Шрифт:
Святар сказаў мне:
– Зайдзiце, калi ласка, распiсацца ў рэестры.
Я павярнуўся да садоўнiка:
– А цяпер ляцiце дамоў i адразу сагрэйце дзiця.
I я даў яшчэ некалькi парад, каб пазбегнуць, калi не позна, запалення лёгкiх.
Бацька паабяцаў зрабiць усё як трэба i пайшоў разам са швагеркай i нянькай. А мы з плябанам зайшлi ў рызнiцу.
Калi я распiсаўся, ён папрасiў пяць франкаў на выдаткi.
Я, канечне, адмовiўся, бо ўжо даваў дзесяць франкаў бацьку. Плябан гразiў парваць пасведчанне i скасаваць хрышчэнне. А я палохаў яго пракурорам рэспублiкi.
Мы доўга спрачалiся, я нарэшце заплацiў.
Дома я адразу пабег глядзець, цi ўсё было ў парадку. Кiнуўся да Керандэк, але бацька, швагерка i нянька яшчэ не вярнулiся.
Парадзiха самотна трэслася ад холаду ў сваiм ложку, была галодная, бо суткi як не ела.
–  Дзе ж, халера, яны падзелiся?
–  спытаў я. 
Жанчына без усякага подзвiгу i злосцi адказала:
– Мусiць, зайшлi недзе выпiць. Такi звычай.
Тут я прыгадаў свае дзесяць франкаў, пазычаныя на царкву i прапiтыя ў карчме.
Я загадаў прынесцi мацi булёну i добра напалiць у камiне. Занепакоены i злы, я паабяцаў сабе прагнаць гэтых нягоднiкаў i са страхам падумаў пра лёс беднага хлапчаняцi.
А шостай вечара яны яшчэ не вярнулiся. Загадаўшы слузе дачакацца iх, я лёг спаць. Заснуў адразу, бо сплю як сапраўдны марак. На золку мяне разбудзiў слуга, якi прынёс цёплай вады галiцца.
Я спытаўся ў яго, як толькi расплюшчыў вочы:
– Што з Керандэк?
Стары вагаўся, а потым прамармытаў:
– О! Пане, ён вярнуўся апоўначы п'яны як гразь. Кермаган з нянькай таксама. Веру, што яны начавалi ў канаве, а малое памерла, яны i не заўважылi.
Я з крыкам падскочыў:
– Дзiця памерла?
– Памерла, пане. Яны паказалi яго мацi Керандэк. Тая ў слёзы. I яе напаiлi, каб суцешыць.
– Як гэта, напаiлi?
– Так, пане. Але пра ўсё я даведаўся ранiцай, толькi цяпер. Як у мужа не засталося нi гарэлкi, нi грошай, ён налiў бензiну з лямпы, што дала iм вашэцi; яны выпiлi на чацвярых колькi там заставалася ад лiтра. Ды так насцябалiся, што парадзiха цяпер ляжыць хворая.
Я паспешлiва адзеўся, схапiў кiй, прагнучы забiць усю гэту нелюдзь, i кiнуўся да садоўнiка.
Атручаная бензiнам, Керандэк канала побач з сiнiм трупiкам свайго дзiцяцi.
Муж, нянька i швагерка храплi проста на зямлi.
Я быў пры жанчыне, пакуль яна апоўднi не памерла.
Стары доктар змоўк. Ён зноў узяў бутэльку, налiў сабе яшчэ, паглядзеў, як празрыстае пiтво ззяе ў святле i робiцца сокам з расплаўленых тапазаў, i адным глытком каўтнуў гарачую, атрутную вадкасць.