Якуб Колас
У чым iх сiла
I
Можа, гэта быў i не той верабейчык, што прасiў былiнку, каб яго пакалыхала. Але з пэўнасцю можна сказаць, што на былiнцы ён калыхаўся. Каб я ведаў вераб'iныя iмёны, то даў бы яму самае прыгожае з iх. Але пра вераб'iныя iмёны нiчога не чуваць, i ў календары яны не значацца. Дык будзем называць яго проста: Верабейка-Калыханчык.
Усё гэта адбывалася ў вёсцы. Тут былi такiя будынкi: хаты з чырвонымi комiнамi, клунi, хлевушкi, свiронкi i прыгрэбнiкi з нiзенькiмi, да самае зямлi, стрэхамi. Двары былi прасторныя i вясёлыя. Каля хат раслi кучаравыя вiшанькi; былi тут iгрушы i яблынi. З аднаго боку стаяў цёмны лес. У лесе жылi звяры i драпежныя птушкi: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Выходзiў часамi з лесу воўк i выглядаў, цi не ходзяць парасяты або другая жыўнасць. Наляталi таксама i каршуны, каб забраць бедную курыцу цi якую-небудзь птушку. А птаства тут было многа: былi тут вераб'i, ластавачкi, плiсачкi, галубы, качкi i iншыя.
Верабейка-Калыханчык знайшоў сабе жонку, таксама з славутай вераб'iнай фамiлii. I сталi яны ўдваiх будаваць сабе хатку. Аблюбавалi яны вельмi добрае месца, i не дзе-небудзь, а пад страхою гаспадарскага дома. Тут было i зацiшна i цёпла. Адным словам, такая прыўдалая шчылiна, што рэдка якому вераб'ю здаралася такая ўдача. Калыханчык насiў саломку, сухiя карэньчыкi пырнiку i наогул матэрыял болей цяжкi, бо ён жа быў мужчына. Яго жонка рабiла работу болей лёгкую i болей далiкатную: яна падбiрала пер'е.
Яе нават быў напалохаў раз певень, моцна напалохаў. Вераб'iха нацiкавала сабе белую курыную пярыну i ўзяла яе ў дзюбку. А гарлан певень крыкнуў грозна:
– Куды? Куды?
Вераб'iха ад страху выранiла пярынку i адляцела досыць далёка. Певень апамятаўся, вiдаць, пашкадаваў вераб'iху i ўжо ласкава прагаварыў да яе:
– Бяры! Бяры!
Некаторы час на двары не вiдаць было вераб'iхi. Думалi, што яна, можа, з пярэпалаху захварэла. Калыханчык быў надта заклапочаны ў гэты час. Але аказалася, што вераб'iха сядзела проста на гняздзе пад страхою, а потым прайшла чутка, што ў Калыханчыка ёсць дзецi, цэлых пяць штук.
Ну i рад жа быў Калыханчык! Кармiў сваiх дзетак, пазiраў на iх, цешыўся iмi. Калi дзецi трохi падраслi i пачалi шчабятаць, бацькi селi на страсе каля свае хаты. Яны адчувалi сябе шчаслiвымi: дзецi iх раслi, гадавалiся, дужэлi i былi разумныя. Сярод iх былi тры хлопчыкi i дзве дзяўчынкi. Называлiся хлопчыкi так: Чы-Лiн, Чын i Чук, а дзяўчаткi - Чуча i Жычка.
II
У Калыханчыка i яго жонкi былi не толькi радасцi, - быў у iх i клопат, i трывога. Iх дзецi сталi падрастаць i ўваходзiць у сiлу. Iм ужо было цесна ў бацькавай хаце, iм хацелася на свет, на прастор, на волю. Таксама хацелася i сiлу сваiх крылляў папрабаваць. Асаблiва неспакойным, жывым i праворным быў Чы-Лiн. Але на гэтым прасторы было многа небяспекi. Нядаўна сюды залятаў ястраб. Ён чуць-чуць не злавiў ластавачкi i не задраў курачкi. I толькi храбрасць пеўня Цiпа выратавала няшчасных, бо Цiп у час крыкнуў так моцна, што на яго крык выбегла гаспадыня i прагнала драпежнiка.
Параiўшыся з жонкаю, Калыханчык падляцеў да гнязда i сказаў:
– Дзецi, дзецi! Цiха сядзiце! З хаты не вылазiць, калi нас няма, а то пахапае вас ястраб.
– Няхай толькi папрабуе!
– адказаў бацьку Чы-Лiн.
Калыханчык засмяяўся ад радасцi, што мае такога смелага сына. Ён пацалаваў яго ў самую дзюбку i маланкаю памчаўся ў каноплi. Застаўшыся дома, Чы-Лiн нядоўга сядзеў спакойна. Ён далёка высунуў з гнязда галаву.
– Хачу ляцець! Хачу ляцець!
– крыкнуў ён i высунуўся яшчэ больш.
Певень Цiп, пачуўшы гэта, строга перасцярог:
– Куды? Куды?
Чын i Чуча схапiлi неспакойнага брата дзюбкамi за лапкi i не пускалi, а ён крычаў:
– Пусцi! Пусцi!
Вызвалiў лапкi i паляцеў... Але не ўгору, а ўнiз, няспрытна перабiраючы крыльцамi.
Чын, Чук, Чуча i Жычка паднялi гвалт. Прыляцелi бацькi. Справiлi крык.
Праўда, Чы-Лiн досыць шчаслiва апынуўся на зямлi каля прызбы. Ён сам страшна перапалохаўся i цяжка дыхаў.
– Сынок! Сынок!
– крычала мацi.
– Цi жывенькi ты?
Чы-Лiн шырока разявiў жоўты рот.
– Жыў! Жыў!
– адказаў матцы.
Певень, праходзячы каля прызбы, спынiўся, падкурчыў адну нагу i строга зiрнуў на беднага Чы-Лiна.
Гэты выпадак з Чы-Лiнам меў багатыя вынiкi. У той час, калi птушкi думалi пра здарэнне з Чы-Лiнам, пры лесе, на сухой дубовай галiнцы, сядзеў каршун i пiльна сачыў за тым, што робiцца навокала. Каршун быў стары, вялiкi, з загнутай сярпом дзюбай, з доўгiмi i вострымi кiпцюрамi. Улучыўшы хвiлiну, стралою мiльгануў ён у паветры i ў момант вока схапiў кiпцюрамi куранё ды панёс у лес.
Ой, якая паднялася тут сумятня, трывога!
Мацней за ўсiх крычаў певень:
– Куды панёс? Куды панёс?
Закружылiся галубы, паднялiся высока-высока ў неба. З усiх канцоў пазляталiся ластавачкi.
– Цуп-цуф! Цуп-цуф!
– крычалi яны.
Дрозд, седзячы ў гэты час за клуняю на вярбе, жаласлiва высвiстаў:
– Ухвацiў! Ухвацiў! А-а-а!
Чы-Лiн пазiраў на гэтую сумятню, дзiвiўся i, вiдаць, нешта думаў. Потым ён задраў угору галаву.
– Чук! Чук!
– пачаў клiкаць брата.