Вiктар Зенiч паволi пайшоў у бок бульвара. Там пад высокiм лiхтаром стаяў высокi капельмайстар i ўсё махаў рукамi, забыўшы ўсё, апрача зыкаў. А зыкi вялiкiя разбягалiся па свеце.
Вiктар Зенiч зайшоў далёка ў забульварныя вулiцы, там ужо чутны былi крыкi паравiкоў, шум нейкiх машын, што мяшаўся з прарэзлiвым ужо свiстам асенняга ветру. Гэтая шырокая сiмфонiя гучала то моцна, то зусiм цiха.
I як ападала яна нiзка, мацней беглi ў свет вялiкiя зыкi. I гаварылi яны аб вялiкасцi, аб радасцi i смутку, аб бязмернай глыбiнi жыцця.
1925
Каментары
Друкуецца па зборнiку "Пачуццi" /Менск, БДВ, 1926/. Упершыню апублiкавана ў часопiсе "Маладняк", 1926, № 10. Датуецца 14-15 кастрычнiка 1925 года.