Шрифт:
– Першапачаткова нават iмя Яраша нiдзе не ўпамiналася. А ён выконваў спецзаданнi гаркома.
Тарасаў павярнуўся да столiка з тэлефоннымi апаратамi i набраў кароткi нумар.
– Ало. Вагiн? Добры дзень. Тарасаў. Многа шпiёнаў злавiў? Што? Вывелiся, кажаш? Глядзi, як бы мы не прытупiлi пiльнасць. То-та. Андрэй Астахавiч, што гэта ў цябе баяцца паказаць дакументы часоў вайны нашаму пiсьменнiку? Чалавек цiкавую працу задумаў. Трэба памагчы. Што?
– Тарасаў змоўк i слухаў даволi доўгае тлумачэнне, кiдаючы час ад часу кароткае: "Ыгы".
Кiрыла заўважыў, што ў нейкi момант ён шчыльней прыцiснуў слухаўку да вуха. Сакрэт. Кiрыла падняўся з крэсла i адышоў да акна. Неба зрабiлася шэра-попельным. Сонца рассеяла свае праменнi ў гэтых сухiх i высокiх аблоках. Не пякло больш. Але нерухомае паветра не астывала, яно як бы згушчалася, ад чаго духата нават мацнела - ажно цяжка рабiлася дыхаць.
"Але, паедзем з Парэчкам на луг. Пад навальнiцу. Станем на беразе i будзем гукаць грому: о-го-го! Некалькi гадзiн першабытнага жыцця. Васiль умее арганiзаваць яго. Каб нi пра што не думаць..."
– Добра. Давай у чатыры.
Шыковiч схамянуўся, узрадаваны, што гэта яму назначае Вагiн сустрэчу на чатыры. Глянуў на гадзiннiк: было без чвэрцi тры. Тарасаў паклаў слухаўку.
– Днi праз два яны пакажуць табе, Кiрыла Васiльевiч, патрэбныя дакументы. У такiх органах нельга без некаторых фармальнасцей.
"Два днi, якiя, напэўна, расцягнуцца ў тыдзень!" - нецярплiвы даследчык расчаравана ўздыхнуў.
Сакратар нiбы прачытаў яго думкi.
– Не бойся, гэта не будзе праз два тыднi. У чатыры Вагiн будзе ў мяне, i я яшчэ раз напомню яму. Жадаю поспеху.
На трэцi дзень пасля аперацыi Яраш нарэшце пакiнуў бальнiцу i прыехаў на дачу. З'явiўся гадзiн у пяць дня на таксi, акуратна паголены, у новай чэшскай тэнiсцы (дома ведалi, што пасля ўдалай аперацыi ён заўсёды нешта купляе), з шампанскiм, цукеркамi, падарункамi. Быў уважлiвы, далiкатны, ласкавы, быццам не бачыў сям'ю i суседзяў цэлы год.
Галiна Адамаўна ўмела сустрэць яго ўрачыста. Калi ён затрымлiваўся ў бальнiцы на суткi, на двое пасля такiх вось аперацый, у яе не ўзнiкала нiякiх дурных думак. Нiшто не псавала настрою, i яна сама радавалася, што страчае мужа з чыстай душой. Пра аперацыi яна звычайна не любiла распытваць. Але на гэты раз выпадак быў асаблiвы.
– Па тваiм выглядзе бачу, што ўсё добра. Вiншую.
– Не трэба вiншаваць, Галка. Не трэба. Ты ведаеш, я не люблю вiншаванняў, калi размова iдзе аб жыццi чалавека. Ды i не ўсё яшчэ добра.
Але калi прыбегла з лугу Наташка i павiсла на шыi, спытала таямнiчым шэптам: "Ну, як там, тата? Што?", то ён адказаў:
– Добра, Наталка. Мы з табой перамаглi яшчэ раз.
– Раскажы.
Яна адна любiла слухаць, як бацька расказваў пра сваю работу, i даволi добра ўжо для свайго ўзросту разбiралася ў хiрургiчнай тэрмiналогii. А таму Яраш ахвотна пачаў перадаваць увесь ход аперацыi, амаль гэтак жа падрабязна, як расказваў бы студэнтам, трохi хiба больш спрошчана, з меншым ужываннем спецыфiчна медыцынскiх слоў.
Мацi не падабалася гэтае дзiўнае, не па ўзросту, захапленне дачкi хiрургiяй, але яна маўчала, рабiла выгляд, што таксама слухае з цiкавасцю. Неяк раней яна аднойчы сказала:
– Антон, я зусiм не хачу, каб Наташа была лекарам. Даволi ў хаце медыцыны!
Наташа горача запярэчыла:
– Хiба дрэнна быць такiм лекарам, як тата?
– Такiх нямнога... А быць такiм, як я... Вырываць гнiлыя зубы...
Антон тады абурыўся, закрычаў, што ён катэгарычна забараняе ёй гаварыць гэтак пры дзецях аб сваёй прафесii, ды i наогул аб любой прафесii. Дзецi павiнны паважаць кожную карысную працу! З таго часу яна не перашкаджала iх медыцынскiм размовам. Толькi радавалася, што медыцына зусiм не цiкавiць сына. Але не радавалася, што ён, як бацька, галубятнiк.
Вiктар дапамагаў мацi ставiць на стол з паважнасцю дарослага. Але ў душы раўнаваў да сястры, што яна захапiла бацьку. Яму таксама хацелася пахвалiцца, што ён перабудаваў галубятню, нечакана пазнаёмiўся з галубятнiкам з суседняй вёскi, тутэйшым настаўнiкам, i выменяў у яго пару рэдкiх паштавiкоў. Але не можа ж ён вось так з бухты-барахты, як тая Наташка, кiнуцца бацьку на шыю i прапанаваць: "Хутчэй лезем на гарышча!" У самым пачатку сустрэчы з бацькам Вiця паведамiў толькi адну навiну:
– Учора, ведаеш, якая навальнiца шуганула. Франтальная. За Студзёнкай на тры кiламетры лес палажыла. Максiм Рыгоравiч кажа - тысячы дзве кубаметраў буралому.
Пра галубоў сказаў пасля полудня, калi выйшлi на двор. Сказаў стрымана, мiж iншым.
Яраш усё зразумеў. Выгукнуў, нiбы нават з крыўдай:
– Што ж ты маўчаў?
– i адразу палез на веранду. Праз колькi хвiлiн вясёлы, пранiзлiвы свiст абудзiў адвячоркавую цiшыню лесу i лугу.
Увечары, калi прыехаў з горада Шыковiч, яны палiлi свой касцёр i на агнi варылi юшку; Яраш з сынам паспелi налавiць рыбы.