Шрифт:
На званок мiс Марпл дзверы адчынiла Глэдзiс, якая была больш прыгнечаная, чым мiс Марпл думала. У гасцёўнi - чвэрць ранейшага пакоя, падзеленага на кухню, гасцёўню, ванную i пакоiк з шафаю для служанкi, - насустрач мiс Марпл устала мiс Лавiнiя.
Лавiнiя Скiнер была высокая хударлявая жанчына гадоў пяцiдзесяцi. У яе былi грубаваты голас i рэзкiя рухi.
– Радая вас бачыць, - сказала яна.
– Эмiлiя ляжыць. Сёння яна дрэнна сябе адчувае, небарака. Спадзяюся, яна захоча ўбачыць вас, гэта падбадзёрыць яе. Праўда, часам бывае, яна нiкога не хоча бачыць. Небарака, яна - вельмi добрая.
Мiс Марпл ветлiва загаварыла. Прыслуга была галоўнай тэмаю размоў у Сент-Мары-Мiд, таму не цяжка было скiраваць i гэтую размову ў патрэбным кiрунку. Мiс Марпл сказала, што яна чула, нiбыта звальняецца такая слаўная дзяўчына, як Глэдзiс Холмс.
Мiс Лавiнiя кiўнула.
– Пасля серады. Неакуратная з пасудаю, ведаеце. Гэта недапушчальна.
Мiс Марпл уздыхнула i сказала, што ў наш час усiм нам даводзiцца з чым-небудзь мiрыцца. Цяпер так цяжка запрашаць дзяўчат у вёску. Цi напраўду мiс Скiнер мяркуе, што робiць правiльна, звальняючы Глэдзiс?
– Ведаю, як цяжка знайсцi служанку, - прызналася мiс Лавiнiя.
– У Дыверыксаў няма нiкога. Але там, я не здзiўляюся, - заўсёды свары, джаз усю ноч, застолле ў любы час. Гэта дзяўчына нiчога не разумее ў хатняй гаспадарцы. Мне шкада яе мужа! Потым Ларкiнсы зусiм нядаўна засталiся без служанкi. Я не здзiўляюся з iх страты, ведаючы характар суддзi i яго сняданак у шэсць гадзiн ранiцы - "Чота хазры", як ён яго называе. Да таго ж вечна мiтуслiвая мiсiс Ларкiнс. Праўда, у мiс Кармiчэл даўно служыць Жанет... Хоць, па-мойму, яна вельмi непрыемная жанчына i, вядома, запалохвае старую.
– Значыць, вы не можаце змянiць свайго рашэння наконт Глэдзiс? Яна ж слаўная дзяўчына. Я ведаю ўсю iх сям'ю, вельмi сумленную i прыстойную.
Мiс Лавiнiя адмоўна пакруцiла галавою.
– У мяне ёсць падставы, - важна сказала яна.
– Вы згубiлi брошку, я разумею...
– цiха напомнiла мiс Марпл.
– Хто так гаворыць? Пэўна, дзяўчына. Праўду кажучы, я амаль упэўнена, што брошку ўзяла яна. Потым спалохалася i паклала яе ў шуфлядку. Вядома, зараз можна гаварыць усё што хочаш.
Яна перавяла гаворку на другое.
– Пайшлi наведаем Эмiлiю, мiс Марпл. Я думаю, яна будзе радая.
Мiс Марпл пакорна пайшла за мiс Лавiнiяй. Гаспадыня пастукала ў дзверы i, дачакаўшыся запрашэння зайсцi, завяла госцю ў лепшы пакой у кватэры. З-за прыапушчаных штораў у пакоi было змрочна. Мiс Эмiлiя ляжала ў пасцелi, вiдаць, цешылася змрокам i сваiмi пакутамi.
Слабае святло падала на худую iстоту з нерашучым паглядам i кучмай рыжых, сiвеючых, з кудзеркамi валасоў, закручаных вакол галавы. Галава яе была падобная на птушынае гняздо, аднак гнёзды птушкi робяць куды больш ахайна. У пакоi пахла адэкалонам, чэрствым бiсквiтам i камфарай.
Прыплюшчыўшы вочы, Эмiлiя Скiнер сказала, што сёння ў яе "дзень з найгоршых".
– Хворы чалавек ведае, - гаварыла яна далей меланхалiчным тонам, - якi ён цяжар для другiх. Лавiнiя вельмi добрая. Лавi, дарагая, я так не люблю турбаваць цябе, але калi б ты налiла маю грэлку так, як я хачу... Яна вельмi поўная i цяжкая, але калi яна не зусiм поўная, дык адразу астывае.
– Прабач, мiлая. Дай яе мне. Я крыху адалью вады.
– Можа, калi ты адальеш, яе пасля можна будзе зноў напоўнiць. Дома няма сухароў. Я думаю... Не, не, гэта не мае значэння. Я магу абысцiся i без iх. Крыху нямоцнай гарбаты i цытрынавы скрылiк. Няма цытрыны? Не, я не магу пiць гарбату без цытрыны. Мне здаецца, ранiцай малако было не зусiм памяшанае. Я не люблю гарбату з малаком. Гэта не мае значэння! Я магу абысцiся без гарбаты. Толькi я вельмi нядужая. Кажуць, вустрыцы памагаюць. Цiкава, цi смачныя. Не, не, толькi не сёння, i так турбот хапае. Я магу пачакаць да заўтра.
Лавiнiя выйшла з пакоя, мармычучы сабе пад нос нешта няскладнае пра прагулку на роварах у вёску.
Мiс Эмiлiя слаба ўсмiхнулася госцi i сказала, што яна цярпець не можа рабiць каму-небудзь лiшнiя клопаты.
Вечарам мiс Марпл сказала Эдне, што, вiдаць, мiсiя да Скiнераў не дала вынiкаў.
Яна ўстрывожылася, пачуўшы, што пагалоскi пра несумленнасць Глэдзiс ужо разнеслiся па вёсцы.
На пошце яе спынiла мiс Уэтэрбi.
– Дарагая Джэйн, ёй далi пiсьмовую рэкамендацыю, у якой сказана, што яна старанная, спакойная i прыстойная, але нiчога не сказана пра яе сумленнасць. А гэта, мне здаецца, важней за ўсё! Я чула, была нейкая непрыемнасць з брошкаю. Ведаеце, думаю, у гэтым нешта ёсць, бо нiхто не адпусцiць у наш час служанку, калi тут няма нiчога сур'ёзнага. Iм будзе вельмi цяжкй знайсцi каго-небудзь яшчэ. Дзяўчаты проста не хочуць iсцi ў Олд-Хол. Яны вяртаюцца дадому на выхадныя днi нервовыя. Вось пабачыце, Скiнеры не знойдуць нiкога, i, можа, тады гэта страшная iпахандрычная сястра ўстане i зробiць што-небудзь сама.
Вялiкае засмучэнне было для вёскi, калi стала вядома, што мiс Скiнеры праз агенцтва нанялi новую пакаёўку, якая адпавядала ўсiм сястрыным патрабаванням i была бездакорная.
– У рэкамендацыi за тры гады працы яе толькi хваляць. Яна хоча працаваць толькi ў правiнцыi i нават зарплату просiць меншую, чым у Глэдзiс. Я ведаю, што нам вельмi пашчасцiла.
– Ну, не кажыце, - сказала мiс Марпл, з якой мiс Лавiнiя падзялiлася гэтымi падрабязнасцямi ў рыбнай краме.
– Вельмi ўжо гэта здаецца нечакана добрым, каб быць праўдаю.