Шрифт:
Трамвай накрыў Берлiёза, i пад агароджу Патрыярхавае алеi выкiнула на брукаваны каменны адхон круглы цёмны прадмет. Ён скацiўся з гэтага адхону i заскакаў па бруку Броннае.
Гэта была адрэзаная галава Берлiёза.
Раздзел 4
ПАГОНЯ
Сцiхлi iстэрычныя жаночыя крыкi, перасталi свiдраваць паветра мiлiцэйскiя свiсткi, дзве санiтарныя машыны павезлi: адна - абезгалоўленае цела i адрэзаную галаву ў морг, другая - параненую асколкамi шкла прыгожую важатую; дворнiкi ў белых фартухах прыбралi асколкi шкла i засыпалi пяском крывавыя лужы, а Iван Мiкалаевiч, як упаў на лаўцы, не дабегшы да турнiкета, гэтак i застаўся на ёй.
Некалькi разоў ён спрабаваў устаць, але ногi не слухалiся, - з Бяздомным здарылася нешта накшталт паралiча.
Паэт кiнуўся бегчы да турнiкета, як толькi пачуў крык, i бачыў, як галава падскоквала, кацiлася па бруку. Ён гэтак спалохаўся, што ўпаў i кусаў рукi да крывi. Пра звар'яцелага немца ён, вядома, забыўся i стараўся зразумець толькi адно, як гэта можа быць, што вось толькi што ён гаварыў з Берлiёзам, а праз хвiлiну - галава...
Усхваляваныя людзi прабягалi паўз паэта па алеi, нешта крычалi, але Iван Мiкалаевiч iх не разумеў.
Нечакана ля яго сустрэлiся дзве жанчыны, i адна з iх, вастраносая i проставалосая, закрычала над самым паэтам другой жанчыне:
– Анечка! Наша Анечка! З Садовае! Гэта яе работа! Узяла яна ў бакалеi алею, ды лiтроўку аб вяртушку i пабiла! Усю спаднiцу сапсавала... Вой, як яна лаялася, як лаялася! А ён, бедны, выходзiць, паслiзнуўся i паехаў на рэйкi...
З усяго сказанага жанчынамi ў збянтэжанай галаве ў Iвана Мiкалаевiча засталося адно слова: "Анечка..."
– Анечка... Анечка?..
– пачаў мармытаць паэт i ўстрывожана азiрацца. Пачакайце, пачакайце...
Да слова "Анечка" прывязалася слова "алей", а потым чамусьцi "Понцiй Пiлат". Пiлата паэт адрынуў i пачаў вязаць ланцужок ад слова "Анечка". А ланцужок гэты вязаўся вельмi хутка i прывёў да звар'яцелага прафесара.
Прабачце! Ды ён жа сказаў, што паседжанне не адбудзецца, таму што Анечка разлiла алей. I маеце - яно не адбудзецца! Мала гэтага: ён яшчэ сказаў, што галаву Берлiёзу адрэжа жанчына?! Ага, ага! Важатая - жанчына?! Што ж гэта такое? Га? Цяпер не было i кропелькi сумнення ў тым, што таямнiчы кансультант дакладна ведаў загадзя ўсю карцiну жахлiвае смерцi Берлiёза. Тут дзве думкi працялi галаву паэта. Першая: "Ён зусiм не вар'ят! Усё гэта глупства!" i другая: "Цi не падстроiў усё гэта ён сам?!"
Але, дазвольце, якiм чынам?!
– Не, пра гэта мы даведаемся!
Iван Мiкалаевiч перасiлiў сябе, устаў з лаўкi i кiнуўся туды, дзе размаўляў з прафесарам. I аказалася, што той, на шчасце, яшчэ не пайшоў.
На Броннай ужо запалiлiся лiхтары, а над Патрыярхавымi свяцiла залатая поўня, i ў месячным, заўсёды падманным святле Iвану Мiкалаевiчу здалося, што той стаiць i трымае пад пахай не кiёк, а шпагу.
Былы падлiза-рэгент сядзеў на тым самым месцы, дзе сядзеў яшчэ нядаўна сам Iван Мiкалаевiч. Цяпер рэгент начапiў сабе на нос вiдавочна непатрэбнае пенснэ, у якiм не было аднаго шкельца, а другое - трэснутае. Ад гэтага клятчасты грамадзянiн зрабiўся яшчэ брыдчэйшым, чым быў тады, калi паказваў Берлiёзу дарогу на рэйкi.
З захаладзелым сэрцам Iван падняўся да прафесара, зазiрнуў яму ў твар, пераканаўся, што нiякiх прыкмет вар'яцтва няма на гэтым твары i не было.
– Прызнайцеся, хто вы такi?
– глуха спытаўся Iван.
Чужаземец насупiўся, глянуў гэтак, нiбы ўпершыню бачыць паэта, i адказаў непрыязна:
– Не панiмай... расейскiй гаварыць...
– Яны не разумеюць!
– умяшаўся з лаўкi рэгент, хаця яго нiхто i не прасiў тлумачыць за чужаземца.
– Не прытварайцеся!
– грозна сказаў Iван i адчуў, як стала холадна ў грудзях.
– Вы толькi што цудоўна гаварылi па-расейску. Вы не немец i не прафесар! Вы - забойца i шпiён! Дакументы!
– люта крыкнуў Iван.
Загадкавы прафесар гiдлiва скрывiў i без таго скрыўлены рот i пацiснуў плячыма.
– Грамадзянiн, - зноў умяшаўся працiўны рэгент, - вы што ж гэта палохаеце iнтурыста? За гэта вы строга адкажаце!
– А падазроны прафесар напусцiў пагарду на твар, завярнуўся i пайшоў прэч ад Iвана.
Iван адчуў, што разгубiўся. Задыхаючыся, ён звярнуўся да рэгента:
– Гэй, грамадзянiн, дапамажыце затрымаць злачынца! Вы абавязаны гэта зрабiць!
Рэгент ажывiўся, усхапiўся i закрычаў:
– Якi злачынец? Дзе ён? Чужаземны злачынец?
– рэгентавы вочы радасна засвяцiлiся.
– Гэты? Калi ён злачынец, то найперш трэба крычаць: "Каравул!" А то ён уцячэ. Давайце разам. Разам!
– i тут рэгент разявiў пашчу.
У разгубленасцi Iван паслухаўся штукара-рэгента i крыкнуў: "Каравул!", а рэгент яго абмануў i нiчога не крыкнуў.
Адзiнокi хрыпаты Iванаў крык нiчога добрага не даў. Дзве нейкiя дзяўчыны шарахнулiся ад яго, i ён пачуў слова "п'яны!".
– Э, дык ты з iм заадно?
– злосна закрычаў Iван.
– Ты што, здзекуешся з мяне? Пусцi!
Iван кiнуўся ўправа, i рэгент - управа. Iван - улева, i той мярзотнiк таксама.
– Ты знарок пад нагамi блытаешся?
– азвярэла закрычаў Iван.
– Я цябе самога здам у мiлiцыю!