Вход/Регистрация
Салярыс
вернуться

Лем Станислав

Шрифт:

— Адкуль ты ведаеш?!

Снаўт стаяў, не адварочваючыся. Стаяў ля самай сцяны, датыкаючыся да яе грудзьмi, нiбыта яго прыбiлi мае словы.

— Непасрэдна перад маёй пасадкай… Незадоўга да гэтага?

Снаўт скурчыўся як ад удару. Я ўбачыў яго шалёныя вочы.

— Ты?!! — выцiснуў ён. — Хто ТЫ такi?!

Здавалася, ён вось-вось кiнецца на мяне. Гэтага я не чакаў. Усё стала з ног на галаву. Ён не верыць, што я той, за каго сябе выдаю? Што гэта азначае?! Ён глядзеў на мяне з сапраўдным страхам. Цi мо гэта было ўжо шаленства? Атраўленне? Усё мажлiва. Але ж я бачыў — гэтае стварэнне, а значыць, i я сам… таксама?..

— Хто гэта быў? — спытаўся я.

Гэтыя словы крыху супакоiлi яго. Але ён пазiраў на мяне так, нiбыта яшчэ не давяраў мне. Я зразумеў, што зрабiў фальшывы крок i што ён не адкажа мне.

Снаўт паволi ўсеўся ў крэсла i сцiснуў галаву рукамi.

— Што тут адбываецца… — прамовiў ён цiха. — Бязглуздзiца…

— Хто гэта быў? — паўтарыў я.

— Калi ты не ведаеш, — прамармытаў ён.

— Дык што?

— Дык нiчога.

— Снаўт, — прамовiў я, — мы ж далёка ад дому. Давай гуляць адкрыта. Усё i так заблытана.

— Што ты хочаш?

— Я хачу, каб ты сказаў, каго ты бачыў.

— А ты?.. — падазрона прамовiў ён.

— Снаўт, ты ходзiш па кругу. Я табе скажу, але i ты мне скажы. Можаш не хвалявацца, я не буду лiчыць цябе вар’ятам, бо ведаю…

— Вар’ятам! О Божухна! — Ён паспрабаваў засмяяцца. — Мой ты чалавеча, але ж ты нiчога, зусiм нiчога… бо вар’яцтва было б выратаваннем. Калi б ён хоць на iмгненне паверыў, што з’ехаў з глузду, ён не зрабiў бы гэтага, ён быў бы жывы…

— Значыць, ты схлусiў, калi напiсаў у акце пра нервовую ўзбуджанасць?

— Вядома!

— Чаму ты не напiшаш праўду?

— Чаму? — перапытаў ён.

Запанавала маўчанне. Я зноў зайшоў у тупiк, я зноў нiчога не разумеў, а праз хвiлiну мне здалося, што я здолею пераканаць яго i мы сумесна паспрабуем адгадаць загадку. Чаму, чаму ён не хоча гаварыць?!

— Дзе робаты? — азваўся я.

— На складах. Мы замкнулi ўсiх, за выключэннем тых, якiя абслугоўваюць касмадром.

— Навошта?

Ён не адказаў.

— Ты не скажаш?

— Я не магу.

Тут было штосьцi такое, чаго я нiяк не разумеў. А мо падняцца да Сарторыуса? Раптам я ўспомнiў запiску, i яна падалася мне на гэты момант сама важнай справай.

— Як ты ўяўляеш нашу далейшую працу ў такiх абставiнах? — спытаўся я.

Снаўт пагардлiва пацiснуў плячыма:

— Якое гэта мае значэнне?

— Ах, так? Што ж ты будзеш рабiць?

Снаўт маўчаў. Недзе ў далёкай цiшынi зашлёпалi босыя ногi. Пасярод нiкелю i пластыку, высокiх шафаў з электроннай апаратурай, шкла, дакладных прыбораў гэтае шлёпанне гучала як няўдалы жарт нейкага пустадомка. Крокi наблiжалiся. Я ўстаў i напружана сачыў за Снаўтам. Ён услухоўваўся, прымружыўшы вочы, але не падаваў прыкмет страху. Выходзiць, ён баяўся не яе?

— Адкуль яна з’явiлася? — спытаўся я. I на яго маўчанне дадаў: — Ты не хочаш сказаць?

— Я не ведаю.

— Добра.

Крокi аддалiлiся i сцiхлi.

— Ты не верыш мне? — прамовiў Снаўт. — Даю табе слова, што не ведаю.

Я моўчкi адчынiў шафу са скафандрамi i пачаў рассоўваць цяжкiя пустыя абалонкi. Як я i меркаваў, углыбiнi, на круках, вiселi газавыя пiсталеты для палёту ў прасторы без гравiтацыi. Вядома, гэта не зброя, але газавы пiсталет лепш, чым нiчога. Я праверыў зарад i павесiў пiсталет у футарале цераз плячо. Снаўт уважлiва назiраў за мной. Калi я падбiраў даўжыню раменьчыка, ён з’едлiва ўсмiхнуўся, паказаўшы жоўтыя зубы.

— Удалага палявання! — прамовiў ён.

— Дзякуй табе за ўсё, — сказаў я i накiраваўся да дзвярэй.

Ён ускочыў з крэсла:

— Кельвiн!

Я зiрнуў на яго. Ён ужо не ўсмiхаўся. Бадай што нiколi я не бачыў такога спакутаванага твару.

— Кельвiн, гэта не… Я… я… сапраўды не магу, — мармытаў Снаўт.

Я чакаў, цi скажа ён што-небудзь яшчэ, але ён толькi мыляў губамi, нiбыта хацеў з iх нешта выцiснуць.

Я павярнуўся i моўчкi выйшаў.

САРТОРЫУС

Калiдор быў пусты. Напачатку ён вёў прама, а пасля збочваў управа. Я нiколi не быў на Станцыi, але пад час падрыхтоўкi правёў шэсць тыдняў у яе дакладнай копii, якая знаходзiцца ў Iнстытуце, на Зямлi. Я ведаў, куды вядзе алюмiнiевы трап. У бiблiятэцы было цёмна. Вобмацкам знайшоў выключальнiк. Калi адшукаў у картатэцы дадатак да першага тома «Салярыстычнага штогоднiка» i нацiснуў на клавiшу, у адказ запалiўся чырвоны агеньчык. Я праверыў у рэгiстратары — кнiжка была ў Гiбарыяна, як i другая — «Малы Апокрыф». Я патушыў святло i спусцiўся назад. Я баяўся iсцi да Гiбарыяна, хоць i чуў, што яна выйшла. Але ж яна магла туды вярнуцца. Я пастаяў ля дзвярэй, пасля, сцiснуўшы зубы, прымусiў сябе ўвайсцi.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: