Шрифт:
– Вы шукаеце маю фотакартку?
– спытаўся ён раптам у яе.
Адразу гэтая здагадка ўсцешыла яго, але па тым, як здрыганулася дзяўчына, Дэнi зразумеў, што ён дужа памыляўся.
– Э-э... але... але, мой любы, - сказала прыгажуня, не разумеючы, цi смяецца ён, цi гаворыць сур'ёзна.
Дэнi нахмурыўся. Ён устаў, падышоў да яе i праверыў свой партфель.
– Я бачу, вы адна з тых брыдотных самак, пра непрыстойнасць якiх можна даведацца з раманаў мсье Марыяка!
– зрабiў выснову Дэнi.
– Сцерва.
Ашуканка збiралася адказаць як след гэтаму ёлупу, трасца яму ў бок, сказаць, вылаяўшыся не раз, што ён абрыдаў ёй i што яна на яго плявала, бо не такая яна дурная, каб класцiся ў ложак з такiм недаробкам дзеля задавальнення, але замест гэтага анямела ад бляску вачэй ачалавечанага ваўка. Маленькiя чырвоныя праменьчыкi працiналi i паралiзоўвалi чарнявую прыгажуню.
– Зрабiце ласку, адзеньцеся i выйдзiце хутчэй вон!
– загадаў ёй Дэнi.
Ваўкалак вырашыў раптам, каб павялiчыць эфект, завыць. Ён нiколi гэтага не рабiў, але, нягледзячы на нявопытнасць, завыў вельмi жудасна.
Напалоханая да смерцi прастытутка моўчкi мiгам апранулася i выскачыла з нумара. Дэнi застаўся адзiн - i засмяяўся. Ён адчуваў у сабе штосьцi распуснае, нешта такое, што распальвала яго.
– Гэта смак помсты, - сказаў ён сам сабе.
Ён прывёў сябе ў парадак i выйшаў. Была ноч, i бульвар залiвала цудоўным святлом.
Не зрабiў Дэнi i двух крокаў, як да яго падышлi тры мужчыны ў занадта ўжо кiдкiх светлых касцюмах, новых капелюшах i да бляску наваксаваных чаравiках.
– Пагаворым?
– сказаў худзейшы, смуглявы, з тонкiмi вусiкамi.
– Не прыкiдвайся дурнем, - працадзiў праз зубы другi, чырвоны i квадратны.
– Зойдзем сюды, - прапанаваў смуглявы, калi яны праходзiлi мiма бара.
Дэнi зайшоў. Заiнтрыгаваны, ён усё яшчэ думаў, што прыгода гэтая была толькi жартам.
– Вы гуляеце ў брыдж?
– спытаўся ён у мужчын.
– Зблытаеш нашы карты, атрымаеш па зубах - будзе тады табе брыдж, змрочна адказаў чырвоны квадратны. Здавалася, што ён быў дужа раз'юшаны.
– Вось што, шаноўны, - сказаў смуглявы адразу пасля чырвонага, - вы толькi што даволi няветлiва абышлiся з дзяўчынаю.
Дэнi зарагатаў.
– Ды ён здзекуецца з нас, морда!
– сказаў чырвоны.
– Нiчога, зараз яму стане сумна.
– Бачыш, - дадаў смуглявы, - мы крыху сябруем з гэтай дзяўчынкай.
Дэнi зразумеў усё.
– Бачу, - сказаў ён.
– Вы - "каты".
У сутэнёраў ажно твары выцягнулiся ад такой знявагi: нячаста iм даводзiлася чуть гэтую пагардлiвую мянушку людзей iх занятку.
– Ты не жартуй!
– пагрозлiва папярэдзiў Дэнi квадратны.
Дэнi паглядзеў на iх.
– Здаецца, зараз я раззлуюся, - сказаў ён рашуча.
– Такое са мной упершыню, але я пазнаю гэта пачуццё. Я шмат чытаў пра яго.
На тварах у сутэнёраў застыла збянтэжанасць.
– Ты што, фраер, думаеш нас напалохаць?
– спытаўся чырвоны.
Трэцi гаварыў мала, а сцiснуў кулак i замахнуўся, але не паспеў данесцi яго да падбародка Дэнi, як ваўкалак ухiлiўся, злавiў мужчыну за руку i сцiснуў запясце. Пачуўся хруст.
На галаву Дэнi цяжка апусцiлася бутэлька - ён заморгаў i адступiў.
– Мы цябе зараз прыдушым, - сказаў смуглявы.
Бар апусцеў. Дэнi пераскочыў столiк i квадратнага мужчыну. Збянтэжаны, той разявiў рот, але ўсё ж такi паспеў ухапiцца за замшавы ваўкалакаў чаравiк.
Адбылася кароткая бойка. Дэнi падышоў да люстэрка. Каўнер у кашулi быў разарваны, праз шчаку цягнуўся шрам, пад вокам свяцiўся "лiхтар". Ён жвава паклаў нерухомыя целы пад сядзеннямi каля стойкi. Сэрца проста выскоквала з грудзей. Ён крыху супакоiўся, ды раптам зiрнуў на насценны гадзiннiк. Было ўжо адзiнаццаць.
"Чорт!
– падумаў ён.
– Трэба ўцякаць".
Ён хутка насунуў чорныя акуляры i пабег да гатэля.
Яго душу перапаўняла нянавiсць, але Дэнi разумеў, што трэба неадкладна вярнуцца ў лес.
Разлiчыўшыся за нумар, ён узяў валiзу, ускочыў на ровар i стартаваў нiбыта чэмпiён свету па гонках на роварах.
* * *
Дэнi пад'язджаў да моста Сен-Клу, як раптам яго спынiў палiцэйскi.
– У вас што, лiхтара няма?
– спытаўся ў ваўкалака гэты маленькi, нiчым не прыкметны чалавечак.