Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Яна адчувала сябе злачынцаю. Толькі так! Ні гонару, ні ўдзячнасці не было ў душы — толькі сабачая прыніжанасць. Яна выканала б усё, што ні загадаў бы ёй кардынал. Але не гэта.

«Хай рабуе, хай блюзнерыць, хай нават павесіць самога Лотра або замахнецца на папу — я не магу… Я не магу выдаць гэтага чалавека».

Баўтрамей выскаляў рэдкія жоўтыя зубы над сваімі пляшачкамі:

— Вось тавар! Вось святы тавар! Наваліся, хто грошы мае!

Апосталы з Хрыстом сядзелі ўбаку, грэліся на вячэрнім добрым сонцы.

— Няўжо яму павераць? — спытаў няверны Тумаш.

— Усяму павераць, — змрочна сказаў Хрыстос.

— Добра, каб паверылі, — сказаў Гарганцюа — Якуб. — Здаецца, Валаамаву асліху з'еў бы. Бывала, на возеры мянёў напячэш, ды юшка з акунькоў…

Тумаш недаверліва круціў галавою.

— Але ж вера… Вера, яна…

Хрыстос раззлаваўся:

— І ахвота табе гаварыць. Ну вера, вера! Плявузгае. А ў пісанні даўно аб ёй сказана, што вось… калі будзеш мець веру велічынёй з гарчычнае зернейка і скажаш унь той Замкавай гары перайсці адсюль — яна пяройдзе.

— Ну, з зернейка ў мяне ёсць.

Ён утаропіўся на вежы, напружыўся ўвесь і заплюшчыў вочы. Пасля расплюшчыў іх — гара была на месцы.

— Храновіну гародзіш, ойча.

— Трэба практыкавацца ў веры, — сказаў Хрыстос.

— Добра. Пастараюся.

Маўчалі.

— Што Анея? — шэптам спытаў Раввуні.

— Ніч-чога. Невядома дзе. Нават апошнія чуткі заглохнулі. Сёння пойдзем на поўнач, на Вільню. Усё адно — голка ў стозе.

Да Баўтрамея падышоў багата апрануты мешчанін. Узяў бутэлечку, страсянуў:

— Ды яна ў цябе пустая.

— Не боўтай, не боўтай, кажу, пляшачкі, — узяў яго на перапуд ліцадзей. — Няшчасця хочаш? Я т-табе дам, пустая!!!

Ад гэтага тону, а яшчэ больш ад трагічнай маскі — твару, мешчанін сапраўды перапалохаўся.

— А ў ёй што?

— Уздых святога Ёсіпа Арымафейскага. Што ён уздыхнуў, яшчэ калі Хрыста распіналі.

— І ва ўсіх — уздых?

— Уздыхнуў моцна.

— А… ад чаго памагае?

— Ад запою… — натхнёна збрахаў актор. — Ад хмялення.

Мешчанін падумаў трохі, адлічыў грошы. Пасля павагаўся і… пайшоў у карчму.

— Клюнула, — сказаў Пятро.

Хвілін праз дваццаць з карчмы выскачылі з дзесятак прапойцаў, хуценька купілі па пляшцы і вярнуліся.

Яшчэ праз палову гадзіны нейкі чалавек, па выгляду слуга духоўнай асобы, купіў бутэлечку і ў завулку перадаў яе таму самаму клірыку — «мёртвай галаве».

— Эг-ге, — выскаліўся Юрась. — Ну, д-добра. Цяпер я вам пакажу… І як святой службе нас аддаваць, і камяні, і ўсё.

Праз нейкую гадзіну пайшло і пайшло. Да Баўтрамея валіў і валіў народ. І дарога ў людзей была адзіная: Баўтрамей — карчма.

Пад вечар горад нельга было пазнаць. Нагадваў ён поле страшнага пабоішча. Людзі ляжалі паўсюль: на парогах, на вуліцы, у вокнах. І было гэта страшней, чым пасля татарскага ўварвання, калі выразалі яны Наваградак пад корань. Нават пасля татар так страшна не было.

Кожны ляжаў там, дзе засцігла яго варожая сіла. У кучах ці паасобку, ніцма ці дагары.

І сапраўды, няма каму было плакаць, бо ўсе ў капе бездыханна ляжалі. Занадта бо паспадзяваліся на сілы свае і на сілу новага святога патрона.

Спаў кустод у браме. Спала варта на вежах. Нават ваявода Мартэл спаў, мармычучы ў сне:

— Пагублю мудрасць мудрацоў і розум разумных адвергну.

Першая скарысталася з гэтага Магдаліна. Проста, нібы ў свой дом, прайшла ў замак да адзінага цвярозага жыхара горада, Радшы. Ёй чамусьці зусім не хацелася ісці да яго, і ўсё ж яна пайшла. Яна шкадавала гэтага юнака, памятала пра ўсё. І хіба ён не заплаціў воляй за тое, што ўпарта хацеў толькі яе?

На жаль, нельга было выпусціць яго. Ключар запёрся ў цямніцы і налакаўся ўжо там. Але яна гаварыла з Ратмам праз краты на дзвярах, казала, што вымушана ісці далей за сваёй мэтай, але абавязкова вернецца. І плакала. А ён (твар ягоны быў нібы з крэменю) сказаў ёй, што чуў, як яе сёння хацелі забіць за яго, што ніхто не прымусіць яго да шлюбу, што ён будзе чакаць.

…А ў цемры з уздыху святога Ёсіпа Арымафейскага скарысталіся і тыя, што сабралі яго.

З мяхамі яны хадзілі з касцёла ў касцёл, з плябаніі ў плябанію, з царквы ў царкву. Па пустым, нібы вымерлым, горадзе. І мяхі іхнія рабіліся ўсё цяжэйшыя і цяжэйшыя.

Рабавалі падчыстую. За спробу выдаць кату, за спробу потым забіць, за тое, што прымхліва надзерліся, а самі паўсюль крычалі аб цвярозасці. Рабавалі так, каб назаўтра няма з чаго было прычасціць. Паціры, дзіскасы, дарахранільні, лампады, грошы з тайнікоў і скарбонак, каштоўныя камяні. Здзіралі ўсё. Палахлівы мардач Андрэй аж стагнаў, што пагоняцца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: