Шрифт:
Iван, вядома, не спаў. Але будзе i такi выпадак, калi ён засне, сам таго не хочучы. Ён састарэе, пойдзе на пенсiю са свайго маторнага завода, дзе вечарамi пацiху, каб не бачылi тыя, каму не трэба, рабiў чыгунныя формы для пiрагоў. У Койданаве гэта былi найлепшыя формы. I ў суботу перад Вялiкаднем усё мястэчка згадвала добрым словам Iвана Мiлько. Але аднойчы Iван, сам таго не хочучы, заснуў.
– А дзе бацька?
– спытаў тады Шурык у мацi.
– Можа, на двор пайшоў, - спакойна адказала Мiля.
Хата ў Iвана была невялiкая: калiдор, кухня i тры пакоi. Гэта пазней, калi ажэнiцца Шурык, зробяць прыбудову з асобным уваходам, а на той час згубiцца ў хаце было проста немагчыма. Мiля з Шурыкам не на жарт спалохалiся. Быў бацька, тупаў-тупаў па хаце - i раптам не стала. Гэта ж не кот, што зашыецца за шафу, i ты шукай не шукай, а не знойдзеш, пакуль сам на малако не выйдзе. I не вавёрка, якую трымала Iванава суседка цётка Косця. Вавёрка была надзiва шкадлiвая.
Аднаго разу, звечара, Косця выбрала кошык яблыкаў, каб наранiцу завезцi прадаць. Яблыкi выбiрала круглейшыя, сакаўныя, без чарвяточынак. А ўначы вавёрка ўзяла i параскiдала iх па ўсёй хаце. I каб жа толькi параскiдала, а то ж яшчэ i панадкусвала кожны яблык. Ранiцай Косця збiрала яблыкi i кляла сваю вавёрку. А тая, стаiўшыся за абразом, цiкавала. Вавёрку Косця набiла венiкам.
Але тое вавёрка... А дзе ж падзеўся Iван?
Мацi з сынам абшукалi ўсю хату, пакуль Шурык не здагадаўся зазiрнуць у вузкую шчылiну пад канапаю. Там ён i ўбачыў бацькавы ногi. Непаразуменне прайшло толькi тады, як выцягнулi бацьку на сярэдзiну пакоя, а за iм дасталi з-пад канапы пусты слоiк, што патыхаў самагонкай. Iван любiў выпiць, а Мiля не давала. Тады i была прыдумана ды абсталявана схованка. Пакуль усе глядзелi тэлевiзар, Iван iшоў сабе ў залу, залазiў пад канапу i праз гумовы шланг ад пульверызатара высмоктваў са слоiка грамаў са сто. Але на той раз доза атрымалася большая, i ён сам не заўважыў, як заснуў. Дый старасць надыходзiла, сiлы не тыя.
Вось у маладосцi, Iван сам казаў, мог выпiць вядро. Асаблiва шмат давялося выпiць, калi служыў у ахове маскоўскага Крамля. Грошай ахоўнiкам амаль не давалi, але добра кармiлi i налiвалi, колькi захочаш. I хлопцы, маладыя, здаровыя, пiлi.
Пра НКВД Iван гаварыць не любiў. А нiхто, зрэшты, тады i не цiкавiўся ў Койданаве тым НКВД. Усе ж недзе служылi, недзе ваявалi...
Гэта цяпер, калi я буду праходзiць паўз Iванаў сад, а Шурык будзе закладаць падмурак пад гараж, мы загаворым пра Фелiкса Дзяржынскага, у гонар якога i пераназвалi Койданава ў 1933 годзе. Зрэшты, i Койданава не першапачатковая назва мястэчка, раней яго называлi Крутагор'е. Мы загаворым пра НКВД, i Шурык скажа:
– Шкада, бацька памёр, а то паказаў бы яму газеты, дзе пра НКВД пiшуць i пра Дзяржынскага. Цiкава, што б ён на гэта сказаў?
Iван Мiлько памёр раней, чым беларускiя газеты пачалi друкаваць матэрыялы пра масавыя забойствы.
Апошнi раз я сустрэў Iвана каля веснiчак. Iшоў паўз ягоны двор, а ён якраз выходзiў на вулiцу ў сваiм чорным скураным палiтоне, шыракаполым капелюшы i наваксаваных да металёвага бляску хромавых ботах. Пад пахаю ён сцiскаў вялiкi папяровы пакунак.
– Што гэта ў вас пад пахаю, дзядзька Ваня?
– замест прывiтання спытаў я.
– Камiля паслала сала прадаць.
– А цi добрае сала?
– Ты што, не бачыш?
– дзядзька закрыўдаваў.
– На чатыры пальцы. Калi добра прадасца, дык i бутэльку сабе куплю.
Гэта апошняе, што я пачуў ад Iвана, якi ўсё ж добра гульнуў на вяселлi Казiкавай Валi.
Але спачатку ён ляжаў на канапе i ўдаваў, нiбыта спiць. Мiля i Шурык стаялi пасярод хаты i нiяк не маглi зразумець, што ж такое здарылася, пакуль сын не спытаў:
– Тата, а чаму гэта вы босы?
– Таму што шкарпэтка згубiлася.
– Iван адказаў, але вачэй не расплюшчыў.
– I з-за такой драбязы ўвесь гвалт? А Божачкi вы мае, ды знойдзем зараз тваю шкарпэтку.
– Мiля адчынiла шафу i пачала ператрасаць у шуфлядзе з панчохамi.
– Няма там, - Iван спусцiў ногi з канапы.
– Я ўжо два разы ўсю шафу перамацаў.
– А можа, раней дзе згубiлася? Можа, мацi, калi мыла, дзе на двары пакiнула?
– разважаў Шурык.
– Ды ў тым i рэч, што абедзве ў руках трымаў, адну я надзеў, а другую як той чорт схапiў.
– Iван мо ўжо трэцi раз зiрнуў пад канапу, але акрамя свайго гальштука нiчога не ўбачыў.
Шурык зняў валiкi з канапы, але дарэмна. Мiля прынесла венiк ды выграбла ўвесь пыл з-пад буфета, шафы i ложка, але ўсё дарма. Шурык разабраў ложак, а калi засцiлаў, мармытаў праклёны. Шукалi доўга, шукалi паўсюль, нават зазiрнулi ў кубелец з салам. Сям'я Мiлько ўвайшла ў пошукавы азарт: адчынялiся i зачынялiся, а потым зноў адчынялiся шафы, буфет, стол, сервант, сцягвалiся i слалiся абрусы i покрывы, выварочвалiся кiшэнi пiнжакоў, жакетаў, портак i палiтонаў, перастаўляўся абутак...
Раптам вялiкi кутнi гадзiннiк з латунным цыферблатам i вялiкiмi, на ланцужках, гiрамi заскрыгатаў i ўдарыў - вяселле пачалося.