Шрифт:
– Фiлiн, а мо цяперака пазбавiмся ад лягавага?
«Адзiн з iх – Фiлiн», – засяроджана ўслухоўваўся ў размову Бусел. Ён сiлiўся прыгадаць, цi сустракаўся раней з чалавекам, якi меў гэтую мянушку, але на памяць нiчога не прыйшло.
– Ты вось што, – рыкнуў у адказ прастуджаны бас, – зрабi засечку на сваiм прышчастым носе, бо незнарок адкручу разам з пляшывай галавой: мент павiнен жыць! I, пакуль iншага рашэння не прыму, нiводзiн волас не звалiцца з ягонай галавы. Уцямiў?!
– Ды я што, – лiслiва прагундосiў чалавек з парку i, перасiльваючы палахлiвасць, прамармытаў: – Я да таго, каб не уцёк!..
– Вось тады дакладна адарву галаву, – пагрозлiва прабасiў голас, якi хутчэй за ўсё належаў Фiлiну. – Паглядзi, цi жывы ён, мо мерцвяка вязём.
Чалавек даўгавата корпаўся ля дзвярэй, не мог адамкнуць замок, мацюкаўся i бурчэў нешта невыразнае. Нарэшце дзверы адчынiлiся, чыстае паветра ўварвалася ў будку. Бусел адчуў прыемны пах сасны, мяты, свежаскошанага сена. Ад ляснога водару закружылася галава, прыемна было ўдыхаць пах лесу, чуць шамаценне дрэў, хацелася жыць…
– Лягавы, ты жывы? – пачуўся голас з цемры, i адразу па вачах разанула калючае, халоднае святло лiхтарыка. – Жывы, – убачыўшы капiтана, памякчэў голас, але праз хвiлiну перайшоў на крык: – Ён, падла, аббляваў усю машыну…
– Калi цябе садану, як яго, у штаны накладзеш, а мо прамiком сплануеш у» магiлёўскую губерню», – весела прабасiў з цемры Фiлiн. – Цягнi, панясём у склеп.
– Аббляванага не панясу! Няхай валяецца ў будцы, ранiцай усё роўна ў распыл!
– Прышч, рабi, што сказана! – зласлiва прасiпеў Фiлiн, пачуўся глухi ўдар, стогн, лiхтарык звалiўся на зямлю i патух.
«Мянушка другога – Прышч», – толькi падумаў Бусел, як яго ўхапiлi за абедзве нагi i, быццам мех з бульбай, скiнулi з машыны ў высокую, росную траву. Ён балюча стукнуўся спiнай, у галаве адразу загуло, скронi сцiснула неймаверным болем, i капiтан зноў званiтаваў.
– Як мы гэткага панясём? – з нянавiсцю, iстэрычна пераходзячы на крык мацюкнуўся Прышч i, вiдавочна, спаганяючы на Буслу злосць за атрыманы ад Фiлiна кухталь, цяжка пацягнуў капiтана далей ад машыны, шматлянуў у самую крапiву. – Няхай там рыгае! – і, спахапiўшыся, прапанаваў: – Можа, хоць ногi развяжам, западло насiць лягавага!
– Развяжам у склепе, – не зважаючы на Прышчова скавытанне, камандаваў Фiлiн, – ды глядзi пад ногi, каб на лесвiцы мент шыю не зламаў.
– Дапаможам, калi сам не скруцiць, – агрызнуўся Прышч. – Ты з iм цацкаешся, быццам з братам, а я iх ненавiджу…
Бандыты падхапiлi Бусла пад пахi i волакам пацягнулi ў хату. У склепе, куды спусцiлi капiтана, было цёмна, сыра i халодна. На слiзкай, парослай цвiллю цаглянай сцяне, якую выхапiла святло лiхтарыка, праступалi буйныя кроплi вады i павольна сцякалi на зямлю. Гэта гаварыла за тое, што дом стаiць у нiзiне, магчыма, ля балота. Дыхалася цяжка. Прышч пасвяцiў лiхтарыкам у твар i, сапучы, зласлiва прабурчаў:
– Была б мая воля, даўно кiшкi б выпусцiў.
– А ты выпусцi, – з выклiкам, пракаўтнуўшы даўкi камяк, прахрыпеў Бусел.
– З задавальненнем прышыю мянта, – цвыркнуў слiнай Прышч. – Толькi не цяпер, крыху пазней, – ён дастаў фiнку, перарэзаў вяроўку на нагах. – Жывi, падла, ноч у цябе яшчэ ёсць, – злачынец па-блазенску зарагатаў i балюча ўдарыў рукаяткай нажа ў жывот.
Ноччу Буслу заснуць не ўдалося, холад працiнаў да касцей. Каб сагрэцца, спрабаваў прысядаць са звязанымi рукамi, але кожны рух болем аддаваўся ў скронях, кружылася галава.
«Прафесiйна накаўтавалi, – падумаў Бусел, – такiя ўдары мне знаёмыя яшчэ з дэсантуры. Адно незразумела, навошта я iм спатрэбiўся? Калi хтосьцi зводзiць нейкiя рахункi, зрабiў бы прасцей, навошта ўскладняць сiтуацыю, цягнуць невядома куды? Паздзекавацца?.. Не, пэўна, я патрэбны гэтаму Фiлiну для нечага iншага».
Бусел намацаў драбiну, пацiху падняўся пад самае вечка, упёрся спярша галавой, потым плячамi, спрабуючы адчынiць склеп. Не атрымалася. Знясiлены, ён апусцiўся, сеў на вiльготную зямлю, прытулiўся спiнай да драбiны, каленi падцягнуў да грудзей – так было крыху цяплей…
Колькi прайшло часу, Бусел не ведаў, але нарэшце над галавой пачулiся таропкiя крокi, нешта цяжкое i вялiкае доўга кантавалi па падлозе, пакуль ссунулi з вечка. Зарыпелi ржавыя завесы, i ў склеп разам з бляклай палоскай свету ўварвалася чыстае паветра.
– Вылазь, – сцiшана прагаварыў нябачны Буслу чалавек i спачувальна дадаў: – Асцярожна, драбiна гнiлая.
Узбiраючыся наверх, Бусел злавiў сябе на тым, што калiсьцi даўно ўжо чуў гэты прыглушаны бас. Перадапошняя прыступка i сапраўды пад нагой трэснула, капiтан хiстануўся i, пэўна, бразнуўся б з усёй вышынi назад, у вiльготнае, заплеснелае чэрава падполля, але моцныя рукi падхапiлi пад пахi, i ў адно iмгненне ён апынуўся ў пакоi. Бусел не спяшаўся ўставаць з падлогi, чакаў, пакуль вочы прызвычаяцца да святла.