Вход/Регистрация
Койданава (на белорусском языке)
вернуться

Глебус Адам

Шрифт:

Як гавораць у Парыжы, "жакет ад Кардэна", так у Койданаве казалi: "памiдоры ад Шавуры". I можаце не верыць. Адно скажу, што Вiнак быў не такi просты, як выглядаў з твару.

Выглядаў Шавура будзённа i шэра. Сiвы, загарэлы па-сялянску, у старым пiнжаку, надзетым на майку. Нагавiцы ў зямлi. Галёшы на босых нагах. I ўся будзённасць i някiдкасць кампенсавалася тварам. Гэта жарт, што Вiнак меў просты твар. Калi каму цiкава, дык можна знайсцi ў Беларускай Энцыклапедыi кандыдата ў члены Палiтбюро ЦК КПСС з 1968 года Шавуру. Гэта, вядома, не койданаўскi агароднiк, але твар вельмi падобны. Вiнак, калi б на яго надзець белую кашулю i ўзяць пад гальштук, быў бы рыхтык кандыдат, i вядома чаму стрыечныя браты.

Раней на розныя камунiстычныя святы на аскетычных фасадах урадавых пабудоў, акрамя чырвона-белых лозунгаў i сцягоў, вывешвалiся манументальныя палотны з тварамi Энгельса, Ленiна, Маркса i ўсiх жывых членаў i кандыдатаў у члены Палiтбюро ЦК КПСС. Жывыя (усе, як адзiн) былi намаляваныя ў цёмных пiнжаках, белых кашулях i пад гальштукам.

Сярод вохрыстых фатаграфiчна-дакументальных твараў я заўсёды адшукваў койданаўскага земляроба i з гонарам адзначаў сваю далучанасць да вельмi вялiкай справы.

Сваяцтва Вiнака Шавуры не магло не абрасцi ў мястэчку рознымi байкамi i казкамi, як у гародзе - колькi нi палiце, нi касiце, а крапiва куток свой знойдзе. I чаго толькi не плялi доўгiя языкi!

Гандлярка Стэфа з крамы "Садавiна i гароднiна" казала, што яе муж Волесь на ўласныя вочы бачыў, як Вiнак закопваў на сваiх градах бляшанкi з золатам, якiя яму на "чайцы" прывозiў маскоўскi брат.

– Ён таму i не ходзiць нiкуды са свайго двара ды поркаецца дзень i ноч на гародзе, - нашэптвала Стэфа даверлiвым старым цёткам - Юзэфе з Канстанцыяй. I памiдоры садзiць, каб замаскiравацца. А сам крамлёўскае золата пiльнуе.

Стэфу ўсе разумелi, бо Вiнак адных памiдораў прадаваў больш, чым яна ўсёй сваёй дзяржаўнай садавiны разам з гароднiнай. План у Стэфчынай краме трымаўся толькi на тым, што напрыканцы месяца ёй прывозiлi дзесятак скрынак з "Вермутам" па сто дваццаць дзве капейкi за рыльца. А якiя ў краме памiдоры, усе i так ведаюць. А вось калi цётка Пэля параўнала свае памiдоры з Вiнакавымi, дык у яе нарадзiлася думка, што Вiнакаў брат прысылае ў Койданава амерыканскае насенне, бо толькi з амерыканскiх зярнятак могуць вырастаць такiя смачныя памiдоры. Пэля пераканала сябе i спрабавала запэўнiць iншых, што Шавура ўсiм прадае адно насенне, а сам садзiць другое.

Да таго дайшло, што Казiкаву Валю паслалi на пошту даведацца, цi не атрымлiвае часам Вiнак пакункаў з Амерыкi. Валя праз былую аднакласнiцу даведалася, што нiякiх пасылак з ЗША i Канады ў Койданава за апошнi год не прыходзiла, а Вiнак атрымлiвае толькi часопiсы па садаводству i маскоўскую газету "Правда".

Цётку Пэлю такiя звесткi не пераканалi:

– Ну i што? Калi не па пошце прыслаў, значыць, на машыне прывёз!

Пярэчыць было бессэнсоўна.

Доўгая чорна-блiскавiчная машына разы два на год спынялася каля нефарбаванай Вiнакавай брамы. З яе выскокваў, як чорцiк з табакеркi, увiшны шафёр з тонкiмi кагэбiсцкiмi вусiкамi. Адчынялiся другiя дзверцы, i на койданаўскую запыленую прыдарожную траву ступаў цьмяна-блiскучы вузкi чаравiк Шавуры-малодшага.

Кандыдат у члены Палiтбюро ЦК iшоў, высока ўзняўшы паголенае падбароддзе, у братаву хату, а за iм, угiнаючыся, бег, як ненавязаны цюцiк, адданы шафёр.

Пра што гаварылi браты Шавуры? Цi бралi яны чарку? Цi даваў малодшы старэйшаму грошы? Койданава не ведала.

Услужлiвы шафёр пакаваў у багажнiк дзяржаўнай машыны скрынкi з памiдорамi. Светлыя, з абгабляваных дошчачак, зграбныя, невысокiя скрынi Шавура-партыец прывозiў з сабою. Койданаўцы казалi, што ён возiць памiдоры ў маскоўскi Крэмль, каб частаваць Хрушчова, Брэжнева i ўсiх астатнiх членаў Палiтбюро ЦК КПСС. Сам ён столькi з'есцi не мог, а вазiць памiдоры на "чайцы", каб згнаiць i выкiнуць - глупства. Так што Шавура-цэкоўскi ўсё ж некага частаваў.

Пры ўсiм сваiм скептычным стаўленнi да ўрада, койданаўцы паважалi Шавуру-малодшага, бо разумелi - не было б яго, i не было б памiдораў ад Шавуры-старэйшага. Бо хто б тады дазволiў Вiнаку прадаваць свае таматы налева i направа?

Хто гэта ў канцы 60-х мог дараваць беларусу заняткi адасобленай уласнiцкай эканамiчнай палiтыкай? Хто б дазволiў яму садзiць памiдоры i толькi памiдоры, калi ўсе астатнiя садзяць бульбу, рэпу, капусту, моркву, буракi, агуркi i боб з гарохам? Нiхто!

А так вось былi ў Койданаве лепшыя ў Беларусi памiдоры. Я, ва ўсялякiм разе, смачнейшых не каштаваў.

Баба Ядзя давала мне папяровы рубель, манетку ў дваццаць капеек i чысты, не з-пад бульбы, кошык.

– Папросiш Вiнака, каб ён сам табе навыбiраў, - казала яна.
– Ён прапануе выбiраць, а ты скажаш, лепей вы самi навыбiрайце.

У Вiнакавай светлай хаце панаваў кiславата-салодкi востры памiдорны водар. На вокны не вешалiся фiранкi, i сонца вялiкiмi ромбамi ляжала на падлозе. У Вiнака амаль не было мэблi, так, самае неабходнае - ложак, стол, крэслы. I паўсюль на разасланых газетах у ромбах густога святла i ў празрыстых блакiтных ценях ляжалi, свяцiлiся сакаўной мякаццю праз тонкую глянцавую скурку, чырванелi наспелымi бакамi, зелянелi вострымi пупавiнамi пладаножак, патыхалi летнiм цяплом Шавуравы памiдоры.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: