Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Пасля ён вытаргнуў бліскучае (сляпое аблічча ягонае ззяла нечуваным, фанатычным захапленнем) і прарыдаў у трыумфе і самазабыцці:

— Лотр!… Царква святая! Прымі ворага!

Хрыстос павярнуўся і, хістаючыся, глядзеў на яго. Усё гэта здарылася так хутка, што не мог бы мінуць час нават між адным мірганнем веяў і другім. Шэры разлічана перахапіў нож (ніхто не заўважыў як) і ўдарыў на гэты раз знізу. Але на гэты раз ён не паспеў: Юрась стукнуў яго нагою па руцэ, выбіў бліскучае і ўдарам у твар зваліў на апосталаў. Шэрага схапілі.

— Ваўкі Божыя! — у экстазе, з пенаю на вуснах крычаў шэры. — Ірвіце! Шматайце!

— Лотр? — усё яшчэ хістаючыся, перапытаў Хрыстос.

— Гляньце на лепшы мой час! — напінаўся фанатык. — На пакуту маю! Гляньце, вось ірвуць мяне, але ўражаны сын Беліяла!

Усе глядзелі на яго і на зямлю. На ёй ртутным, трохі скрыўленым языком ляжаў страшны зарукаўны ікол — паменшаная копія мяча для бою ў цеснаце. Паменшаная і, вядома, разлічаная на ўдар адной рукою.

— Чаго ж ты не падаеш?! — хрыпеў схоплены. — Падай! Падай! Душа твая ўжо ў дарозе.

— Майстра, — нават з некаторай павагаю сказаў Хрыстос. — А падаць мне — чаго ж?

Народ ахнуў толькі тут.

— Бессмяротны? — фанатык абвіснуў.

— Не дзейнічае, — загулі галасы. — Вядома, не дзейнічае. Ведаў бы, на каго руку ўздымаць.

І зноў маўчанне. І зноў людзі пачулі, як дыякан на верхніх нотах, амаль зрываючы голас, узглашае:

«Ан-на-фем-ма-а-а-ы».

— Хлопцы! — залямантаваў раптам малады. — Дык гэта што ж?! Яго гнаць будуць, праклінаць, а мы маўчым? Ён заступаецца, а мы маўчым? На яго нож імем царквы заносяць, а мы маўчым? Ды калі яны Бога клянуць, калі нож на яго заносяць — што дамы іхнія, як не гнёзды д'яблавы?!

— Раскідаць! — падхапілі галасы.

— Па бервяну разнесці!

— Гані іх з пацучынага занорка!

Натоўп рынуў да царквы.

Праз некаторы час уся яна, ад падмурка да званіцы, зырка палала: на сцены вылілі некалькі вядзёрных бутыляў з алеем. Астатнія глуха бухалі ў падклецці. Полымя, знайшоўшы цягу ў званічнай трубе, пачынала лізаць званы. У трубе круцілася і раўло, бы ў пекле, і тромб паветра, увесь час мацнеючы, пачынаў гайдаць званы. Часам яны глуха ўздыхалі.

Шэры глядзеў на агонь ненавідзячымі, нібы сляпымі, вачыма.

— А з гэтым што? — спытаў малады.

— Кінуць! — крычалі адусюль. — У агонь!

Дзесяткі рук схапілі яго і панеслі да пажарышча, узнялі, пачалі разгойдваць.

— Стой, — сказаў Хрыстос.

Дзіўна, яго пачулі адразу.

— А што, кепская з яго будзе смажаніна, хлопцы? — усміхаючыся, сказаў ён.

— Д-ды нельга сказаць, каб самы смак… — вусы сівавусага варушыліся.

— То хай ён трохі яшчэ лою нагуляе, смаркуль, — сказаў Хрыстос. — Будзе ведаць, як са сваімі цацкамі ў сур'ёзную гамонку лезці.

Людзі вызвалена зарагаталі.

— Хай паплачацца ў тых, хто даслаў, дурань няшчасны. Можа, яму цыцу дадуць.

— Няма ў іх.

— А чорт яго ведае. Там у іх адзін Лотраў прычотнік ёсць, рымлянін, то, дальбог, не разбярэш, хто ў іх там мужык, а хто баба.

— Забі, — хрыпеў кінуты. — Забі, сатана.

— Ідзі, — сказаў Хрыстос, — ідзі, пакуль не перадумаў. Бач, з ножыкам яму абысціся, бы ў свайку згуляць. Гэта ж падумаць, руку на чалавека!

Кінуты ляжаў, як мех з анучамі. Усе глядзелі. Пасля ён узняўся і павольна, не сваімі нагамі, пайшоў прэч ад агню, у цямноцце.

— Іосія, — сказаў Хрыстос, — ану, пройдзем.

Яны спусціліся па адхону да самага крайняга вогнішча, над самай ручаінай. Людзі засталіся каля царквы глядзець на агонь.

— Няма, брат, на свеце лепшага відовішча за пажар, — з павагай да іх сказаў Хрыстос. — Калі, вядома, гарыць не твая хата.

Падумаў і дадаў:

— Калі гарыць не чалавечая хата.

І сеў, скідаючы хітон.

— Паглядзі, што гэта ў мяне на спіне.

Іуда ахнуў. Хітон густа набракнуў крывёю. Сарочка была хоць выцісні.

Абмываючы цела, іудзей сказаў:

— Адно я здзіўляюся, як цярпеў? Другое я здзіўляюся, як гэта ўсё так абышлося? Проста глыбокі парэз.

— Нельга паказваць крыві, разумееш. — Шкаляр заскрыгатаў зубамі, калі сушаная трава-крываўка лягла на рану. — А наконт другога, то правільна здзіўляешся. Вялікі майстра наносіў удар. Надвае распаласаваў бы, каб не пашэнціла.

— Добрае шанцаванне. Далі былі па шыі, але пашэнціла, паспеў унікнуць. Крутануўся, і ўсяго толькі і выбілі, што восем зубоў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 124
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • 129
  • 130
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: