Шрифт:
У гэты час на берагах ракi пачулася разгневанае шыпенне. Радаслаў Буслейка заўважыў, што фiялетавыя i чырвоныя шары пачалi пагрозна раздзiмацца, узбуджана скакаць. Iскры так i сыпалiся з iх. Вось яны, шчыльней згуртаваўшыся, павольна паплылi да сярэдзiны Ракi Адноўленых Твараў, дзе знаходзiўся ўшчэнт разгублены Клён, якому здавалася, што ён скрануўся з глузду.
– Спынiцеся, Фiялетавыя i Чырвоныя Браты!
– гучна прамовiў зялёны плазмоiд.
– Падумайце, што болып: два кланы цi пяць кланаў?
Але тыя павольна падплывалi ўсё блiжэй.
– Мне страшна, - умольна пазiраючы на Радаслава, дрыготкiм голасам прамовiла Вера Хрысцiнюк.
– Дайце сваю руку, - загадаў ёй Радаслаў.
Яны памкнулiся адно аднаму насустрач, ледзь не ўпалi з дыскаў, i ўсё ж Буслейку ўдалося падцягнуць яе разам з дыскам да сябе. Трое зямлян: жанчына, мужчына i падлетак i зялёны плазмоiд побач з iмi насцярожана сачылi за няўмольным наблiжэннем раз'юшаных чырвоных i фiялетавых шароў.
– Мы апынулiся памiж молатам i кавадлам, - цiха сказаў Радаслаў, моцна сцiскаючы вузкую цёплую далонь Веры.
I тут зялёны плазмоiд, рэзка ўзвiўшыся ўгору, каменем упаў адтуль унiз, пляснуўся аб застылую паверхню Ракi Адноўленых Твараў, рассыпаўшыся на сотнi дробных рознакаляровых кавалачкаў-iскрынак. "Ахвяраваў сабой", - зразумеў Радаслаў.
Тое, што яны ўбачылi адразу ж пасля самагубства зялёнага шара, пераўзыходзiла ўсе самыя фантастычныя мроi на палотнах мастакоў-сюррэалiстаў. Рака зараўла, як параненая мядзведзiца. Мноства яркiх, самых розных колераў i адценняў пухiроў з'явiлася, ускочыла па ўсёй яе шырынi. Некаторыя з iх звонка, аглушальна лопалiся, але большасць адрывалася ад ракi, пакiдаючы на сваiм месцы варонкi, i ўзлятала ў паветра. Яны iмгненна групавалiся, ствараючы элiпсавiдныя колы, i рашуча кiравалiся насустрач фiялетавым i чырвоным плазмоiдам. Вось пярэднiя сутыкнулiся, загрымеў гром, блiснулi зiхоткiя маланкi, гарачы вецер нясцерпна пайшоў наўкол. Магутным парывам Радаслава скiнула з дыска, i ён паляцеў (Вера Хрысцiнюк ляцела разам з iм) над Ракой Адноўленых Твараў, у якой здранцвела стаяў Клён Дубровiч. Ён баяўся, каб iх не ўдарыла аб металiчны бераг, але iм пашанцавала, i яны ўпалi ў мяккi зялёны пясок i нейкi час ляжалi нерухома. Дзiкая бура свiстала, грукатала над iхнiмi галовамi, разломваючы неба. Асляпляльныя маланкi ўспыхвалi адна за адной i мелi форму крыжоў, востраканцовых зорак, вогненных мядуз.
– Што з Клёнам?
– у роспачы закрычала Вера Хрысцiнюк.
– Ён у рацэ, - давячыся ветрам, адказаў Радаслаў.
– Як нас несла сюды, ён стаяў у рацэ.
– Бедны хлопчык, - сумна прамовiла Вера.
– Ды i мы з вамi, Радаслаў, няшчасныя бедныя людзiч Вы адчуваеце сваю нiкчэмнасць, поўную безабароннасць сярод гэтага незразумелага вар'яцкага хаосу?
– Я?
– спытаў Буслейка.
– Нi кропелькi не адчуваю. Мы - зямляне, Вера. I гэтым сказана ўсё. I я зараз жа iду шукаць Клёна. А вы заставайцеся тут, чакайце.
– Я таксама пайду.
– Не трэба. Там небяспечна. Я хутка вярнуся.
Радаслаў, нiзка прыгнуўшыся, закрываючы вочы рукамi, цяжка пакрочыў да Ракi Адноўленых Твараў. Ён адчуваў, як гарачым ветрам яму абсмальвае шчокi. Грымела з усiх бакоў, зверху. Здавалася, яшчэ iмгненне i яго наскрозь пранiзае смертаносны востры рог маланкi. Зямлю пад нагамi ("Як завецца тут тое, па чым я iду?
– падумаў ён.
– Вар? Варыт?") залiвала зялёным, вельмi яркiм святлом.
– Клён?
– крыкнуў Радаслаў.
– Клён, дзе ты?!
Раптоўна, як па ўзмаху нейкай чароўнай палачкi, усё сцiхла, адразу ж праяснiлася неба, Рака Адноўленых Твараў нерухома ляжала перад Буслейкам, толькi "вады" ў ёй было трохi менш, бо металiчны блiскучы бераг цягнуўся да самага небасхiлу шырэйшаю паласой. Клён стаяў на тым жа месцы, дзе яго заспела нечаканая бiтва-вiхура плазмоiдаў. Проста ў яго над галавой, як шчыт, што прыкрывае ад удараў, вiсела група плазмоiдаў, каля васьмi дзесяцi шароў.
– Радаслаў Алесевiч!
– радасна закрычаў Клён, убачыўшы Буслейку.
– Якоё шчасце, што вы жывыя! А я ўжо думаў - нiколi не сустрэнемся. Так грымела, так грымела.
Ён палахлiва зiрнуў на чыстае зялёнае неба, на якiм не было нi хмурынкi, толькi дзе-нiдзе лёталi вялiзныя крангi, моцна сцiскаючы ў кiпцюрыстых лапах свае пярэстыя яйкi.
– Што гэта за птушкi?
– спытаў Клён.
– Не ведаю, бо ўсяго другi дзень гасцюю на гэтай планеце, - весела адказаў Радаслаў.
– Падобны на нашых зямных грыфаў - такiя ж голыя шыi.
Буслейка быў вельмi задаволены, што Клён жывыздаровы. Гэты падлетак паспеў ужо запасцi яму ў сэрца сваiм трагiчным лёсам, сваёй напорыстай весялосцю, дый проста тым, што быў, як i ён, як i Вера, зямлянiнам. За некалькi дзесяткаў парсекаў ад Зямлi такое адчуваецца надзвычай востра. Сусвет напоўнены мноствам жывых iстот, але Чалавек, куды нi пракладзi курс касмiчных караблёў, адзiн, непаўторны, i ўдалечынi ад роднай блакiтнай планеты яго сустракаеш, як Брата. Вядома ж, куды лепш напаткаць у касмiчным вандраваннi не васьмiлапага звышразумнага павука, не генiяльнага суперiнтэлектуальнага яшчара з касцiстым грабянцом на шурпатай спiне, а двухногага i двухвокага нашчадка Адама, якi мае адну галаву i адно чалавечае сэрца.
Да Ракi Адноўленых Твараў ужо бегла Вера Хрысцiнюк. Шчасцем свяцiлiся вочы. Некалькi хвiлiн назад яна думала, што i Радаслаў i Клён загiнулi, што яе таксама чакае непазбежная смерць на гэтай жахлiвай планеце, дзе люта б'юцца памiж сабой не людзi, не страшыдлы, а нейкiя шары.
– Радаслаў!
– закрычала яна.
– Клёнiк! Даражэнькiя вы мае!
Клён спахмурнеў, убачыўшы Веру. Успомнiлася, як некалi на Чорным Хутары яна пажадлiва, з бляскам у вачах глядзела на ягонага бацьку. Зараз чамусьцi яму кiнулася ў вочы, што ў яе дужа белыя, як снежныя, зубы, i гэта было непрыемна. Каб неяк вылузнуцца з прыкрага становiшча (усё ж Вера - зямлянка, а тут, на планеце Вар, iм, зямлянам, трэба трымацца дружна, разам), ён сказаў: