Шрифт:
Вы любiце аэрадромы? Мне яны страшэнна падабаюцца. Яны чысцейшыя i больш сучасныя, чым вакзалы на чыгунках. Акуратнасць, як у аперацыйнай. Галасы на незнаёмых мовах, скалечаныя дынамiкамi, клiчуць пасажыраў у гарады далёкiя i дзiвосныя. Праз шырокiя шыбы вiдаць, як прызямляюцца i ўзлятаюць паветраныя гiганты. Гэта фантастычна i мае сваё хараство. Я паабедала, потым спакойненька села ў ангельскае крэсла, падобнае на купiну моху, i тут з дынамiкаў да мяне данеслася доўгая фраза, сэнсу якой я не ўлавiла, але пачула слова "Ню-Ёрк" i нумар майго рэйса. Устрывожыўшыся, я азiрнулася. Пасажыры ўставалi.
Па суседству са мной сядзеў у крэсле цiкавы чалавек гадоў пад сорак. Тонкiмi, зграбнымi рысамi твару, крыху ўзлахмачанымi валасамi, адкрытай шыяй ён нагадваў ангельскiх паэтаў-рамантыкаў, у прыватнасцi Шэлi. Разглядваючы яго, я падумала: "Пiсьменнiк альбо музыкант", i мне захацелася, каб ён быў маiм спадарожнiкам у самалёце. Ён заўважыў маю збянтэжанасць i запытаў па-ангельску:
– Прабачце, мадам... Вы павiнны ляцець рэйсам 632?
– Так... А што аб'явiлi?
– Што па тэхнiчных прычынах самалёт затрымлiваецца да шасцi гадзiн ранiцы. Пасажырам, хто жадае начаваць у гатэлi, кампанiя дае аўтобус.
– Якая нудота! Ехаць у гатэль, каб а пятай гадзiне ранiцы ўставаць! Гэта жудасць!.. Што вы збiраецеся рабiць?
– О! На маё шчасце, мадам, у мяне ёсць прыяцель, якi жыве i працуе тут у аэрапорце. Машыну сваю я пакiнуў у яго ў гаражы. Я вазьму машыну i вярнуся дадому.
Праз хвiлiну ён дадаў:
– Не, лепш iначай... Я скарыстаю гэту затрымку, каб паездзiць па горадзе... Я - арганны майстар i мушу час ад часу правяраць якасць маiх iнструментаў у некаторых лонданскiх цэрквах... I вось нечаканая магчымасць наведаць дзве альбо тры.
– Вы можаце заходзiць у цэрквы ўночы?
Ён засмяяўся i дастаў з кiшэнi вялiкае вясло ключоў.
– Ну так! Уночы зручней за ўсё выпрабоўваць клавiшы i трубы. Цiха, нiкога не турбуеш...
– Вы iграеце самi?
– Стараюся.
– Гэта, мабыць, вельмi добра: арганныя канцэрты ў адзiноце i змроку.
– Добра? Не ведаю. Хоць я i люблю царкоўную музыку, арганiст з мяне няважны. Але тое, што музыка дае мне шмат асалоды, чыстая праўда.
Ён падумаў хвiлiну, потым сказаў:
– Ведаеце што, мадам, я хачу прапанаваць вам нешта незвычайнае... Бачымся мы ўпершыню, i права на ваша давер'е ў мяне няма... Тым не менш, калi ў вас ёсць жаданне мяне суправаджаць, я б мог вас завезцi туды i даставiць назад. Я ўпэўнены, што вы таксама iграеце.
– Iграю. А вы з чаго ўзялi?
– Вы прыгожая, як натхнёная мара артыста. Памылiцца тут нельга.
Павiнна прызнацца, камплiмент гэты мяне крануў. Штосьцi надзвычай аўтарытэтнае было ў гэтым чалавеку. Я ведала, што блукаць па Лондане сярод ночы з незнаёмым - справа рызыкоўная. Мала што магло здарыцца. Але мне i ў галаву не прыходзiла яму адмовiць.
– Паедзем, - сказала я.
– А куды я дзену чамадан?
– Здадзiм яго разам з маiм у багажную камеру.
Я не змагу назваць нi тых трох цэркваў, у якiх мы пабывалi ў гэтую ноч, нi таго, што iграў на арганах мой таямнiчы спадарожнiк. Помню, як падымалася з яго дапамогай па крутых, вiтых лесвiцах, як месячнае праменне лiлося праз высокiя вокны, i цудоўную, велiчную музыку. Я пазнавала мелодыi Баха, Фарэ, Гендэля, але, часцей за ўсё, мой праваднiк iмправiзаваў. I тады яно ўзрушвала, брала за сэрца, быццам я чула бурную споведзь усхваляванай душы. Потым пераход да тонаў мяккiх, нябесных, поўных любвi i ласкi.
Ап'янеўшы ад гукаў, я запытала iмя вялiкага музыканта. Яго звалi Пiтэр Дэн.
– Вас чакае слава. Вы - генiй, - гаварыла я.
– Якi я генiй! Ноч i познi час стварылi вам iлюзiю. Я пасрэдны выканаўца. Але мяне натхняе вера i... ваша прысутнасць, на гэты раз.
Гэта яго заява не здзiвiла мяне i не абразiла. Пiтэр Дэн быў адной з тых асоб, з якiмi зблiжаешся хутка i лёгка. Ён быў з iншага свету, далёкi ад марнасцi зямное. Калi наведванне трох цэркваў закончылася, ён сказаў без усякай хiтрасцi:
– Цяпер каля дванаццацi. Вы не супраць таго, каб прабыць у мяне гадзiны тры-чатыры, якiя мы павiнны перачакаць? Я згатую амлет, ёсць фрукты... Заўтра ранiцай работнiца прыбярэ.
Я адчула сябе шчаслiвай, i, я ад вас не таю нiчога, а таму прызнаюся, ва мне абудзiлася няпэўная надзея, што гэты вечар даў пачатак сапраўднаму каханню. Пачуццi жанчыны ў большай ступенi залежаць ад яе ўражанняў, чым пачуццi мужчын. Гэта чароўная музыка, гэта ноч, поўная паэзii i гармонii, гэта моцная i пяшчотная рука, што падтрымлiвала мяне ў змроку, - усё спрыяла наплыву няясных жаданняў. I каб мой спадарожнiк захацеў, я б не вызвалiлася з яго ўлады... Такая мая натура.