Шрифт:
— Я не ведаю дэталяў. Гэта была iдэя Гiбарыяна. Ён распачаў разам з Сарторыусам. Але адкуль ты пра гэта ведаеш?
Я пацiснуў плячыма.
— Не ведаеш дэталяў? Ты мусiш быць пад час доследаў, гэта ж уваходзiць у твае абавязкi. — Я не дагаварыў.
Снаўт маўчаў. Пiск кандыцыянера сцiх. Тэмпература была нармальная. У паветры вiсеў толькi несцiханы высокi гук, якi нагадваў мармытанне канаючай мухi. Снаўт устаў, падышоў да пульта кiравання i пачаў бяссэнсава пстрыкаць выключальнiкамi — галоўны рубiльнiк быў адключаны. Праз нейкi час ён прамовiў, не паварочваючы галавы:
— Трэба будзе ў сувязi з гэтым выканаць усе фармальнасцi… ведаеш…
— Праўда?
Ён павярнуўся i зiрнуў на мяне нiбыта шалёны. Не магу сцвярджаць, што я знарок стараўся вывесцi яго з раўнавагi, але нiчога не разумеючы ў гульнi, якая тут распачалася, я мусiў быць стрыманым. Пад каўняром яго чорнага свiтэра рухаўся востры кадык.
— Ты быў у Гiбарыяна, — прамовiў Снаўт нечакана.
Гэта не прагучала запытаннем. Я ўзняў бровы i спакойна пазiраў у яго твар.
— Ты быў у яго пакоi, — паўтарыў ён.
Я кiўнуў, нiбыта згаджаючыся: «Дапусцiм. Ну i што?»
Я хацеў, каб ён працягваў.
— Хто там быў? — спытаўся Снаўт.
Ён ведаў пра яе!!!
— Нiкога. А хто там мог быць? — спытаўся я.
— Тады чаму ты мяне не пусцiў?
Я ўсмiхнуўся.
— Спалохаўся. Ты ж мяне папярэджваў. Калi клямка зрушылася, я iнстынктыўна прытрымаў яе. Чаму ты не сказаў, што гэта ты? Цябе я пусцiў бы.
— Я думаў, што там Сарторыус, — прамовiў ён няпэўна.
— Ну i што?
— Як ты лiчыш… што там сталася? — адказаў ён пытаннем на пытанне.
Я вагаўся.
— Ты павiнен ведаць лепш за мяне. Дзе ён?
— У халадзiльнiку, — адразу растлумачыў Снаўт. — Мы перанеслi яго ранкам, адразу ж… таму што гарачыня.
— Дзе ты яго знайшоў?
— У шафе.
— У шафе? Ён быў ужо нежывы?
— Сэрца яшчэ стукала, але ён ужо не дыхаў. Гэта была агонiя.
— Ты спрабаваў яго ўратаваць?
— Не.
— Чаму?
Ён памарудзiў.
— Я не паспеў. Ён памёр раней, чым я яго паклаў.
— Ён стаяў у шафе? Памiж камбiнезонамi?
— Так.
Снаўт падышоў да невялiкага пiсьмовага стала ў куце, узяў там лiсток паперы i паклаў яго перада мной.
— Я напiсаў папярэднi акт, — прамовiў ён. — Добра, што ты агледзеў пакой. Прычына смерцi… смяротная доза пернасталу. Там напiсана.
Я вачыма прабег кароткi тэкст.
— Самазабойства… — паўтарыў я цiха. — А прычына?..
— Нервовае ўзрушэнне… дэпрэсiя… альбо як гэта там называецца. Ты ведаеш гэта лепш, чым я.
— Я ведаю толькi тое, што сам бачу, — запярэчыў я i глянуў яму ў вочы, бо ён стаяў нада мной.
— Што ты хочаш сказаць? — спакойна спытаўся Снаўт.
— Ён увёў сабе пернастал i схаваўся ў шафе? Калi было менавiта так, то гэта не дэпрэсiя, не нервовая ўзбуджанасць, а востры псiхоз. Паранойя… Напэўна, яму здавалася, што ён нешта бачыць… — працягваў я ўсё больш павольна, пазiраючы яму ў вочы.
Ён адышоўся ад радыёпульта i зноў пачаў пстрыкаць выключальнiкамi.
— Тут толькi твой подпiс, — азваўся я праз хвiлiну. — А Сарторыуса?
— Ён у лабараторыi. Я табе ўжо казаў. Ён не паказваецца; я думаю, што…
— Што?
— Што ён замкнуўся.
— Замкнуўся? Ах, замкнуўся. Вось што! А мо барыкады ўзвёў?
— Мажлiва.
— Снаўт… — пачаў я, — на Станцыi нехта ёсць.
— Ты бачыў?!
Ён нагнуўся да мяне.
— Ты абараняў мяне. Ад каго? Цi мо гэта галюцынацыя?
— Што ты бачыў?!
— Гэта чалавек, праўда?
Снаўт не адказаў. Ён адвярнуўся да сцяны, нiбыта не хацеў, каб я бачыў яго твар. Ён барабанiў пальцамi па металiчнай перагародцы. Я пазiраў на яго руку. На костачках ужо не было крывi. I тут я раптоўна зразумеў.
— Гэты чалавек рэальны, — прамовiў я цiха, амаль што шэптам, нiбыта перадаваў яму тайну, якую маглi падслухаць. — Так? Да яго можна… дакрануцца? Яго можна… паранiць… апошнi раз ты бачыў яго сёння.