Шрифт:
У адзiным на ўсю хату пакоi было чатыры акны, у два з якiх, што выходзiлi на панадворак, праз бруднае шкло нясмела прабiвалася залацiста-жоўтымi пыльнымi промнямi сонца. Справа ад капiтана да сцяны, калiсьцi паклеенай прама па бярвеннях зялёнымi шпалерамi, цяпер абшарпанымi i ледзь не напалову абгрызенымi мышамi ды пацукамi, была прытулена вялiкая трохдзверная самаробная шафа са зжаўцелым люстэркам. Непадалёк высiлася зялёнага колеру драўляная скрыня, абабiтая жалезам.
«Вiдаць, ёй прыцiскалi крышку склепа», – падумаў капiтан i перавёў позiрк на круглую печ, металiчны ложак, стол, каля якога спiнай да яго стаяў крыху ссутулены чалавек i налiваў у шклянку гарэлку. Бусла нудзiла і ад холаду бiла дрыготка. Якраз праз гэта яму не хацелася ўставаць, каб бандыт не бачыў ягоную слабасць.
– Выпi, палягчэе, – прагаварыў чалавек i сам зрабiў некалькi глыткоў з рыльца бутэлькi.
Бусел зразумеў, што перад iм Фiлiн. Рызыкоўныя паводзiны бандыта выклiкалi недавер i насцярожанасць. Як-нiяк, а ў пакоi яны былi ўдвух, рукi, ногi ў Бусла вольныя, i Фiлiн, выкраўшы капiтана, павiнен быў ведаць, што ён валодае баявымi прыёмамi самба i каратэ.
– Завязваць бойку не раю, – быццам прачытаўшы Буславы думкi, прабасiў Фiлiн i, закусваючы, захрабусцеў агурком.
– Пакуль што вып’ю, – цяжка ўзняўся на ногi капiтан, – толькi за што?
– За сустрэчу, – здрыгануўся голас у Фiлiна, ён павярнуўся да Бусла.
– Ты?! – ашалела вылупiўшы вочы, ускрыкнуў аслупянелы капiтан.
– Я, – абыякава адказаў Фiлiн.
У пакоi надоўга запанавала цiшыня.
Бусел i Фiлiн знешне былi падобныя: аднолькава высокiя, шырокiя ў плячах, не абдзеленыя прыродай фiзiчнай сiлай i спрытам, толькi капiтан бялёсы, а Фiлiн чарнявы. Яны глядзелi адзiн аднаму ў вочы: Фiлiн спакойна, з адценнем абыякавасцi, Бусел разгублена-вiнаватым позiркам, здавалася, праглынаў злачынцу.
– Фантастыка! – напружана варухнулiся вусны капiтана, ён зрабiў крок уперад, быццам збiраючыся абняць злачынцу. – Вось гэта сустрэча!..
– Ты выпi, – працягнуў Фiлiн шклянку Буслу, – нiчога неверагоднага ў нашай сустрэчы няма.
– Ну, не скажы! – капiтан узяў прапанаваны двухсотграмовiк. – За гэта i сапраўды варта выпiць, – ён каўтануў гарэлку адным глытком, панюхаў хлебную скарынку i, цяжка ўздыхнуўшы, роспачна выдыхнуў: – Мой аднапалчанiн, сябрук Васiль Мароз – кiлер… Наёмны забойца! Цi, можа, я памыляюся?
– Лiчы, што табе пашэнцiла, – прабасiў Фiлiн i зноў прыклаўся да бутэлькi. – Нанялi б iншага – не сустрэлiся б.
– Ды ўжо ж дзякуй табе, – з’едлiва i п’янавата адказаў Бусел, – удружыў дык удружыў!..
У Бусла ад выпiтай гарэлкi закружылася галава, але адчуў ён сябе i сапраўды лепей. Куды падзелася ламота ў касцях! Сцiх боль у патылiцы, прыемнае цяпло хвалямi расцякалася па стомленым целе, мышцы зноў налiлiся сiлай. I толькi душу рвала на часткi крыўда, не праходзiла злосць на самога сябе, што так проста даўся ў рукi злачынцам, як малое дзiця, дазволiў абвесцi сябе вакол пальца. Ён вылiў рэшткi з бутэлькi ў сваю шклянку.
– Колькi ж табе заплацiлi? – Бусел узняў на Фiлiна калючыя, халодныя ў сваёй рашучасцi вочы.
– Добра, – незласлiва кiнуў Фiлiн i, адкаркаваўшы новую бутэльку, таксама выпiў.
– А дзе памагаты, Прышч, здаецца? – п’янавата дапытваўся Бусел.
Фiлiн не адказаў: ён тупаватым, асалавелым позiркам утаропiўся ў акно i, не зважаючы на Бусла, павольна соўгаў скiвiцамi, жуючы хлеб з салам.
– Цi, можа, яму адправiў капаць? Ён з задавальненнем мяне жывога зямлёй закiдае.
– Прышч паехаў у Мiнск, – не паварочваючы галавы i не мяняючы паставы, буркнуў Фiлiн. – А ты не кiпяцiся, лепш закусвай i слухай, што скажу.
– Будзеш вiнавацiцца? – ускiпеў капiтан i, няўпэўнена перасоўваючы ногi, зашпацыраваў па хаце, замахаў рукамi. – Скажаш, прабач, кораш, нявыкрутка атрымалася, не гадаў i не думаў, што былога сябра давядзецца прышыць…
– Хопiць, – сурова ўзбычыў галаву Фiлiн, – калi сваiм розумам дапетрыць не можаш, сядзь i слухай. Па-першае, твая праўда: каб ведаў, што цябе павiнен адправiць у» магiлёўскую губерню», не пiлi б цяпер гарэлку. Але, што нi робiцца, усё да лепшага. Не я, дык хтосьцi iншы цябе б туды без музыкi справадзiў, ты iм косткай у гарляку сядзiш.
– Каму гэта «iм»? – пацягнуўся да бутэлькi Бусел, але Фiлiн перахапiў руку.
– Пачакай, паспееш, – адсунуў ён гарэлку. – Каму ты перайшоў дарогу, не ведаю, толькi, пакуль не зусiм п’яны, запомнi: цябе я забiў!..
– Як забiў, калi вось ён – я? – здзiвiўся Бусел.
– Растлумачу. Мы ведалi падлу, якая iшла на сустрэчу з мянтом, – Фiлiн, вiнавацячыся, спахапiўся: – Я хацеў сказаць, з табой. Мы павiнны былi прышыць мiлiцыянта, але на фотаздымку, якi ўсучылi ў апошнi момант, я пазнаў цябе, – Фiлiн паклаў фотаздымак на стол. – Ты другi злева, абведзены чырвоным фламастэрам i пазначаны крыжыкам.