Вход/Регистрация
Чайка па iменi Джонатан Лiвiнгстан (на белорусском языке)
вернуться

Бах Ричард Дэвис

Шрифт:

Iмгненная страта хуткасцi на самым пад'ёме прывяла Флетчара да няўдачы: ён, раз'юшаны, перакулiўся назад i ўвайшоў у шалёны штопар, а калi, нарэшце, задыхаючыся да знямогi, выраўняўся, дык апынуўся на сотню футаў нiжэй за свайго настаўнiка.

– Дарэмна ты трацiш са мною час, Джонатан! Занадта тупы я! Я недарэка, боўдзiла! Стараюся, стараюся, а ўсё нiяк не выходзiць!

Джонатан паглядзеў на яго i кiўнуў:

– I не будзе выходзiць датуль, пакуль ты гэтак туга набiраеш вышыню. На заходзе, Флетчар, ты страцiў сорак мiляў у гадзiну! Ты павiнен рабiць тое самае, толькi плаўна. Упэўнена i плаўна, запомнiў?

Джонатан знiзiўся да вышынi, на якой знаходзiўся Флетчар.

– Давай паспрабуем разам, у шыхце. I звярнi ўвагу на набор вышынi. Заход павiнен быць лёгкi, плаўны.

Пад канец трэцяга месяца ў Джонатана з'явiлася яшчэ шэсць вучняў, усе Выгнанцы i ўсе захопленыя гэтай дзiўнай новай iдэяй - лятаць дзеля самога палёту.

Але iм усё-такi лягчэй было выконваць складаныя фiгуры найвышэйшага пiлатажу, чым зразумець запаветную мэту iх практыкаванняў.

– Кожны з нас - гэта iдэя Вялiкай Чайкi, iдэя бязмежнай волi, свабоды, гаварыў вечарамi на беразе Джонатан, - а палёты высокай дакладнасцi i складанасцi - гэта крок на шляху да выяўлення нашай сапраўднай сутнасцi. Трэба пераадолець усё, што нас стрымлiвае. Вось для чаго ўсе гэтыя ўрокi, практыкаваннi на вялiкiх i малых хуткасцях, фiгуры найвышэйшага пiлатажу...

...А яго вучнi засыналi, бо былi знясiленыя дзённымi палётамi. Iм падабалiся заняткi, таму што трэнiроўкi ап'янялi хуткасцю палёту, абуджалi прагу да ведаў, якая нарастала з кожным урокам. Але нiхто з iх, нават Флетчар Лiнд, не верыў у тое, што палёт думкi можа быць такi самы рэальны, як вецер, як палёт птушкi.

– Усё ваша цела, ад кончыка аднаго крыла да кончыка другога, - гаварыў Джонатан другiм разам, - не што iншае, як ваша думка ў той форме, якую вы здольныя бачыць. Разарвiце ланцугi, што скоўваюць вашу думку, i вы разарвяце ланцугi, што скоўваюць ваша цела...

Але якiмi б словамi нi выказваў Джонатан сваю думку, яны гучалi, як прыемная казка, а iм больш за ўсё быў патрэбны сон.

Мiнуў яшчэ месяц, i Джонатан абвясцiў, што прыйшоў час вяртацца ў Чараду.

– Мы не гатовы!
– усклiкнуў Генры Кельвiн-Чайка.
– Яны не хочуць нас бачыць! Мы Выгнанцы! Хiба мы можам iсцi туды, дзе нас не чакаюць?

– Мы вольныя i можам ляцець, куды пажадаем, быць такiмi, якiя мы ёсць, адказаў Джонатан. Ён узляцеў з пяску i павярнуў на ўсход, туды, дзе знаходзiлася родная зямля Чарады.

Вучнi на хвiлiну разгубiлiся: паводле Закону Чарады Выгнаннiк не мае права вяртацца, i нi разу за дзесяць тысяч гадоў Закон не парушаўся. Закон загадваў заставацца, Джонатан - ляцець, i сам ён быў ужо за мiлю ад iх над морам. Калi яны яшчэ прамарудзяць, ён апынецца сам-насам з варожа настроенай Чарадой.

– Але раз мы не належым да Чарады, дык можам не падпарадкоўвацца Закону, хiба не так?
– даволi ўпэўнена зазначыў Флетчар.
– Апрача таго, калi пачнецца бойка, там ад нас будзе куды больш карысцi, чым тут.

Восем чаек у шыхце падвойным ромбам, ледзь не дакранаючыся адна да адной кончыкамi крылаў, ляцелi гэтай ранiцай з захаду. Яны наблiзiлiся да Берага Рады Чарады з хуткасцю сто трыццаць пяць мiляў у гадзiну; Джонатан ляцеў наперадзе, з правага крыла ад яго - Флетчар, з левага, стараючыся не адставаць, - Генры Кельвiн. Тут увесь шыхт, як адна птушка, павольна перавярнуўся цераз правае крыло... выраўняўся... потым цераз левае... зноў выраўняўся, а вецер бязлiтасна шкуматаў iх усiх.

Крыкi i сваркi, такiя звычайныя ў жыццi Чарады, адразу ж спынiлiся, нiбы iх адрэзала вялiзным нажом гэтага шыхта, i восем тысяч вачэй, не мiргаючы, утаропiлiся на яго. Адна за адною восем птушак рэзка ўзнiмалiся ўгору, рабiлi мёртвую пятлю i, гранiчна збавiўшы хуткасць, станавiлiся на пясок як укопаныя. Потым Джонатан узяўся разбiраць палёт з такiм выглядам, нiбыта не здарылася нiчога асаблiвага.

– Пачнём з таго, - сказаў ён з ухмылкай, - што ўсе вы крышку прыпазнiлiся на агульны збор...

Нiбы гром з яснага неба ляснуў у Чараду. Гэтыя птушкi - Выгнаннiкi! I яны - вярнулiся! Але ж гэтага не можа быць. Чарада так разгубiлася, што апаска Флетчара наконт бойкi знiкла сама па сабе.

– Падумаеш, Выгнанцы, ну i хай сабе, - сказала нейкая маладзейшая чайка, але дзе i як, лiха на iх, яны навучылiся гэтак лятаць?

Мiнула амаль гадзiна, перш чым усе ў Чарадзе даведалiся пра Загад Старэйшыны: "Не звяртаць на iх увагi. Чайка, якая загаворыць з Выгнаннiкам, сама становiцца Выгнаннiцай. Чайка, якая паглядзiць на Выгнаннiка, парушыць Закон Чарады".

З гэтай хвiлiны Джонатан мог бачыць толькi шэрыя спiны, але ён, здавалася, i не заўважыў перамены. Ён праводзiў заняткi тут жа над Берагам Рады i ўпершыню пачаў прымушаць сваiх вучняў працаваць амаль на мяжы iх магчымасцей.

– Мартын-Чайка!
– чуўся ў небе яго голас.
– Ты кажаш, што ўмееш лятаць на малой хуткасцi. Гаварыць можна абы-што. Пакуль ты не дакажаш - ты нiчога не ўмееш. ЛЯЦI!

I маленькi, цiхi Мартын-Уiльям ад страху, што трапiў настаўнiку пад гарачую руку, сам сабе надзiва, пачаў тварыць сапраўдныя цуды ў палётах на малых хуткасцях. Ён навучыўся так выгiнаць пер'е, што пры сама лёгкiх павевах ветрыку, нi разу не махнуўшы крыламi, падымаўся ажно пад воблакi i вяртаўся назад на зямлю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: