Гейм Стефан
Шрифт:
Айцэну не па сабе, з аднаго боку гэта прарок, які цытуецца на пэргаманце, з другога гучыць для яго блюзьнерча, і ён пытаецца ў самога сябе, кім маглі б быць тыя пастыры, якія рабуюць у сваіх жа статках, і каго прарок меў на ўвазе; але потым суцяшаецца ў думках, што гэта ж усё было даўным-даўно, і пастыры сёньняшняга дня людзі прыстойныя, яны гоняць дамоў свае статкі гаспадарам дакладным лікам, і ён успамінае пра свой крыжык, які хацеў паказаць.
Але гэты адварочваецца ад крыжыка, быццам ведае яго дастаткова й нічога да яго ня мае на ўме, зноў хавае свае скарбы ў торбачку, бярэ свайго каня і ўзмахвае ў сядло. І згары кажа юнаму Айцэну, які пасьпяшае да яго:
— Можаце пажыць у мяне ў Вітэнбэргу, геру студыёзус; у доме доктара Фрыза хапае памяшканьня, якое я ўспадкаваў, яно цяпер маё; з платай мы ўжо неяк памяркуемся, не закаштуе табе цэлага сьвету. — Прышчоўквае языком і мчыцца далей.
А Айцэн, даганяючы, думае, як яно ўсё божым промыслам разумна складваецца і ўсё сваім часам; толькі-толькі быў паспадзяваўся, што доктар Мэланхтон, да якога ён мае ліст ад цёткі, мог бы паспрыяць яму ў пошуках стала й кватэры, асабліва калі ён упішацца яму ў вучні; а так вось яно яшчэ й лепш, бо каля вялікага настаўніка й прыяцеля Лютэра пэўна ж аціраецца шмат усіх усякіх, сярод іх ёсьць і куды разумнейшыя, хай, можа, і не такія старанныя, як Паўлюс фон Айцэн з Гамбурга. І ўсё ж, думае ён, усё ж…
Але пасьля спахапляецца. Ня трэба занадта ўшывацца ў чалавечыя таемнасьці, ня трэба нават лезьці і ў душу сябра Лёйхтэнтрагера, які вунь, едзе паперадзе, якраз ў засланае хмарай вечаровае неба.
Разьдзел трэйці. У якім рашуча сьцьвярджаецца, што тое, чаго не разумее школьная навука, ня можа йснаваць, нават калі яно ў жывой плоці перад вачыма
Геру
праф. д-ру Doctor honoris causa Зігфрыду Байфусу
Інстытут навуковага атэізму
Бэрэнштрасэ 39а, 108 Берлін
German Democratik Republic
19 снежня 1979
Высокашаноўны гер калега!
Я атрымаў Вашу шматдастойную кніжку «Самыя вядомыя іудэа-хрысціянскія міфы ў святле прыродазнаўчага і гістарычнага пазнання» і прачытаў яе з вялікай цікавасцю. У многіх аспектах, асабліва там, дзе Вы ўдаяцеся ў мэты, якім на працягу доўгага часу служылі гэтыя міфы і часткова служаць яшчэ і сёння, я цалкам з Вамі згодзен. Нам, навукоўцам, вельмі залежыць змагацца з абалваньваннем масаў, якое, праўда, праз такія найноўшыя міфы, пашыраецца, выступаючы пад імем навукі, і мы павінны, наколькі можам, дзейнічаць у духу асветы.
Але дазвольце мне зрабіць і некалькі заўвагаў адносна фрагмента ў Вашай працы, якому Вы далі назву «Пра Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда». Гэта найперш з тае прычыны, што я сам прысвяціў Агасферу — ён носіць і іншыя імёны — некалькі даследаванняў, папярэднія вынікі якіх я выклаў у прыкладзеным да пісьма перадруку з часопіса «Hebrew Historical Studies»; зроблены, бадай што, толькі крыху каструбаваты пераклад на нямецкую для Вашага прынагоднага выкарыстання, зроблены адным маім студэнтам, таксама знаходзіцца ў дадатку.
Вы пішаце, шаноўны гер калега, на стар. 17 Вашай працы: «Для светапогляду, які не прызнае ніякіх недаказаных і недаказальных рэчаў і якія паводле прынцыпаў навуковага мыслення не могуць быць прызнаныя, дапушчэнне існавання звышнатуральных істотаў (бог, сын божы, святыя і іншыя духі, гэтаксама як анёлы і чэрці) a priori немагчымае». Гэтым самым Вы катэгарызуеце і Агасфера як немагчымасць.
Каб не ставіць пад пытанне Ваш светапогляд, які Вы характарызуеце як светапогляд дыялектычнага матэрыялізму — ён несумненна мае свой мэрытум, — я хацеў бы, каб не дэталізаваць Вашыя далейшыя памылкі, па-сяброўску ўказаць на тое, што Вечны Жыд ёсць ані недаказальны, ані недаказаны. Ён існуе шматразова, трохмерна, як Вы і я, з сэрцам, лёгкімі, печанню і ўсёй трыбуховасцю, і адзінае ў ім, што можна было б акрэсліць як звышнатуральнае, гэта феномен яго надзвычайнай даўгавечнасці: ён проста не памірае. Ёсць гэта перавага ці не, я хацеў бы не абмяркоўваць; ён і сам, здаецца, па гэтым пытанні выказваўся мала альбо, можа, і зусім не выказаваўся, прынамсі, асабіста мне; падобна на тое, сваю доўгажыццёвасць ён успрымае як факт свайго жыцця, як некаторыя з нас успрымаюць крывапаласць альбо псарыяз.
Як вынікае з вышэйсказанага, я сам магу паслужыць жывым сведкам рэальна існуючага Агасфера. Яго памяць, што не ёсць дзіва ў святле і перад фактам мнагастайнасці ўражанняў, якія на працягу стагоддзяў, нават жа тысячагоддзяў маглі б зафіксавацца ў клетках яго мозгу, мае прабелы, але подзіву вартая яснасць, нават у дэталях, у асобных адрэзках яго доўгага жыцця — вы не маглі былі не чуць, як ён расказвае пра сваю сустрэчу з Ісусам Назарыцянінам, паведамленне, якому, дарэчы, я знайшоў пацвярджэнне ў апошніх расшыфроўках асобных фрагментаў Dead Sea Scrolls. Буду вельмі рады прадставіць іх у Ваша распараджэнне, як толькі яны будуць падрыхтаваныя да публікацыі.
Я спадзяюся, шаноўны гер калега, паслужыцца Вам гэтымі маімі радкамі, якія Вы пры магчымым новым выданні Вашай, як я ўжо сказаў, высока цанёнай мною кніжкі, маглі б узяць пад увагу. З гэтым застаюся, з выразам маёй найглыбейшай павагі
Ваш адданы
Ёханаан Лёйхтэнтрагер
Hebrew University
Jerusalem
Геру
праф. Ёханаану Лёйхтэнтрагеру
Hebrew University
Jerusalem, Israel
12 студзеня 1980
Высокапаважаны гер прафесар Лёйхтэнтрагер!
Ваша пісьмо разам з дадаткамі, дастаўленае ўчора ў мой інстытут, вельмі ўзрадавала мяне, і яно даказвае, што навуковая праца, якая вядзецца ў нашай рэспубліцы, набывае вядомасць далёка за яе межамі і робіць свой дабратворны ўплыў. Сапраўды, калі чалавек Вашага рангу і вядомасці актыўна цікавіцца вынікамі нашых намаганняў, гэта ўмацоўвае нас у нашых памкненнях рухацца наперад у працы яшчэ больш мэтанакіравана і ўсеахопна і яшчэ паслядоўней змагацца супроць усіх супярэчных чалавечаму разуменню памылковых ілжэтэорый. Пры гэтым мы высока цэнім, калі нам прад'яўляюцца погляды адрознага ад нашых роду, бо толькі праз пераадоленне супярчнасцяў сцвярджаюцца тэорыі, а пробным каменем ўсякай навукі, як вядома, з'яўляецца практыка.
Я не толькі сам прачытаў Ваш даклад «Агасфер, выдумка і праўда», апублікаваны ў Hebrew Historical Studies, але і выклаў яго сутнасць маім вядучым супрацоўнікам. Таму тое, што я хачу тут напісаць Вам, ёсць агульная думка калектыву, які выдатна зарэкамендаваў сябе шматгадовымі даследчыцкімі распрацоўкамі на ніве навуковага атэізму.
Мы ўсе аднадушна трымаемся меркавання, што Ваша асабістае знаёмства з памянёным у артыкуле герам Агасферам, членам яўрэйскай рэлігійнай абшчыны, не можа быць пастаўлена пад сумненне, гэтаксама як і Ваша ранейшая сустрэча з ім у варшаўскім гета, з якога Вы, у той час яшчэ малады чалавек, у ліку нямногіх ацалелых здолелі ўцячы праз падземныя галаваломныя лабірынты каналаў. Але, праўда, варта паставіць пад сумненне значную частку прыведзеных Вамі сведчанняў з ранейшых перыядаў гісторыі пра сустрэчы і розныя прыгоды з памянёным Агасферам; такія сведчанні, асабліва калі яны афіцыйна не пацверджаны дадатковымі сведчаннямі, наўрад ці могуць разглядацца як навукова вартасныя, і яны набываюць, чым далей адлягаюць ад нашага часу, тым больш міфалагічны характар. Хоць вы і акрэсліваеце ў адным месцы Вашага артыкула (стар. 23) гера Агасфера як «майго сябра», тым не меней мы хацелі б указаць Вам на магчымасць таго, што Ваш сябар мог сугерыраваць Вам высновы, да якіх Вы прыйшлі ў Вашых даследаваннях.
Праз адсутнасць міждзяржаўных зносінаў дзяржава Ізраіль, на жаль, мала даступная грамадзянам нашай рэспублікі; інакш кваліфікаваныя супрацоўнікі Інстытута навуковага атэізму альбо нават сам я асабіста маглі б навочна пераканацца ў прыблізным узросце гера Агасфера. Пры існуючых абставінах актуалізуецца пытанне, ці не маглі б сапраўдныя гады гера Агасфера быць пацверджаныя медыцынскім абследаваннем на дагоду ўсім, хто займаецца феноменам.
У сувязі з гэтым прэс-рэферэнт нашага Інстытута, калега д-р Вільгельм Якш, указвае на наступны факт: пры неспатольнай пажадлівасці да сенсацый у заходняга медыуму, з кола якога ізраільскі ні ў якім разе не можа быць выключаны, ці не след было б чакаць, што прэса даўно занатавала б існаванне сама мала двухтысячагадовага чалавека? І ўсё ж, як нам вядома, нідзе не зарэгістравана ніякага паведамлення пра гера Агасфера, нідзе і ніколі, здаецца, не публікавалася ніводнай фатаграфіі гэтай асобы. Магчыма Вы, паважаны гер прафесар, маеце фота яго, і несумненна было б важна для канчатковага заключэння, калі б Вы змаглі пазычыць нам яго для выкарыстання.
Я хацеў бы яшчэ раз канстатаваць, што мае супрацоўнікі і я шчыра вітаем любыя дыскусійныя выказванні па гэтым і іншых пытаннях і заўсёды гатовыя да таго, каб нас пераканалі ў іншай думцы. Але ў пытанні, якое мы цяпер абмяркоўваем, патрэбны больш пэўныя доказы існавання Вечнага (альбо Вандроўнага) Жыда, чым тыя, якія Вы нам прывялі.
З найлепшымі пажаданнямі прагрэсу ў Вашай працы,
з глыбокай павагай
(праф. д-р. Dr. h. c.)
Зігфрыд Байфус
Інстытут нав. атэізму
Берлін, сталіца ГДР
Разьдзел чацьвёрты. У якім доктар Лютэр выкладае сваё меркаваньне пра жыдоў, а юны Айцэн якраз і сустракае аднаго такога, які робіцца яму прыкрым назолам
А тым часам наш юны Паўлюс фон Айцэн каторага ўжо часу жыве ў Вітэнбэргу й спасьцігае ў магістра Піліпа Мэланхтона й іншых вучоных гераў дактароў унівэрсытэта божую навуку й гісторыю сьвету. Кватаруе, як загадзя наперад было ўмоўлена, у Лёйхтэнтрагеравым, фармальна Фрызавым доме, дакладней, на верхнім паверсе, і пачувае сябе досыць вальготна, амаль як дома ў свайго бацькі, толькі інакшым манерам. А ўсё якраз у гаспадары, які часам увечары за чаркай агністага віна гаворыць такія рэчы, якія дзіўна яго пераймаюць і якіх сабе яго шаноўны бацька, купец Райнгард фон Айцэн, палатно й шэрсьць, ніколі і ў мроях сказаць ня мог, а яшчэ залежыць на служанцы Маргрыт, якая прыносіць яму сьняданак, мые кашулі й апратвае пасьцель, калі занадта заядаюць вошы й блашчыцы. Пасьля гэтага яму спакойна ад паразітаў, але не ад сваіх думак, якія ад рана да позьняга круцяцца вакол плячэй і грудзей і сьцёгнаў, ну, і вакол, што ў Маргрыт крыху ніжэй і ззаду. Тут ужо яму не памагае, што ён падыходзіць да акенца пакоя, зь якога адкрываецца відок на дом настаўніка Мэланхтона, насупроць і крыху наўскасяк, і спрабуе ўспомніць выслоўі пабожнага мужа альбо вобраз дзевы Барбары Штэдэр, якая дажыдаецца яго ў Гамбургу; у галаве прыгожыя выслоўі роем раяцца й ператвараюцца ў чыстую тарабаршчыну, а яго ўспамін пра Барбару журботна цьміцца й больш ужо не аднаўляецца ў ранейшых рысах; і замест яе сваім унутраным зрокам ён бачыць нахабны рот і грыбатыя, пунсовыя губы Маргрыт.
Лёйхтэнтрагер даўно заўважыў, што зарупіла яго пастаяльцу.
— Паўль, — кажа ён, бо яшчэ ў Янаву ноч яны раптам кінуліся ў абдымкі й заключылі братэрскі хаўрус і з таго часу называлі адзін аднаго хрысьціянскімі імёнамі, Лёйхтэнтрагер юнага Айцэна Паўлюсам, а гэты Лёйхтэнтрагера Гансам; — Паўль, — кажа Лёйхтэнтрагер, — я лёгка патраплю табе ўсё зладзіць з Маргрыт; варта мне сказаць адно толькі слова, і яна поначы прыйдзе да цябе й так усё зафундуе, што пачуеш, як анёлы на небе сьпяваюць; яна ад прыроды адораная, яшчэ й я сяму-таму падвучыў.
Юнаму Айцэну запякло ў сьцёгнах, але ён кажа:
— Ай, ды што ты наўме носіш, Ганс, ты ж ведаеш, там у мяне ў Гамбургу… я ёй прысягаў на вернасьць.
— Вернасьць — гэта ў цябе ад галавы, — кажа сябар, — а тое, што надзіць у Маргрыт, яно зусім ад іншага месца; нельга мяшаць духоўнае зь цялесным, ну, дый дарога ў твой Гамбург далёкая, а з таго, што дзева Штэдэр нечагась ня ведацьме, ёй не забаліць… Але не таму я прыйшоў, а таму што гер магістр Мэланхтон паслаў слугу спытацца ў нас, ці ня зробім мы яму ласкі й прыемнасьці, склаўшы яму кампанію за вячэрай, якую ён мерыцца зладзіць доктару Марцінусу й ягонай мілай жонцы Катарыне й некаторым іншым гасьцям, усе людзі знакамітыя і вучоныя; фраў Катарына фундуе на вячэру барылку піва з уласных запасаў.
— Што, я? — кажа юны Айцэн і ўвесь праменіцца ад шчасьця за гонар, які яму так згопалу-зьнянацку прыпадае.
— Так, ты, — кажа Лёйхтэнтрагер, але змоўчвае пры гэтым, што ён сам прапанаваў Мэланхтону дадатковага госьця; сваё на ўме маючы; апрача таго ён ведае і Лютэра й Мэланхтона, абодвух іх, адзін аднаму ім сказаць ужо няма чаго, але калі яны выбіраюцца на публіку, якая разьзяўляе рот на кожную іхнюю мудрасьць, тады ўжо іх прарывае, і яны глаголяць не раўнуючы як сьвятыя апосталы, і, такім чынам, думае Лёйхтэнтрагер, вечарына можа атрымацца бяседная.