Гейм Стефан
Шрифт:
— Хто б вы такі ні былі, вы шчыкнулі мяне за сэрца. Бо калі б я, пачынаючы пісаць, ведаў, што пазьней даведаюся, як варожа прымаюць людзі божае слова й супрацівяцца яму, дык я лепей памаўчаў бы й ніколі не асьмеліўся б нападаць на папу і ўсе ягоныя парадкі. Я думаў, людзі грашылі толькі праз сваё няведаньне й чалавечую крохкасьць і не забаранялі сабе нядбацца словам божым; але Бог павёў мяне, як каня, якога асьляпілі, каб ён ня бачыў тых, што скачуць на яго.
Пасьля чаго зноў садзіцца й унурвае галаву. Але як што ўсе астатнія цяпер ужо як сьлед замоўклі, нават Лёйхтэнтрагер, гер доктар заяўляе, што яго так і не зразумелі й дае працяг:
— Рэдка калі робяцца добрыя справы з мудрасьці й асьцярожлівасьці, хутчэй са сьляпой адвагі й збочваньня з дарогі. Але так яно ўжо ёсьць, збочваньне вядзе да хаосу, і хутчэй плаха стане на дарозе, чым усё само сабою на добры канец разьвяжацца.
Лёйхтэнтрагер адстаўляе свой кубак.
— І хаосу таму краю ня відаць, — кажа ён, нібы немаведама як заклапочаны, — карацей, Вечнага Жыда зноў бачылі, непадалёк ад Вітэнбэрга.
Юны Айцэн прыгадвае начныя крокі ў пустым пакоі ў «Лебедзях» у Лейпцыгу, але гэта было даўно, і доктар Марцінус падымае галаву, на яго пачырванелым твары выразна адбіваецца незадаволенасьць: чаму ён нічога ня ведае пра такія рэчы, чаму спатрэбілася гэтаму Лёйхтэнтрагеру прыносіць яму навіну, і наколькі яна верагодная?
Фраў Катарына хоча ведаць: дзе й чаму і які ён зь сябе? І Мэланхтон кажа:
— Жыдоў усюды пропадзь, і ўсе яны падобныя адзін на аднаго, як яйка на яйка, калі б каторае сказала, што выдзяляецца, — так мы й паверылі б.
Але Лёйхтэнтрагер заяўляе:
— У яго да ступака быў прыбіты цьвікамі крыж, пяць цьвікоў на кожнай назе.
Гэта ўжо пераконвае Піліпа Мэланхтона, нават кранае, бо, нягледзячы на сваю прыхілку да літары й параграфа, у яго чульлівае сэрца, і ён уяўляе сабе, як яно павінна быць, калі нехта зь цьвікамі ў нагах асуджаны на вечнае блуканьне, і апрача таго ён ведае, што прыйдуць благія часы, калі той Жыд акажацца.
— Калі б хто мог пагаманіць зь ім, — кажа ён разважліва павольна, — і апытаць яго: а ці быў чалавек сьведкам таго, як нашага Госпада Ісуса Хрыста вялі на Галгофу, з крыжам на плячах; шмат нашых сумненьняў мог бы разьвеяць.
— Так, — кажа доктар Марцінус, — а ці мог бы? І якія?
— Прынамсі, — адказвае магістр Піліп, — прынамсі, ён мог бы дапамагчы нам навярнуць жыдоў у адзінашчасьцедайную веру.
Тут і азарае юнага Айцэна, што чалавек, які бачыў нашага Госпада Ісуса з крыжам на плячах, павінен ведаць і пра яго сьвятасьць. З тым большым подзівам ён успрыняў новую ўспышку гневу, якая скаланула доктара Марцінуса.
— Так, — кажа той другі раз, — дык парайце нашаму мілажальнаму геру курфюрсту, хай дазволіць схапіць жыда, калі толькі той дасца, але схапіць яго не лягчэй, чым самога чорта, ён зьнікне сярод жыдоўскай братвы, застанецца толькі смурод, бо ён такі самы, як яны, а яны такія, як ён, хацелася б думаць, — усе яны вечныя і ім зводу няма.
Ён азіраеца вакол сябе, ці зразумеў хто-небудзь, пра якія цяжкаважкія рэчы тут завялося. Кухарка стаіць у дзьвярах са смажанінай, але не адважваецца ўносіць, пакуль гер доктар так мудра прамаўляе, а гэты ў запале не заўважае яе ваганьняў.
— Дый хваробу іх навернеш, — кажа ён, — бо яшчэ й цяпер немагчыма адвесьці іх ад вар'яцкай веры ў тое, што яны богавыбраны народ, хоць вось ужо тысяча пяцьсот гадоў, як іх выгналі, расьсеялі й дашчэнту зьвялі, а самая сардэчная іх надзея і прага — што яны калі-небудзь змогуць абыходзіцца з намі, хрысьціянамі, як у часы Эстэры ў Персіі з паганамі. І сёньня мы яшчэ ня ведаем, які чорт занёс іх у нашу краіну, зь Ерусаліма іх мы сюды не звалакалі.
Гэта таксама прасьвятляе юнага Айцэна, бо яшчэ ў Аўгсбургу ён даведаўся ад сваёй цёткі, якія паскудзтвы чыняць жыды ў краіне, як яны ўсіх абіраюць, багатых і бедных, не даючы ім за гэта нічога.
— Навярнуць! — усклікае наш добры доктар Марцінус, — навярнуць жыдоў! Хачу даць вам свае добрае рады: па-першае, агнём выпаліць усе іхнія сынагогі й хэдэры, адабраць у іх усе іхнія торы-шморы й малітоўнікі, а талмудыстам і іхнім рабінам збараніць вучыць, а па-другое, даць усім маладым дужым жыдам у рукі цэп, сякеру й рыдлёўку і хай працуюць у поце свах глюгастых твараў; калі ж не захочуць, дык турнуць к чортавай матары разам зь іх Вечным Жыдам, яны ўсе зграшылі на нашым Госпадзе Хрысьце й праклятыя гэтаксама, як і той Агасфэр.
Юнаму Айцэну закруцілася ў галаве, бо ў гэтым так мала ад слоў вялікага Лэтэра пра хрысьціянскі дух, запавяданы ў Пісаньні: «Любеце ворагаў вашых і дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых». І паколькі ня так Гасподзь Ісус, як наш гер доктар Марцінус мог бы дапамагчы яму ў ягоным узьлёце на якую-небудзь катэдру, адкуль ён мог бы прапаведаваць слова божае, дык ён думае, што сьлед пагадзіцца з правільнасьцю таго, што добры доктар толькі што вяшчаў, і як што кухарка нарэшце ўносіць смажаніну й ставіць місу на стол і ўсё так цудоўна пахне, ён пра ўсё забываецца. І ў самога доктара Марцінуса нябось ужо сьлінкі набеглі і ў іх патанулі ўсе яго гарачыя словы, і ён цягнецца да місы, выбірае сабе самы сакавіты кавалак з усіх, што яму ад шчырага сэрца ахвяруюцца. Пасьля, ужо з кавалкам у зубах, ён заўважае далікатны ножык у Лёйхтэнтрагера, які той якраз бярэ ў руку, і просіць паказаць яму зблізку, каб лепей разгледзець, і пакуль фраў Катарына сарамліва адводзіць вочы, ён разглядвае яго й знаходзіць, што тут сапраўды ўдалы твор мастацтва, але толькі, мабыць, чортавага аўтарства, бо такі ж яно так і бывае, што ні ў мастака, ні ў жарнасека, ні ў каго іншага з падабнага роду людзей ніколі не даведаешся, хто водзіць яго рукою, анёл ці, можа, сатана.