Шрифт:
Сьцяпан дапiў каньяк.
Нiколi ня чуў ён такога пра сябе.
– Я вам тое кажу! Людзi, ведаеце, плятуць, э, рознае. Але пра вас не пачуеш благога, калега, - старшыня ўзяў бутэльку.
– Дазвольце налiць...
– Ах, я п'янею, - Сьцяпану прыйшоўся да спадобы армянскi.
– Прашу нямнога.
– Вам усе вераць!
– гаварыў сваё старшыня.
– Добрага чалавека кожны, ведаеце, нюхам счуе, - налiў ён i сабе.
– Памiх намi, э, здаралiся, праўда, непаразуменьнi, ды вы, дарагi, за гэта, бачу, э, не крыўдуеце на мяне. Нам трэба трымацца разам! Будзе еднасьць, дык мы Беласток сто разоў у той бок i назад перасунем. Так, так...
– Вядома, - Сьцяпан вырашыў: няхай яму не здаецца, што маiмi рукамi ён ад судоў абаронiцца!
– Вераць вам i, шчыра кажучы, я гэтаму зайздрошчу, ведаеце... Але маё службовае становiшча, э, па сваёй прыродзе мае, так сказаць, крыўдзiльны характар, разумееце, - надпiў ён з чаркi.
– Я мушу заўсёды выбiраць памiж меншым i большым злом, як палiтык, якi гэтым адрозьнiваецца ад бюракрата, што iмкнецца да мэты, а не да прадухiленьня ўласнай адказнасьцi, э...
Сьцяпан пакрыёма зноў зiрнуў на гадзiньнiк: наблiжалася чацьвертая.
– На мяне, напэўна, усялякае гавораць...
– старшыня чакаў, што на гэта скажа Сумленевiч.
– Так вам здаецца, пане старшыня.
– Ну, а ўсё-такi?
– Што вы!
– Сьцяпан заварушыўся.
– Дурноты я ня слухаю.
– А вы, калега, паслухайце iх. Гэта важнае мне, э, як кiраўнiку ўстановы, - прыцiшыўся ён. Сьцяпан не адзываўся.
– Рэагаваньне вулiцы, ведаеце, адбываецца ў рамках стэрэатыпаў, плётак, расьсейваных чутак. Арыентацыя ў iх зьяўляецца ўмовай правiдловых высноваў для плянаваньня канкрэтных пачынаў, э...
"Ён хоча прычапiць мне вуха, - Сьцяпан закурыў, ад нечаканасьцi не пачаставаўшы старшыню папяросай.
– А я ўжо думаў Бог ведае што! Разьлiчыў, шэфiк, нядурна: я, карыстаючыся ўсеагульным даверам, iдэальна падыходжу яму ў якасьцi крынiцы канфiдэнцыяльных зьвестак пра асяродзьдзе. I шантажык на мяне ў выглядзе iнспэктара ёсьць, быццам у палiцыйным кiнафiльме... Не спадзяваўся я па iм таго. Не!"
– Збор плётак ды чутак уваходзiць у дзялянку маiх службовых абавязкаў, таварыш старшыня?
– Сьцяпан устаў, як бы намерваючыся адбiць удар зьнянацку: "Абразiцца - i канцы ў воду!"
– Адкажу вам па-салдацку, - загаварыў ён зьмененым голасам.
– Абавязак радавога - ахоўваць свайго каманьдзiра ў бiтве.
– Вайсковых рэглямантаў я не чытаў, пане старшыня: не давялося мне служыць у армii. Але, час ад часу, трапляюць у мае рукi тоўстыя кнiжкi мудрацоў, зь якiх, мiж iншым, даведаўся я, што чалавек ваюе наогул самотна - перамагае або стаецца пераможаным. I нiхто нiкому ня ў сiлах дапамагчы, бо дапамаганьне нiшто iншае, як захоп, прынамсi, часткi таго кагосьцi...
– Так, так... Позна ўжо. Пайшлi дамоў, пане Сумленевiч.
Разыйшлiся яны на тратуары перад будынкам каапэратыву, скiнуўшы шапкi для кароткага паклону.
– Да пабачэньня, э...
– Да пабачэньня.
"Што сказала-б на ўсё гэта Кiра? Прамарнаваў я шанц? Старшыня па-свойму дацанiў мяне? Кiра, мая Кiрыца-палахлiлiвiца, адсекла-б: ён цябе баiцца! З боязi прапануюць сакрэтнае супрацоўнiцтва, каб... каб абясшкодзiць, во! Або... ну, што?" - Сьцяпан шчыльней захiнуўся плашчом.
13
Сьцяпана паслалi ў Бельск кантраляваць аддзел. На два днi. Меўся ён ехаць туды легкавой машынай, але ранiцай накiравалi яе ў цалкам супрацьлеглую мясцовасьць. Давялося яму купiць бiлет на аўтобус, якога плянавы рэйс, як на злосьць, не адбыўся. У касе вярнулi грошы - i Сумленевiч, пазяхаючы ад разгубленасьцi, пабег на стаянку таксi, дзе застаў ён даўжэзную чаргу. Яму сьпяшалася на чыгуначны вакзал - блiжэйшы цягнiк у Бельск ад'яжджаў праз дваццаць пяць хвiлiнаў - i ён пайшоў пешшу.
На алеi Першамая Сьцяпану пераступiў дарогу незнаёмец, якому - не адразу ўспомнiў сабе гэта - дапамагаў адкрыць рамесны варштат.
– Добры дзень, пане Сумленевiч!
– быў гэта малы бедны мужчына.
– Я й не падзякаваў вам за помач. Вы - добры чалавек. Кажу сваёй жонцы, што на сьвеце...
– Як вам працуецца?
– Сьцяпан: "Ну, канец: не пасьпею я на цягнiк!"
– Дзякую, можна жыць, - у яго, здаецца, былi штучныя зубы.
– Тады я, як убачыў вас, дык i падумаў сабе: ня можа таго быць, каб аказалiся вы благiм! Яксьцi вiдаць душу ў чалавеку. Вось, прыкладна, iдзе вулiцаю баба. Прыгледзiсься да яе i, будзь я так здароў, не памылiсься: курва яна цi нэрвовая кабета?! Во, во...
– Прабачце, - таптаўся Сьцяпан. Яму на скронях выступiў пот.
– Я на цягнiк...
– Мала ўчцiвых, такiх як вы, пане Сумленевiч...
Перабiў яго:
– Зараз учцiвым магчыма пабыць дома.
– Колькi разбою... Ах!
– хацеў ён хуценька выказацца.
– Пра нiшто iншае не пачуеш, як усё пра падкусваньне... Хто каго сьпiхнуў...
На шчасьце, цягнiк рушыў са спазьненьнем. Сьцяпан, стоячы ў перапоўненым калiдоры, выцiраўся хустачкай ды пасьмiхаўся з самога сябе: "Бачыш, балванец! Не давярайся ты чыгуначнiкам ды пунктуальнасьцi - i хопiць табе часу на многае..."