Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)

Аляксей Талстой
Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны
Пераклад: А.Бачыла
Джузэпэ трапiлася пад руку палена, якое пiшчала чалавечым голасам
Даўным-даўно ў гарадку на беразе Мiжземнага мора жыў стары сталяр Джузэпэ, па мянушцы Шызы Нос.
Аднойчы яму трапiлася пад руку палена, звычайнае палена, якое кладуць у печ для ацяплення ў зiмовы час.
– Нядрэнная рэч, - сказаў сам сабе Джузэпэ, - можна змайстраваць з яго што-небудзь накшталт ножкi для стала...
Джузэпэ надзеў акуляры, абматаныя вяровачкай, - таму што акуляры былi таксама старыя, - пакруцiў у руцэ палена i пачаў яго часаць сякеркаю. Але толькi ён пачаў часаць, як нечы вельмi тоненькi галасок прапiшчаў:
– Ой-ой, асцярожней, калi ласка!
Джузэпэ ссунуў акуляры на кончык носа, пачаў аглядаць майстэрню, нiкога...
Ён заглянуў пад варштат, - нiкога...
Ён паглядзеў у кошыку са стружкамi, - нiкога...
Ён высунуў галаву за дзверы, - нiкога на вулiцы...
"Няўжо мне здалося?
– падумаў Джузэпэ.
– Хто б гэта мог пiшчаць?.."
Ён зноў узяў сякерку i зноў, - толькi ўдарыў па палене...
– Ой, балюча ж, кажу!
– заскуголiў тоненькi галасок.
На гэты раз Джузэпэ спалохаўся не на жарт, у яго нават акуляры запацелi... Ён агледзеў усе куткi ў пакоi, залез нават у печ i, задраўшы галаву, доўга глядзеў у комiн.
– Няма нiкога...
"Можа, я выпiў чаго-небудзь благога i ў мяне звiнiць у вушах?" - разважаў сам з сабою Джузэпэ.
Не, сёння ён нiчога благога не пiў... Крыху супакоiўшыся, Джузэпэ ўзяў гэблiк, стукнуў малатком па задняй яго частцы, каб у меру, - не надта многа i не надта мала, - вылезла лязо, паклаў палена на варштат i - толькi ўзяў стружку...
– Ой, ой, ой, ой, слухайце, чаго вы шчыпаецеся?
– запiшчаў тоненькi галасок...
Джузэпэ выпусцiў гэблiк з рук, адступiўся назад i сеў проста на падлогу: ён здагадаўся, што тоненькiм галаском гаварыла само палена.
Джузэпэ дорыць палена, якое ўмее гаварыць, свайму сябру Карла
У гэты час да Джузэпэ зайшоў яго даўнi прыяцель, катрыншчык, якога звалi Карла.
Калiсьцi Карла ў шыракаполым капелюшы хадзiў з цудоўнай катрынкай па гарадах i спевамi i музыкай зарабляў сабе на хлеб.
Цяпер Карла быў ужо стары i хворы, i катрынка яго даўно паламалася.
– Дзень добры, Джузэпэ, - сказаў ён, зайшоўшы ў майстэрню. Чаму ты сядзiш на падлозе?
– А я, ведаеш, згубiў маленькую шрубку... Ды ну яе!
– адказаў Джузэпэ i скоса глянуў на палена.
– Ну, а ты як жывеш, стары?
– Дрэнна, - адказаў Карла.
– Усё думаю - як бы мне зарабiць на хлеб... Хоць бы ты мне памог, параiў бы, цi што...
– Вельмi проста, - сказаў весела Джузэпэ i падумаў сам сабе: "Пазбаўлюся я зараз ад гэтага праклятага палена".
– Вельмi проста: бачыш - ляжыць на варштаце цудоўнае палена, вазьмi ты гэтае палена, Карла, i занясi дадому...
– Эх-хе-хе, - нявесела адказаў Карла, - а далей што? Прынясу я дадому палена, а ў мяне нават i печкi ў каморцы няма.
– Я табе не абы-што кажу, Карла... Вазьмi ножык, выраж з гэтага палена ляльку, навучы яе гаварыць розныя смешныя словы, спяваць i танцаваць, ды i насi па дварах. Заробiш на кавалак хлеба i на шклянку вiна.
У гэты час на варштаце, дзе ляжала палена, пiскнуў вясёлы галасок:
– Брава, цудоўна прыдумана, Шызы Нос!
Джузэпэ зноў затросся ад страху, а Карла толькi здзiўлена азiраўся, адкуль голас?
– Ну, дзякуй, Джузэпэ, што параiў, вазьму, бадай-што, тваё палена.
Тады Джузэпэ схапiў палена i хутчэй сунуў яго сябру. Але цi ён нязручна сунуў, цi яно само падскочыла i стукнула Карла па галаве.
– Ах, вось якiя твае падарункi!
– пакрыўджана крыкнуў Карла.
– Даруй, дружа, гэта не я цябе стукнуў.
– Значыцца, я сам сябе стукнуў па галаве?
– Не, дружа, - вiдаць, само палена цябе стукнула.
– Хлусiш, ты стукнуў...
– Не, не я...
– Я ведаў, што ты п'янiца, Шызы Нос, - сказаў Карла, - а ты яшчэ i манюка.
– Ах, ты - лаяцца!
– крыкнуў Джузэпэ.
– А ну, падыдзi блiжэй!..
– Сам падыдзi блiжэй, я цябе схаплю за нос!..
Старыя абодва надзьмулiся i пачалi наскакваць адзiн на аднаго. Карла схапiў Джузэпэ за шызы нос. Джузэпэ схапiў Карла за сiвыя валасы, што раслi каля вушэй.