Гейм Стефан
Шрифт:
А жанчына падымае руку і, убачыўшы, што людзі ўраз захлябенілі пашчы, заяўляе звонкім, урачыстым голасам, што яна прынцэса Гэлена, малодшая й самая любімая дачка Трапезундзкага князя, які, як высокі герцаг, служыць пры двары магутнага султана; але што яна пакінула бацьку й маці й прыгожы гарэм у Канстанцінопалі, дзе ёй толькі птушынага малака не хапала, дзе было ўсё, чаго толькі душа жадала, убраньне і ўборы й шаўковыя падушкі й чорныя рабы ў абслузе, каб вахлярамі абмахвалі, бо ў ноч перад яе васемнаццатым днём нараджэньня зьявіўся ёй Вечны Жыд Агасфэр, асуджаны нашым Госпадам Ісусам Хрыстом на вечнае блуканьне аж да суднага дня, і яна навярнулася ў правільную веру ў нашага Госпада Ісуса Хрыста, у вечнасьць. І з таго часу ўсюды сьледуе за Вечным Жыдам Агасфэрам, які ня можа памерці і ўвесь час пастаянна ўзнаўляецца на шляхах сваіх, а яна яму як бы нябесная нявеста, каб сьведчыць людзям пра веліч Бога й пакуты нашага Госпада Ісуса Хрыста, якія Вечны Жыд бачыў на свае жывыя вочы, і ён потым сам выступіць і пакажа ўсяму народу свае памечаныя крыжавымі стыгматамі ногі й простымі словамі раскажа, як наш Гасподзь Ісус гутарыў зь ім і як пракляў яго за вялікую бессардэчнасьць, у якой ён, небарака й гаротнік, вось ужо тысяча пяцьсот дваццаць два гады раскайваецца. А каго не кране шчырая гісторыя-споведзь, той хай пасьля спакойна дыбае сваёй дарогай, Вечны Жыд усё ім даруе, і наш Гасподзь Ісус Хрыстос даруе таксамака; калі ж каму дойдзе да мозгу касьцей, як яно й павінна даходзіць шчыравернаму хрысьціяніну, той пасьля можа купіць ілюстраваны, выдатна надрукаваны скрутак з гісторыяй пракляцьця Вечнага Жыда Агасфэра і ўкіне сваю лепцінку ў кубак, якім яна абнясе людзей, бо яна й гер Агасфэр хацелі б і ў іншых месцах далучыць людцаў да гэтай весткі.
Айцэну як зарвала, так і стаіць усё яшчэ. Ці мог ён тады, пасьля той вечарыны ў доме ў магістра Мэланхтона, сваёй затуманенай віном галавой нават блізка падумаць, што той настырны малады жыдок, які трымаў Маргрыт на каленях і рабіў зь ёю і так і гэтак, мог мець хоць якое б там ні было дачыненьне да Вечнага Жыда, але ў сьвятле наступнага дня адагнаў яго ад сябе як чыстую прымару й насланьнё. А тут яшчэ й каб сама прынцэса Гэлена з Трапезунда, якая служыла ў яго сябра пакаёўкай, апратвала нанач пасьцель і выносіла начны посуд за ім, былым студыёзусам Айцэнам, і пры гэтым два мясістыя паўмесяцы ззаду пад спадніцай так панадна перашавельваюцца: вой, няўжо мы й праўда ўсе «сукупнасашчэпленыя», і хто ж тады той другі, што засеў у ім?
Лёйхтэнтрагер, здаецца, усё яшчэ сядзіць на ўслончыку каля гасьцініцы, п'е сваё віно й не здагадваецца пра буру ў грудзях магістра Айцэна, якога так і падсьцёбвае ўскочыць на той памост і залезьці прынцэсе Гэлене пад камізэлю і ў шаравары, і не таму, што яму наўме нейкія там вашыя брыдоты, не, з чыстай цікаўнасьці й прагі пазнаньня; але й так куды б ён дайшоў, бо ж людзі навакол толькі хочуць ведаць, як там тое было з праклінаньнем Жыда, але, канечне, ня ён адзін хацеў бы пашураваць у гэтым вышытым капшучку, толькі ж ніхто гэтага ня робіць.
Прынцэса Гэлена тым часам павесіла на планку вялікую табліцу, на якой, табліцы, быў відзён рыжабароды Ісус, апрануты ў прыгожа афарбаваную пурпуру, зь зялёным цярновым вянком на галаве, перад ім воіны паказваюць яму язык і крывяць пачварныя твары і ўсяляк зьдзекуюцца й насьміхаюцца зь яго, а адзін нават б'е кіем па галаве.
І пры гэтым яна дэклямуе ўзьнёслым голасам і з правільным націскам:
Вы бачыце, як зброд служак сьмяецца з Госпада ўсяляк, шалёна зьдзекуецца, б'е і шкумутаніць, і плюе. Ён церпіць зьдзекі, глум і сьмех за нашыя правіны й грэх.Айцэн думае, што гэта зусім ня той задзірлівы тон, у якім Маргрыт цэлы час гаварыла зь ім, ня тая мова, якой яна карысталася; па ўсім адчуваецца, што тая, хто так свабодна, не заікаючыся, не запінаючыся, прамаўляе прыгожы вершык, паводле вымаўкі й складу, паводле таго, як спрытна хлешча языком, яна хутчэй за ўсё знатная дама, хай сабе прынцэса з Трапезунда, хай скуль бы там ні была. Тым больш гэта хвалюе яго, ён азіраецца, шукаючы свайго сябрука Лёйхтэнтрагера, бо той лепш за каго другога патрапіць сказаць яму, якія такія акалічнасьці павязваюць яго з усім гэтым; але таго зноў дух прастыў, а турчанка Гэлена тым часам выставіла новую табліцу, пасярэдзіне якой зноў-такі Гасподзь Ісус, гэтым разам у белай сарочцы, і сакавітыя пурпуровыя кроплі крыві адна за адной зьбягаюць па скажоным ад болю твары, між тым як ён, угнуўшыся пад цяжарам, нясе крыж пад мілаўбольнымі позіркамі заплаканых жанчын, якія заломваюць рукі каторыя перад грудзьмі, каторыя за галавой. Прынцэса Трапезундзкая, указваючы левай рукой на карціну, правую малітоўна ўзносячы ў неба, прасякаецца яшчэ больш палкай пабожнасьцю.
Вось ён ідзе угору з крыжам, сухія губы сьмягла ліжа, але далей ідзе Ісус, пакутны тарабаніць груз. Жанчыны плачуць. Ім Хрыстос: «Іду! Пакіньце вашых сьлёз!»Калі толькі Айцэн нешта ведае зь Бібліі, дык менавіта гэтую гісторыю, якую сёньня ведаюць усе людзі; тым ня меней яны стаяць, як прыкаваныя, у клубах чаднага поту й цыбулі, яны амаль ня дыхаюць, у таго вунь старога сьліна цячэ па барадзе, а ён і не зважае, другі, забыўшыся, іста чухае задніцу; але прыгажуня Гэлена хуценька мяняе табліцу, новая побач з пакутнікам Ісусам паказвае чалавека ў залацістажоўтым шаломе з чырвонымі нашчочнікамі, які марна спрабуе падаць Ісусу руку. І тут жа яна гаворыць дрыготкім голасам:
Вось афіцэр тут убаку пабрацку падае руку, але ня зрыць Ісус нічога, бо толькі ж думае пра Бога. І афіцэру ўжо вядома, што чалавек той — ecce homo.Як заўсёды, калі Айцэн чуе два падрад лацінскія словы, а гэтым разам асабліва, пры еcce homo яму мароз дзярэ па скуры, ён упэўнены, што прыгожая красамоўніца заўважыла яго падчас сваёй мастацкай дэклямацыі; бліснула вока, невялікая паўза, можа, усяго на адзін перавод духу, але ён выразна адчуў — пазнала; Маргрыт, якую ён ведае, і прынцэса Трапезундзкая сплываюцца ў ягоным мазгу ў адно; еcce homo, думае, з храпы гэтай чорта-жыдоўскай лярвы, аж галава неяк пайшла, а пасьля думае, ну, хто я такі, каб быць стражэйшым за самаго Госпада Ісуса Хрыста, які, пасьля таго як грэшніца ўмыла яму ногі сьлязьмі й пацалавала іх і абсушыла іх сваімі валасамі й памазала алеем, сказаў пра яе: многія грахі ёй даруюцца, бо яна многа любіла; толькі што Маргрыт ня мела ніякай схільнасьці да ўсіх пералічаных параметраў і ног яму ня мыла, каб аблашчыць іх, але ж такі яшчэ далёка ня вечар. І вось там на памосьце ўжо вісіць новая табліца, і на ёй зьлева відаць нашага Госпада Ісуса зь ягоным цяжарам, як ён дрогка падгінаецца ў каленях, а справа ад яго жыд у чорным каптане, вельмі, здаецца, падобны на таго, зь якім Айцэн пазнаёміўся ў той лёсавызначальны вечар, а за жыдам дом з каланадай, і паміж касымі калонамі выпірае нейкая штанга, на якой прымацаваная таблічка, дакладней, зялёны вянок і ўсярэдзіне яго прыгожы пурпуровы бот. Прынцэса Гэлена прыматкабожылася каля карціны, і па ёй відаць, што яе гісторыя набліжаецца да таго пункту, дзе вузел, які яна з такім дбаньнем завязала, разьвязваецца й сьледуе магутны ўдар грому; грудзі ў яе ўздымаюцца й апускаюцца, касмач на турбане дыбіцца ўгору, і яна паглядае паверх людзкіх галоў, быццам там удалячыні бачыць ясную ўяву, і кажа:
Габрэй Агасфэр адмыслова там правіў рамяство шаўцова, меў лаўку, дом свой і машну. Гасподзь падумаў: адпачну, хоць дух траха перавяду ў цяньку дзьвярэй, бо не дайду.І тут, натоўп ахае як з адных грудзей, — той ужо стаіць каля прынцэсы, у сваім заношаным лапсярдаку й круглай ярмолцы на галаве, такой самай фарбы, што і ў Госпада Ісуса на табліцы й на вялікай карціне, дзе ён вісіць на крыжы. Стаіць вось, як з каноплі выскачыўшы, не, думае Айцэн, — як зь пекла выскачыўшы, Вечны Агасфэр, які ня можа ні адпачыць, ні памерці, а павінен бадзяцца па сьвеце ўдоўж і ўпоперак, у холад і ў сьпёку, угору праз горы і ўніз праз пустыні, праз зарасьлі цярноўніку й чартапалоху, па скалах і кручах, праз таросы й валуны, праз рэкі й моры, бясконца, бясконца, і восека ён ужо тут, на рынку ў Гэльмштэце, гатовы да пытаньняў і адказаў пра тое, як яно было насамрэч зь ім і нашым Госпадам Ісусам і чаму ён так жудасна пракляты.