Шрифт:
– Станавiцеся, таварыш, ракам або прыпiрайцеся рукамi на лаўку i падстаўляйце спiну.
– Ды я не хачу, я сам, я не прашу вас!
– Скромнасць таксама, як i прастата, дабрачыннасць. Падстаўляйце спiну.
Яны сiлаю павярнулi чалавека к сабе спiнаю i пачалi мыць. Абкацiлi вадою, абмылiлi нанава i пачалi шараваць. Дзядзя Стафанковiч вадзiў па спiне рагожаю, Макей Фiлатавiч намыльваў, дзядок палiваў вадою, а Разнюхайлiн камандаваў:
– Так, так, пабольш мыла кладзi на шыю, вось тут шмарганi, нiжэй, нiжэй; а ты вадою пад лапаткi боўтнi, ды толькi не бяры кiпню, каб не апарыць таварыша!..
– Гвалт, людзi, ратуйце, пусцеце, браткi, што я зрабiў вам... А-я-яй!.. Да я на вас заяву падам!!!
Усе ўчатырох адскочылi ад чалавека, а той, зарадаваўшыся вызваленню, кiнуўся раптам за дзверы i пачаў адзявацца.
– Што яму за лiха, ды ён папраўдзе як бы баiцца нас, - пацiснуў плячыма дзядзя Стафанковiч.
– Нiчога не баiцца, а палiтыку вядзе, - грунуў басам Разнюхайлiн. Iдзiце хто паглядзiце, хто ён такi: ваенны цi штацкi?!
Дзядзя выйшаў за дзверы.
Чалавек, адзеты ўжо ў старыя салдацкiя палатаныя порткi, паспешна нацягваў на левую нагу парваны бот, увесь запэцканы гразёю i гноем.
Дзядзя, атарапеўшы, шмыгануў назад.
– Браткi ж мае, гэта ж абарванец нейкi!
– Ну?!!
– Яй-права!
Усе выскачылi за дзверы.
– Да вы хто такi?
– запытаў Разнюхайлiн.
– Я тут служу.
– Па штацкай цi па ваеннай?
– Па штацкай.
– А кiм служыце?
– У заезджым доме Гiрша Дрэйзiна на Нямiзе, дворнiкам - гной, значыць, падчышчаю пасля коней.
– Фу ты, чорт!
Чалавек паспешна схвацiў пад паху шапку i жакетку i баязлiва выскачыў за дзверы.
Забыўшы абмыць з сябе распараную гразь i мыла, усе ўчатырох сталi адзявацца.
Не гледзячы адзiн на аднаго, моўчкi, па аднаму, сталi выходзiць.
I як, выходзячы, дзядзя Стафанковiч вiнавата глянуў на Разнюхайлiна, той апусцiў вочы i прабарматаў:
– Так, ядры яго дагары, маржовае дзела выйшла.
1924