Вход/Регистрация
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Аблічча ў чалавека было сапраўды падобнае да аблічча старога гаротнага ката. Маленькі круглы тварык, зеленаватыя галодныя вочкі, выцертыя кароткія валасы на галаве — чорныя, у проседзь, вусы — рэдкія, спрабуюць тырчаць.

— Ты на сябе паглядзі. Вусы рэдкія, унь якія — раз.

— Раз, — паўтарыў пан Коцкі.

— Прозвішча — два.

— Каюся, два.

— Ты з'явіўся, а ў той самы дзень кот знік — тры.

— Не ведаю я гэтага. Нашто мне кот? Я і сам вечна галодны.

— Арыштавалі цябе, калі піў у карчме малако, — чатыры.

— Піў. Хацеў малачка.

— Бачыш? А які добры хрысціянін з таго часу, як першая карчма з'явілася, піў у карчме малако?! Га?!. Пераўвасобіўся воляй сатаны.

— Ды я… Што ж мне рабіць, ойча?

— Пераўвасабляйся назад, бо шкоду прынёс ты арганісту. Лаві мышэй.

— Зроду я мышэй не лавіў, — жаласна ўсміхнуўся чалавечак. — Не магу.

— Упарціцца, — сказаў камісарый. — У памылковых думках непапраўны. Адвесці да тых.

Стары апусціў галаву. І раптам Хрыстос сам адчуў, як цяжка, са свістам, ён дыхае, адчуў цеплыню нагрэтай рукаяці корда. Ён агледзеўся, нібы непрытомнасць толькі што пакінула яго.

Яны адарваліся ад усіх. Побач з ім стаяў пузаты Фама, сціскаючы шаблю. Побач з Фамою — іудзей, Ільяш, яшчэ пара апосталаў. А супраць іх стаяла некалькі дзесяткаў латнікаў з дзідамі і мячамі. Маленькі натоўп павольна знік перад вачыма Хрыста. Ён шумна ўздыхнуў.

— Нічога не здолеем, — ціха сказаў ён. — Роўна нічога. Адыдзем, Тумаш. Памаліся ты свайму Богу, Іуда, а ты, Фама, свайму. Можа, мы вымалім праклёны на іхнія галовы і на ўсё гэта паскуднае жыццё.

Яны адышлі на старое месца, адчуваючы, што яны — як пабітыя псы. Камісарый, відаць, заўважыў іхні дэмарш і сказаў голасна:

— Нагадваю жыхарам, што пры спробе вызваліць ерэтыкоў вёску спаляць, а жыхароў аддадуць святой службе… Наступны!

Падвялі бабу. Не звязаную. Стаяла яна незалежна. Камісарый, відаць, спяшаўся скончыць суд:

— Вінавацяць цябе, што адбірала ў кароў малако, крала цёплыя захады і насылала чырвоныя, што прарочаць раннія зазімкі.

— Ідзі ты ведаеш куды, поп, — сказала баба. — Калі я і вінаватая ў чым, то хіба ў тым, што рэпа мая буйнейшая, чым у жонкі агаворшчыка, святой курвы Тэадоры…

У Хрыста пацямнела ў вачах.

— Кошт буйнай рэпы, — сказаў ён.

— Д'яблавай сілай, — камісарый трымаўся за гэтыя словы, як п'яны за плот. — Ясна. Адвядзіце… Наступны.

Наступны, малады чалавек, быў настолькі зламаны катаваннем, што ледзь ішоў. Манахі спрабавалі былі падтрымаць яго пад рукі — ён гідліва адштурхнуў іх.

— Забойства клірыка, — нагадаў камісарыю пісец. — Жонка дужа веруючая.

— За што забіў? — спытаў камісарый.

— Справа не твая, казёл, — сказаў падсудны.

— Т-так, — сказаў камісарый, відаць, палічыўшы, што ў гэтым выпадку трэба даць нейкія тлумачэнні. — А між тым існуе закон, прыняты яшчэ пры пантыфікаце Стафана Восьмага, які забараняе такім мужаланам, як ты, адразу хапацца за мяла або цэп. — Ён узняў палец. — Ведай! «Міране не маюць права ніколі вінаваціць свяшчэннікаў, нават калі спаймаюць іх са сваімі жонкамі або дочкамі. Веруючыя павінны ў такіх выпадках думаць, што клірык пажадаў даць іхнім блізкім блаславенне ў больш цёплых, сардэчна-сяброўскіх і інтымных абставінах…» Н-ну? Што скажаш ты цяпер?

Твар маладога мужчыны быў бледны.

— Дай я па галаве за гэта звычайнаму чалавеку, суседу — копны суд судзіў бы за «бойку з рэўнасці». Але дай я за гэта заступніку перад Богам, уладару — і вось вы пачынаеце казаць тое, што казалі мне на прэнгу. Ужо не бойка, ужо «збіццё карыснага дзеля царквы чалавека, блажэннага дзеяча яе». І тады суда нам, простым, няма, акрамя смерці. Ужо мы зрабілі гэта, бо мы «ў змове», бо «назнарок хацелі забіць», бо «ерэтыкі і схізматыкі-дысыдэнты падбухторвалі нас». Ужо мы «змоўшчыкі, чарнакніжнікі, ворагі і паўстанцы, віжы і шпегі». Суд толькі для нас, а вы — без суда… І вось я падумаў, а чаму так? І калі няма на вас суда Божага і чалавечага, то ці не я — суд? Можа, нехта другі падумае, перш чым беспакарана рабаваць і гвалціць.

Кулакі яго сціснуліся. З лікаваннем у голасе ён сказаў:

— Я не браў мяла і цэпа. Вось пад гэтым кулаком расселася, як шкарлупіна яйка, галава гэтай збрадлівай жывёліны. Я не шкадую, абы і другія рабілі так… Таму што вы — грамада зброду, шыбенікаў, уладалюбцаў і бруднай свалаты.

— Адвесці.

У гэты момант вочы Хрыстовы зірнулі ўбок, і ён ледзь не анямеў ад здзіўлення. Тыя манахі, якіх ён сустрэў, вялі па плошчы гаспадара. Ён ішоў увесь светлы і ўсё паскараў хаду. Падышоўшы да стала, зямно схіліўся камісарыю:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: