Вход/Регистрация
Беларусы, вас чакае Зямля
вернуться

Акула Кастусь

Шрифт:

Янукоў нос пранюхаў гар дыму. Лагодна дзьмухнуў вецер i недзе ўверсе нудна скрыпнула надломанае дрэва. Прыслухоўваючыся, Янук паволi ступаў мiж бярозаў. Неўзабаве густая iх чарада ўступiла месца радзейшым кустом i воддаль мiж галiнаў Янук псасьцярог рэдкi сiняваты дымок. Непадалёк вялiкае, падоўжанае кучы хворасту й ацяробкаў на калодзе ля вогнiшча сядзеў чалавек. Па чырвоным, добра-ткi ўжо падношаным кажушку, кепцы, на правы бок галавы насунутай ды цёмных валосах Янук пазнаў Антося. Неадступным бярозавым кiем пароў ён вогнiшча.

— А, гэта ты! — адвярнуўшыся, усьмiхнуўся дзяцюк. — Добра, што прыйшоў. Я сяджу во й думаю, што ты мог-бы й пабаяцца…

— Во, а чаго? — бадзёра спытаўся Янук.

— Ну дык як гэта чаго… Пра гэты-ж во, пра Марылiн Горб дык цi мала чаго навыдумлялi. Нiбы тутака самыя чэрцi рагатыя. Пэўне-ж i сам наслухаўся!

— Чаму-ж не.

— А ты знай, што чарцей людзi стварылi. Ня веру я ў iх ды людзi, на маю думку, страшнейшыя за чарцей бываюць.

Нiколi не даводзiлася Януку на паважныя жыцьцёвыя тэмы з Антосем гаварыць i ня ведаў ён чаго спадзявацца ад Дзеркача пасьля ўчарашняга.

— Нi стаi. Бяры во якую калоду ды сядай.

Янук азiрнуўся, выцягнуў з кучы чурбан дрэва й сеў на iм ля вогнiшча, насупраць Антося.

— Нехта тут во добра пры бальшавiкох паласаваўся. Бярвеньне сьцягнуў а суччо й ацяробкi пакiнуў.

— Ага, — згадзiўся Янук.

— Ды пачакай, нiхай во балота ўмерзьнiць, от сякеры й пiлы пойдуць у работу.

— Думаеш?

— Людзём трэба дрэва. Пакуль там хто агледзiцца… От увiдзiш…

— Можа быць, — згадзiўся Янук. — Але-ж i прыгожы дзень.

— Дзень нiшто сабе мы выбралi.

Антось упарта ўглядаўся ў вогнiшча, дзе найбольш дымiў смаляк i тлела суччо, аддаючы прыемне цяпло. Дзяцюк пароў смаляк кiем. Дым iшоў амаль стоць уверх.

— Вытрубiлi мы ўчора ў Паўлоўскага бутэльку сiвухi ды яшчо кмiноўкай паправiлi. Дык, халера, галава цяжкая сягоньнiка. Але трэба было.

Гэнае «трэба было» нейкiм вiнаватым голасам сказаў i дзесьцi ўбок зiрнуў.

— Во, я ня думаў, што ты п'янiца. Ды яшчо зь кiм? Зь дзiравым шляхцiцам! — абвiнавальна кiнуў юнак.

— Чакай ты, паволi! — пагарачыўся Антось. — Ужо ты так адразу п'янiцу зь мяне робiш, а нiчога нi знаiш. Калi-б ня трэба было, дык я-б да гэтага самага шляхцюка дзiравага й на парог нагой ня ступiў.

Пры апошнiх словах бразьдзей стукаў па смаляку ў вогнiшчы Антосеў кiй. Iскры падскаквалi ўверх.

— Ты, гэта самае, чуў, што Немцы нашых восем чалавек у Глыбокiм расстралялi? I твайго дырэктара Якаўлева? Ды нашага войта Бабра?

Янук анямеў. Што выпiўка лiтроўкi ў Паўлоўскага з гэтым супольнага мела? Цяпер згадалася ўчарашняе «надта важнае». Дырэктара ў школе некаторы час ня бачыў. Казалi, што захварэў, а ягоныя лекцыi зь геаграфii й матэматыкi вялi iншыя настаўнiкi.

— Як гэта расстралялi? Калi й за што?

Антось адказаў не адразу.

— Найболi гэтых, якiх расстралялi, як кажуць, за камунiзм, дык гэта нашыя добрыя людзi. Некаторыя былi ў Грамадзе й Палякi iх судзiлi. А Немцы ў Гацях як вады ў рот набралi. Ад iх нiчога не даведаешся. Камунiсты капут, ды i ўсё! А было гэта зроблена так шыта-крыта й скора, што пакуль людзi спасьцераглi дык тых, найболi з Гацяў арыштавалi, адвезьлi ў Глыбокае й забiлi. I разам зь iмi надта важнага для нас чалавека, войта Бабра. Бандзiты! I толька таму, што наш Кастусь Падгайскi маiць у Гацях у палiцыi свайго чалавека, таму мы й знаем як i хто гэта зрабiў…

— Паляч'ё? — спытаў Янук.

— Ну а хто-ж…

— От нячыстая сiла!

Настала доўгае маўчаньне. Антось упарта пазiраў у тлеючае вогнiшча. Моцна сьцiснула бярозавую палку рука. Канец яе колькi разоў па смаляку ўдарыў, узьляцелi ўверх iскры.

— От, братка ты мой. Пакуль мы агледзiлiся, дык паляч'ё нашых самых лепшых восем чалавек зьлiквiдавала. I то не сваймi, а нямецкiмi рукамi. Падумаць, падумаць толька! Усё, што нам астаецца, дык гэта сядзець, як старыя кажуць, ды «нiхай хоць сам чорт пануiць, абы добра жыць было». А нас па аднаму, па два, па пяць, па дзесяць так i выдушаць. I чорт панаваць будзiць на касьцях нашых!

Нешта ня зусiм укладалася ў Януковай галаве. Былi складнiкi, але не атрымлiвалася сумы. «Немцы, — думаў ён, — гэта нашыя прыяцелi. А хто-ж гаспадарыў?»

— Дык пры чым тут твая выпiўка зь дзiравым шляхцiцам?

Трэба было бачыць у гэны час Антося, а асаблiва назiраць за ягонай бярозавай палкай. Нiколi Янук Дзеркача ў такiм сьвятле не разглядаў. Зямля ад зямлi. I нешта самабытнае, наскрозь здаровае, любоўю да роднага, жаданьнем справядлiвасьцi да людзей прасякнутае. Вясковы жартаўнiк, такi сабе, быццам просты дзяцюк, што, здавалася, нiкому вока не запарошыў. Людзi, вiдаць, ня зусiм яго разгледзiлi. Цяпер Янук быў упэўнены, што гэта ня хто iншы, а толькi Дзяркач той Шпунтоў лёзунг на вясковай школе спэцкаў ды бальшавiцкага гарлапана як на даланi людзям, ледзь не нагала разьдзетага, паказаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: