Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Марлора прыўстаў:

— То гэта быў ты? Гэта быў ты, хлуслівы чужынскі Бог?

— Бачыш, — сказаў Юрась. — Вось ужо другі раз ты бачыш нас у твар. Сцеражыся трэцяга разу. Бога нельга выпрабоўваць тройчы.

— Гразыш. Дзіва чакаеш, тутэйшы Мухамед? Ны чакай. Дзіва бяруць у рукі моцныя мужчыны. Яны ніколі не злазяць з каня, у іх плоскія зады.

— Зручна, як выспятка даваць будзем.

Хан ужо амаль тросся. І раптам убачыў спакойны, дапытлівы позірк Хрыста. Той нібы вывучаў абрыдлівую, але цікавую жывёліну. І хан стрымаў сябе:

— Ці табе чакаць дзіва, вастразады? Багі вашыя заплылі золатам, як бараны лоем. Ты — Бог?

— Накшталт таго. Часова.

— Цікава мне будзе паглядзець, якая ў Бога кроў.

Хрыстос дастаў нож і разануў ім сябе па руцэ. На запясці.

— Вось, — спакойна сказаў ён.

— Тц-тц-тц, — сказаў хан. — Як ва ўсіх.

— Як ва ўсіх. І добрая, і злая, калі пакрыўдзяць. Таму бяры ты свае сорак тысяч грабніц для падлы дый бяжы. Таму што я сваю кроў магу паказаць, але не табе праліваць яе.

Марлора ўздзеў вочы. Ён гневаўся больш і больш.

— Вы — баязліўцы, вы — людцы. Мы гналі вас. Не паможа табе тваё дзіва, гнойны робак, сын сабакі. Хутка ты будзеш лямантаваць на палі, як ужо раз лямантаваў у Ерусаліме, і ні людзі, ні Бог твой за цябе на заступяцца! Убачыш ты яшчэ ганьбу і попел зямлі сваёй. — У глотцы хана клекатала, каламутнай плеўкай заслаліся вочы. — Вы не ўмееце бараніцца. Ханы і мулы вашы — калоцяцца, як мядузы.

— Затое люд цвёрды, як зямля вось тут, — і Хрыстос пастукаў пяткай па закляклай курганнай зямлі.

— Людзі… Людзі вашы цягнуць кожны ў свой бок. Няма і не будзе ў вас такога, як у нас. — Ён прыўстаў на калені і вадзіў каламутнымі вачыма вакол. — Вось глядзі! — І ён ляснуў у далоні. — Джанібек.

Моцны, не стары яшчэ джура* зрабіў крок наперад. Не схіліўся, не кульнуўся ў ногі, нібы разумеў, што яго чакае, і ведаў, што перад гэтым усе роўныя і нават ён, джура, ідучы на гэта, стае побач з ханам.

* Вартаўнік, воін для даручэнняў.

— Але, наймудрэйшы, — спакойна, нібы па той бок, глядзелі ластаўчыны крылы вачэй.

— Давядзі сваю адданасць ханству і мне.

— Так, тварам падобны поўні.

Міжволі халадзеючы, стаялі на схіле воіны Хрыста і ён сам. Джанібек спакойна аддаў суседу тул, шчыт, раскруціў аркан і скінуў кушак, сцягнуў кальчугу. Пасля куцапа пайшоў з кургана. Марлора глядзеў на яго з гонарам, і вецер варушыў вэлюм вакол ягонай місюркі.

Джура сышоў у поўнай цішыні. Зняў крывую шаблю — ялмань, уторкнуў яе канцамі ў зямлю. Моцна ўторкнуў. І пасля — ніхто і слова сказаць не паспеў — кінуўся на яе жыватом, націснуў, з сілаю праехаў ад пашырэння на канцы ляза ледзь не да самага эфеса.

Лязо ўсё глыбей уваходзіла ў цела, і ён апускаўся. Хрыстос стаяў белы, як папера.

— Бачыш ты, жаўтавухі?! — трыумфаваў хан.

Джанібек раптам закрычаў, грызучы зямлю:

— Не забудзь мяне ў раю Алаха, заўсёды слушны! Не абдзялі мяне, калі прывядзеш туды абраны твой народ!

Вочы ў хана ззялі. Ён пачакаў яшчэ трохі і сказаў суседу Джанібека:

— Досыць. Ён ужо знойдзе адчыненай браму эдэма. Апусці дзеля друга шаблю літасці.

Той няспешна пайшоў па схіле. Пасля знізу даляцеў шалёсткі ўдар.

— Ну, — звычайным голасам сказаў хан.

Хрыстос ужо справіўся.

— Што ж, адным ворагам меней.

— Вось чым мы перамагаем, — выскаліўся хан. — Ёсць такое ў вас? Можа быць?

— Крый Божа нас нават ад перамог, калі яны стаяць на такім. Калі ў нас будуць гэтакія перамогі — гэта канец. Яны ў нас будуць іншыя або ніякія… А за гэта твой стан я зраблю ўладаннем вожыкаў і балотам.

Спакойны гнеў кіпеў у ягоных вачах. Вочкі Марлоры ўсміхаліся, твар нібы замасліўся.

— Тц-тц-тц. Нядобра гаворыш. А як жа «ворагаў любіць»? А закон твой што гаворыць? — Хан павярнуўся адной шчакою: — Хто ўдарыць цябе ў правую шчаку тваю… — і Марлора, нібыта атрымаўшы адзін удар, павараціў галаву.

— Падстаў яму і другую, — спакойна сказаў Хрыстос.

І раптам — ніхто не паспеў заўважыць — ён нанёс хану скрышальны ўдар у зубы. Ляснулі сківіцы. Марлора пакаціўся з кургана.

Крымчакі схапіліся за шаблі. Але вакол Юрася ўжо трымцелі, накладзеныя на нацягнутыя аленевы жылы, пёрыстыя стрэлы.

— Вось так ты і будзеш ляжаць, дагары варонкаю, — сказаў Хрыстос.

Хан узняўся. Твар ягоны быў у зямлі, і нельга было не жахнуцца, гледзячы ў яго вочы. Джуры павесілі галовы, ведалі, што гэта, магчыма, апошні іхні дзень, бо сведкі ганьбы не павінны перажываць ганьбу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • 118
  • 119
  • 120
  • 121
  • 122
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: