Шрифт:
– Вось гэта, - тлумачыў дварэцкi, паказваючы на партрэт, - сэр Уiльям Спенсэр-Свiфт (1775-1835). Ён прымаў удзел у бiтве пры Ватэрлоо, быў асабiстым другам Велiнгтона. Малюнак пэндзля сэра Томаса Лоўрэнса гэтак жа, як i побач партрэт лэдзi Спенсэр-Свiфт, жонкi сэра Ўiльяма.
Наведвальнiкi зашапталiся:
– Тая самая...
Дварэцкi, ледзь прыкметна кiўнуўшы ў знак разумення i згоды, заставаўся велiчным i сур'ёзным.
– Так, - пацвердзiў ён цiха, - тая самая, што была палюбоўнiцай лорда Байрана. У яе гонар ён напiсаў славуты санет "Да Пандоры".
Двое з групы турыстаў прадэкламавалi пачатак санета.
Дварэцкi адобрыў лёгкiм кiўком галавы:
– Вы не памылiлiся... А цяпер мы наблiжаемся да сэра Роберта Спенсэр-Свiфта, сына папярэдняга (1808- 1872). Партрэт работы Джона Мiлеса.
Нахiлiўшыся да слухачоў, як пастух да авечак, ён дадаў канфiдэнцыяльна:
– Сэр Роберт нарадзiўся за чатыры гады да прыезду лорда Байрана ў Уайндхорст.
Маладзенькая дзяўчына запытала:
– А чаго Байран прыязджаў сюды?
– Таму што ён быў другам сэра Ўiльяма.
– Вунь яно што!
– згадзiлася дзяўчына.
Эрвэ Марсена адстаў ад групы, каб больш уважна разгледзець абодва партрэты. У мужа быў шырокi твар, чырвоны ад добрага вiна i свежага паветра. Ён здаваўся фанабэрыстым i сярдзiтым. Жонка была ўвасабленнем спакойнай нявiннасцi, прыгажосцi амаль нябеснай. Аднак, прыгледзеўшыся, можна было ўгадаць за чыстым позiркам вачэй прытоеную пачуццёвасць i гарэзлiвасць, нават даволi жорсткую. Малады чалавек яшчэ быў у сваiх марах, калi група турыстаў пратупала назад. Дварэцкi, нахiлiўшыся над яго вухам, ветлiва прашаптаў:
– Прабачце, сэр, цi ёсць у вас бiлет? Вы з'явiлiся пазней за ўсiх... Яны ўжо ўсё аплацiлi... Так што, калi вы жадаеце...
– Я не турыст. Лэдзi Спенсэр-Свiфт мела ласку запрасiць мяне сюды правесцi пару вольных дзён i азнаёмiцца з паперамi, якiя мяне цiкавяць.
– Прашу прабачэння, сэр. Значыць, вы i ёсць той малады француз, рэкамендаваны лэдзi Хемптан? Хвiлiначку, сэр... Я праводжу гэтых людзей, потым падымуся папярэдзiць яе мiласць. Пакой вам падрыхтаваны, сэр. Багаж у машыне?
– У мяне толькi чамаданчык.
Лэдзi Спенсэр-Свiфт у тыя днi, калi пускала ў свой замак чужаземцаў, бо гэтыя вiзiты давалi ёй права не плацiць падаткаў, самотна бавiла час у салоне на другiм паверсе. Дварэцкi прывёў француза туды. Эрвэ Марсена ўбачыў старую даму, паважную i не такую ўжо грозную. Жартаўлiвая непасрэднасць змякчала яе фанабэрыю.
– Я не знаходжу слоў, каб выказаць вам сваю падзяку, - прамовiў ён. Прыняць незнаёмага...
– Нонсэнс!
– адказала яна.
– Для мяне вы знаёмы. Вас адрэкамендавала мая лепшая сяброўка, i я чытала вашы кнiгi. Я даўно шукаю чалавека, якi з належным тактам апiсаў бы гэту гiсторыю. Мабыць, вы якраз той.
– Спадзяюся, мадам... Але цяжка паверыць, што пасля многiх выдатных ангельскiх бiёграфаў мне ўдалося выявiць паперы, якiя яшчэ нiдзе не публiкавалiся.
– Яно здарылася так, - сказала лэдзi Вiкторыя, - што, пакуль мой муж быў жывы, ён i блiзка нiкога не падпускаў да дзённiка маёй прабабкi. Небарака Аляксандр на гэты конт трымаўся старамодных звычаяў.
– А што, хiба ў гэтых паперах ёсць нешта... страшнае?
– Пра гэта нiчога не ведаю. Я iх не чытала. Не... Почырк такi дробненькi, што ў мяне баляць вочы, апроч таго, мы ўсе добра ведаем, пра што пiша жанчына ў дваццаць год, ды яшчэ закаханая.
– Але можа быць так, лэдзi Спенсэр-Свiфт, што я знайду ў гэтых паперах доказы... сувязi Байрана з прабабкай вашага мужа. У такiм выпадку цi дазволена будзе мне гаварыць пра ўсё?
Яна глянула на яго са здзiўленнем, нават з пагардай:
– А як жа. Iначай я б вас не запрашала.
– О, вы сама велiкадушнасць!.. Ёсць столькi фамiлiй, што гатовы абараняць дабрачыннасць сваiх продкаў, нягледзячы на яўныя факты, аж да трыццатага пакалення.
– Нонсэнс! Сэр Уiльям быў дубiна, ён не разумеў сваёй жонкi i, апроч таго, здраджваў ёй з усiмi навакольнымi дзяўчатамi. Ёй папаўся лорд Байран. Гэта быў не толькi вялiкi паэт, а мужчына прыгожы, як анёл, i разумны, як д'ябал. Не дзiва, што яна выбрала лепшага. Хто яе асудзiць?
Эрвэ адчуў, што спрачацца не варта. Аднак не мог стрымацца, каб не сказаць:
– Прабачце, лэдзi Спенсэр-Свiфт, вы ж не чыталi папер, то як жа вы ведаеце, што лорд Байран быў тут не як госць мужа, а выступаў у iншай ролi.
– Фамiльнае паданне, - прамовiла яна строга.
– Мой муж чуў ад бацькi, а той ад свайго бацькi. Зрэшты, доказы знойдуцца, бо, паўтараю яшчэ раз, паперы будуць у вас. Зараз я iх вам пакажу, i вы мне скажаце, як вам лепш працаваць.
Яна паклiкала свайго магутнага дварэцкага: