Вход/Регистрация
Агасфэр (Вечны Жыд)
вернуться

Гейм Стефан

Шрифт:

І ўсё-такі, думае хворы, такая вось штука са сьмерцю. Мы, думае ён, хто цэлы час вёў богабаязнае жыцьцё й слухаўся начальстваў і кожны па некалькі дзетак выпускаў ў сьвет зь вернай жонкай і ні зь якою іншаю бабаю, хто, як вядома, заўсёды трымаўся далей ад грахоўнай гардыні й пажадлівасьці, не мардаваў, ня краў і вёў свае гешэфты сумленна й непаквапіста, у строгай меры й паводле канонаў, — так і так шмат процантаў на капітал, уключаючы рызыку — ці ж ня нам ісьці насустрач сьмерці ў суцешанасьці, умацаванымі ў веры ў дабрашчаснасьць, якое мы спадобімся.

Але разам з болем, які зноў раскідаецца па ўсіх грудзях, сэрца хворага точыць паняверка: як жа так, калі ўсё толькі чад і туман і чыстая прымара й калі ад чалавека не застаецца нічога, толькі грудачка зямлі, зь якое мы зробленыя?

— А ці праўду-такі ведае чалавек пра душу? — кажа ён свайму сыну, які край ложка сядзіць з пакутлівай мінай і замглёным позіркам. — Ці ведае хто, калі яе Бог удыхнуў у яго, а зараз яна павінна вяртацца назад да свайго шчодрадаўцы, як пазычаны гульдэн? Ці бачыў хто калі яе, ці мацаў пальцамі? Праз якую дзірку ў маёй сьмяротнай плоці яна вышмульне, праз нос, праз рот, праз вуха ці, можа, праз што? І ці можа яно быць так, што я той, хто я быў, вось так вазьму і ўжо ня буду?

Сын кажа:

— Але напісана, спадару тата, што Бог стварыў людзей для вечнага жыцьця.

Хворы лёгка стогне.

— Страх, — кажа ён, — у мяне страх перад Нічым. Раней, пры папістах, тады панаваў добры купецкі парадак: столькі а столькі срэбраных гамбургскіх пфенігаў за столькі а столькі гадоў сьпісаньня пякельнага агню й іншых плягаў, і ты адпушчаны самім сьвятым Айцом. А цяпер, пасьля таго, як твой доктр Лютэр узьмяцежыўся супроць? Хто сёньня той, што дасьць мне адпушчэньне паперай зь пячаткай, хто запэўніць, як яно пойдзе далей пасьля сьмерці альбо ў дзень паўстаньня зь мёртвых, калі сатлелыя косткі зноў складуцца разам і адуховяць згнілае цела, і мёртвыя вочы засьвецяцца зноў, каб сузіраць бляск і вялікую лепнасьць? Хто гарантуе гэта, і які жыд пазычыць мне на тое хоць адзін заваляшчы зашмуляны грош?

Сын кажа:

— Але апостал Ян абвяшчае, што ўсе, хто верыць у Госпада, атрымаюць вечнае жыцьцё. Вы павінны верыць, спадару тата.

Я паслаў хлопца вучыцца, думае хворы, ён павінен вучыцца, растапырыўшы вушы, каб уведаць, як там яно з апошнімі таемнасьцямі й неўміручай душой; хто яшчэ павінен у гэтым разьбірацца, як ня вучоныя геры дактары зь Вітэнбэрга? І што ж ён мне цяпер кажа, сам ходзячы ў магістарстве й шукаючы царкоўнай службы, каб усю тую пачэрпнутую мудрасьць вытрасьці на галовы грамадзян нашага горада? У што я павінен верыць?

— Верыць, так, — кажа ён. — Але крэдыт, сынку, даецца толькі пад пэўнасьць. Чым жа можаш запэўніць мяне ты?

Гэта ўжо пацэлена трапна. Наколькі юны магістр, сын дома Айцэн, палатно й шэрсьць, разумее ў гандлі-шмандлі, дык гэта што той, каму залежыць на веры й вернасьці, вельмі нават лёгка можа страціць тавар і ўсю маёмасьць, яшчэ й штаны да таго ж. А яно як у гешэфце, так і ў рэлігіі.

— Вы абяцаеце нам вечнае жыцьцё, — кажа хворы. — Вы духоўныя айцы. Ах, як бы я хацеў прыняць яго й ахвяраваў бы за яго ўсё, і грошы й дабро, я на каленях папоўз бы да самага сабора сьв. Пятра, а геру галоўнаму пастару Эпінусу пацалаваў бы край яго мантыі альбо й край тваёй. Але ж дзе яна, тая пэўнасьць?

Сын ведае многія выслоўі зь Сьвятога Пісаньня й зь іншых вучоных кніг і мог бы файненька іх прамовіць, гэтаму ён навучаўся ў Піліпа Мэланхтона і ў добрага доктара Марцінуса; але якая карысьць ад тых суцешлівых слоў чалавеку, які шэсьць разоў на тыдзень разгортвае разьліковую канторскую кнігу, а малітоўнік толькі раз і які прывык узважваць Мець супраць Павінен? Такому досыць жывога сьведкі, які выказваецца надзейна, думае сын і адразу ўжо ведае, што гэтая думка даўно засела яму ў галаве; сьпяваньне меднага пеўня ў Гэльмштэце ўразіла яго да глыбіні душы й мітрэнжыла ўсю дарогу да самага Гамбурга, і ён разважае сам у сабе, што праклён, які аднаго асуджае на векі вечныя, да вечнага ж дабраславеньня можа абярнуцца другому.

— Пэўнасьць, — кажа ён, — я хачу даць Вам пэўнасьць, спадару тата. Я хачу расказаць Вам пра жыда Агасфэра, якога я сустракаў шмат разоў, і як тры разы закукарэкаў певень на вежы кірхі.

Хворы прыслухоўваецца да сынавых слоў. Яны — бальзам на нябогае сэрца, якое адчувае, быццам вакол яго сьціскаецца жалезнае колца; ён хоча да Бога, ён мог бы разарваць тое колца, але ведае, што калі разарвецца яно, разарвецца й сэрца. А гэты жыд, думае ён, а што, калі б тое было праўдай, што ён ёсьць, кім хоча быць, быў бы самы неабвержны доказ і добрая пэўнасьць, і калі хлопец не выпрабоўваў памянёных жыдоў і сам чуў, як тройчы закукарэкаў медны певень на рыначным пляцы і як маланка й гром джыганулі зь яснага неба? І калі б яно было, тое вечнае жыцьцё, на якое нехта асуджаны праклёнам, як жа тады, каб другі паміраў, хай сабе й дабраславёным і ў міры з самім сабою й із Богам?

— І дзе ж, мой сыне, — кажа ён, — той Вечны Жыд цяпер?

Гер магістр забыўся падумаць, а гэта магло б прывесьці хворага, як Банадыка да «аману», што ён будзе мусіць таго памянёнага Агасфэра валачы сюды на суцяшэньне й на зьмёртвыхустаньне. Але йсьці шукаць жыда на вузкіх вулічках, сярод гэтага людзкога тлуму, ды яшчэ, магчыма, прасіць ласкі ў таго, не, на такое ён ня можацца хоць бы ўжо праз тую прынцэсу Трапезундзкую, чыіх кпінаў ён баіцца, і таму, што хацеў нацкаваць на іх абаіх людзей у Гэльмштэце, каб іх там пабілі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: