: не апошнi "вiнцiк" i яна ў цэху.
Нiна пазванiла: "Прымайце сваю дэтальку".
З-за станка вынырнула знаёмая постаць. Хлопец у берэце спынiўся ў праходзе, спiной да яе, глядзiць некуды ў канец цэха, дзе працуюць упакоўшчыкi, i быццам не чуе i не бачыць, што на яго паўзе двухсотпудовая аграмадзiна. Нiна рэзка затармазiла кран. Станiна небяспечна гайданулася. Кранаўшчыца пазванiла гучна, злосна. Хлопец - нi з месца.
Нiна высунулася з будкi i закрычала:
– Гэй, ты! Доўга варон будзеш лавiць? Разява!
Тады Славiк павярнуўся, ухмыльнуўся на ўвесь замурзаны твар, блiснуў прыгожымi зубамi, сарваў берэт i прыветлiва махнуў iм.
– Ах, гэта вы, лэдзi?! Рады вас вiтаць! I пачуць анёльскi галасок i арыстакратычны стыль...
Але ў гэты момант нехта са слесараў заляпаў малатком так, што зазвiнеў увесь метал у цэху. Нiна не разабрала нiводнага слова. А Славiк пачуў, як яна кiнула з вышынi, як камень:
– Пiжон!
"Запiшам i гэта на твой рахунак, дарагi "дзятлiк", - падумаў Славiк i, нахiлiўшыся, спрытна нырнуў пад станiну, што па тэхнiцы бяспекi таксама забаранялася. З'явiўшыся на другiм баку, надзеў парусiнавую рукавiцу i... "павёў" станiну на месца. Рабiў ён гэта спачатку лёгка i няўважлiва, як вопытны майстар. Але паставiць "дэтальку" на месца - на другую станiну аснову станка - не так проста, як Славiку здавалася спачатку. Пры ўсiм уменнi i спрытнасцi кранаўшчыцы станiна гойдалася i адыходзiла то ў адзiн, то ў другi бок. Пасля дзвюх-трох спроб Славiк зразумеў, што яму не вытрымаць гэтага, па сутнасцi, першага экзамену, i вырашыў, што ва ўсiм вiнавата чортава "дзятлiха". Там, у будцы, яна знарок робiць так, каб паказаць яго няздатнасць. Здзекуецца. Чакай жа!
Ён задраў галаву i крыкнуў:
– Гэй,ты! Варона!
Але Нiна была такая засяроджаная, што востры тварык з доўгiм носiкам, за што Славiк адразу ахрысцiў яе "дзятлiкам", яшчэ больш завастрыўся i выцягнуўся. Славiк азiрнуўся, каб паклiкаць Тараса. Гонар дазваляў яму ў цяжкiх абставiнах звяртацца за дапамогай да Тараса i да Косцi - больш нi да каго. Але ў той мiг з'явiўся Iван Ходас. Славiка ажно перасмыкнула: зноў Ходас. Гэты востры на слова, зласлiвы i непрымiрымы Iван заўсёды аказваецца побач, калi ён, Славiк, трапляе ў няёмкае цi цяжкае становiшча. Быццам назiрае за iм.
Ходас ледзь прыкметнымi, дырыжорскiмi рухамi левай рукi паказаў Нiне, у якi бок скрануць станiну. Павёў яе на сябе, глянуў па зрэзу бакавой плiты, нiбы прыцэлiўся, i, даўшы каманду кранаўшчыцы ад'язджаць, лёгка i проста паставiў станiну на месца - паз у паз, шчылiна ў шчылiну.
Калi кран з грукатам ад'ехаў, Ходас, аглядаючы аснову будучага магутнага станка, спытаў быццам мiж iншым:
– Ты працаваць сюды прыйшоў цi забаўляцца?
– А што?
– адразу натапырыўся Славiк.
– А тое, што ў цэху працуюць. А крыўляцца можаш у парку.
– Калi я не здолеў паставiць гэтую штуковiну, значыцца, я крыўляюся? Добранькая дапамога!
Iван узняў галаву, i вочы яго, звычайна блакiтныя, як два лясныя азяркi ў ясны дзень, пацямнелi, быццам на iх упаў цень ад навальнiчнай хмары. Славiк ужо i раней прыкмецiў незвычайную зласлiвасць колеру яго вачэй i забаўляўся гэтым.
– Крыўляўся пад кранам. Вытанцоўваў перад станiнай, як дурань перад труной.
– Дзякую, маэстра. Вось гэта зусiм па-кам...
– Славiк пракаўтнуў слова, бо Iван неспадзявана схапiў яго за нагруднiк камбiнезона i гнеўна прашаптаў: