Шрифт:
– Справядлiва замячаеце, - уставiў салодзенькiм галаском дзядзя Стафанковiч.
– Не толькi справядлiва, а дажа нават чыстая праўда, - загаварыў раптоўна худзенькi дзядок каля дзвярэй, абцiраючы мокраю рагожаю намыленыя грудзi, - я ж кажу, чалавек я просты i богабаязнены. Дзякаваць Богу, трыццаць тры гады з палавiнаю крамку бакалейную i мучную трымаў, i даводзiлася мець дзела з людзьмi ўсiх рангаў i чыноў - пачынаючы старшым чыноўнiкам на пошце i канчаючы самым апошнiм смаркачом - шаўцоўскiм чаляднiкам. I што ж вы думаеце? З практыкi, самай сiбiрнай практыкi, людзей пазнаў i магу гаварыць цяпер, вокам не маргнуўшы... Нашто вам што?! Ды ў мяне ўнук у пiнаерах. Чуеце?! Уласны мой унук пiнаер. А бацька маўчыць; малы смаркач верх бярэ над бацькам. Ды яжэлi б гэта, скажам, быў мой не ўнук, а сын, дык я яго, сукiнага сына, так бы пiнаернуў, што ён у мяне хадзiў бы, як падмецены... Гэта жартачкi? Дасць Бог дзень, людзi адзяюцца, а ён раздзяецца - усцягае на сябе нейкiя сiнiя портачкi без калошаў - адна паяснiца, ды iдзе маршыраваць па вулiцы. Па Захараўскай вулiцы маршыруе, з голымi лыткамi, у портачках без калошаў, аж усе гiзунты вiдаць. Верце маёй совесцi, справядлiвы чалавек, яй-права. I нiчога сказаць не смей - маё, кажа, права. Крыўда слухаць - малое вашанё, а яго ўжо права. Права ўжо нейкае ён, сукiн сын, пазнаў! Што вы скажаце на гэтае права?
– Каму права, каму лева, - пачуўся голас з кутка.
Гаварыў высокi i тонкi чалавек, як спiчак. I невядома, што прымусiла яго сказаць гэтыя два словы, - сказаўшы iх, ён зноў увесь увайшоў у сваё дзела: сеў на лаўку i так, як раней, не звяртаючы нi на што i нi на кога ўвагi, стаў палiваць вадой i шараваць шырокiмi далонямi доўгiя i худыя ногi. I нiчога не слухаў, нi на кога не глядзеў, маўчаў i мыўся...
Дзядзя Стафанковiч, пачуўшы яго два словы, раптам прыцiх, прысеў на лаўку, пасля ўстаў, пасля зноў сеў i зноў устаў. Падумаўшы трохi, паглядзеўшы на высокага i худога чалавека, ён тараплiва махнуў к сабе рукою рэгiстратара Валакiткiна, i ўдвух палезлi на верхнiя палаткi к Разнюхайлiну. У вялiкiм узбуджэннi яны ўсе ўтрох пасунулiся ў самы кут i сталi шаптацца.
Першым пачаў дзядзя Стафанковiч.
– Ну, браткi, i папалi, - шаптаў ён скоранька, пырскаючы слiнаю з рота i задыхаючыся ад пары i нервовасцi, - вось папалi, дык папалi, як м'яла ў кiсель. Гэта ж ведаеце, хто? Гэта ж, пэўна, камiсар якi-небудзь. Нават я прыпамiнаю, як хавалi нябожчыка, вечны пакой, Авар'яна Тофiлевiча, дык перад самаю працэсiяй быў ён, дарогу ўпоперак з тоўстым партфелем перайшоў. Здаецца, гэта ён быў, так мне ясна памятаецца. А мы тут развялi палiтычныя гаворкi, не расчомаўшы, хто ў нас пад бокам мыецца... Я хоць асцярожна ўсё гаварыў, а вы, Макей Фiлатавiч, вельмi глосне пачалi выказваць думкi свае. У выпадку чаго, дык вы павiнны ўзяць вiну на сябе, каб цераз вас, часамi, усiм нам не пастрадаць.
– Што гэта вы гаворыце, - зашаптаў, засердзiўшыся, Макей Фiлатавiч, што гэта я павiнен адказваць за чужыя грахi?!. Ды я, калi вы хочаце, маўчаў увесь час, гэта вы першыя пачалi ўсю гэту музыку, а цяпер на мяне ўзвярнуць хочаце. Ды я не пагляджу, што ў вас тры дамы, я магу за знявагу свае асобы зрабiць што хочаце!..
– Не лiшне злуйце, - ускiпеў дзядзя Стафанковiч, - вы павiнны памятаць, што я гаварыў пра палiтыку ўмеючы, вежлiва i далiкатна; i за маю палiтыку ка мне прычапiцца нiхто не мог. А вы ў нейкае Свяшчэннае пiсанне зразу ўперлiся, як чорт у грэблю, рады, што чыстапсалмiе на памяць можаце чытаць. Да я хоць чыстапсалмiя на памяць не ведаю, але перад вамi ўручаю, што не падгаджу. А вы дарэмне злуеце...
Дзядок, у якога ўласны ўнук "пiнаер", пачуўшы шэпты на палатках, зразумеў усё i сам палез наверх.
– I то, браткi, лiхое, - перабiў ён дзядзю Стафанковiча, - мыецца, лiха яму, i як бы нiчога не чуе i не бачыць, а сам усё слухае ды на вус матае.
– Так, храновае дзела выйшла, - грымучым шэптам адчаканiў Разнюхайлiн.
– Але так нiчога не паможа, а трэба павярнуць палiтыку ў другi бок.
Макей Фiлатавiч Валакiткiн раптоўна адсунуўся ў куток, пастукаў пальцам па лбу i сказаў:
– Трэба адно к яму падлашчыцца; памыць яго трэба.
– Ваш язык гаворыць мудрасць, - радасным басам грунуў на ўсю лазню Разнюхайлiн. I ўсе трое злезлi з палатак.
– Вы, пане Стафанковiч, не лiшне лезьце наперад, бо зноў бяды наробiце, - сказаў важна Валакiткiн.
– Я пачну справу, а вы пасля ўжо гуртам.
Худы i высокi чалавек, нi аб чым не дагадваючыся, мылiў голаў, прыгнуўшыся к лаўцы. Мыльныя рагi цяклi ў яго з галавы па спiне.
Валакiткiн, расплыўшыся ў шырокую ўхмылку, цiхенька падышоў к яму i стаў на пальчыках. Той нiчога не запрыкмецiў.
– Кхэ-кхэ, - уважлiва кашлянуў Валакiткiн, каб звярнуць на сябе ўвагу.
Чалавек падняў вочы i зноў апусцiў.
– Мыла ў вас, таварыш, рагамi па спiне пайшло. Гэта добра - усю гразь аб'есць.
– На тое яно i мыла, каб ад гразi баранiцца.
– Справядлiва сказалi, таварыш... Кхэ-кхэ... кхэ... кхэ... Вось лiха на яго, чалавечыя рукi кароткiя - усякае месца на сваiм целе можаш памыць, а спiны вось не дастанеш. Дайце я вам, таварыш, спiну памыю.
– Я i сам памыю.
– Вам нявыгадна, дайце я. Давайце рагожку... Просценька вы мыецеся рагожкаю... Прастата - гэта дабрачыннасць. Давайце, таварыш, адну рагожку.
Валакiткiн упiлiўся ў рагожку i стаў цягнуць к сабе. Чалавек не паддаваўся. I тут жа падаспела дапамога Валакiткiну: справа падскочыў Разнюхайлiн, злева дзядзя Стафанковiч. А дзядок не знаходзiў месца, дзе б уляпiцца, i бегаў, як апараны, вакол.
– Што вы маеце да мяне?!.
– Нiчога, таварыш, давайце рагожку.
– Ды вось мая рагожка, - вылепетаў дзядок.