Вход/Регистрация
Салярыс
вернуться

Лем Станислав

Шрифт:

Камiсiя: А ты не думаў, што ў цябе галюцынацыi?

Бертан: Не. Я думаў, што гэта мiраж. Пра галюцынацыi не можа быць i гаворкi: па-першае, я адчуваў сябе нармальна, па-другое, iх у мяне наогул нiколi не было. Калi я падняўся на вышыню 300 метраў, туман унiзе пада мной, пранiзаны лейкамi, быў падобны на сыр. Адны з гэтых дзiрак былi пустыя, праз iх бачны хвалi Акiяна, у iншых нешта клубiлася. Я знiзiўся ў адну з леек i з вышынi сарака метраў убачыў, што пад паверхняй Акiяна — зусiм неглыбока ляжыць як быццам сцяна вельмi вялiкага будынка; яна выразна бачылася праз хвалi, у ёй знаходзiлiся радкi правiльнай формы адтулiн, падобных на вокны; у некаторых вокнах, па-мойму, нешта рухалася, але ў гэтым я не цалкам упэўнены. Сцяна стала пакрысе падымацца i выступаць з Акiяна, з яе цэлымi вадаспадамi сцякала слiзь i звiсалi нейкiя пражылкi. Раптам сцяна развалiлася на дзве часткi i пачала хутка апускацца ў глыбiню, а пасля знiкла. Я зноў набраў вышыню i ляцеў проста над туманам — шасi амаль дакраналiся да яго. Наступны лейкападобны прасвет быў у некалькi разоў большы за першы. Яшчэ здалёку я ўбачыў: там плавае нешта светлае, амаль белае, абрысы нагадвалi фiгуру чалавека. Я падумаў — мо гэта скафандр Фехнера? Баючыся згубiць гэтае месца, я крута развярнуў машыну. Фiгура крыху прыўзнялася: здавалася, яна плыве або стаiць да пояса ў хвалях. Я занадта паспешна лiквiдаваў вышыню i адчуў, як шасi зачапiлiся за нешта мяккае — напэўна, за грэбень хвалi, даволi высокай у гэтым месцы. Чалавек — так, менавiта чалавек — быў без скафандра, i ўсё адно ён шавялiўся.

Камiсiя: Ты бачыў яго твар?

Бертан: Бачыў.

Камiсiя: Хто гэта быў?

Бертан: Дзiця.

Камiсiя: Якое дзiця? Ты бачыў яго калi-небудзь раней?

Бертан: Не. Нiколi. Ва ўсякiм выпадку я гэтага не памятаю. Як толькi я наблiзiўся — напачатку мяне аддзяляла ад яго метраў сорак, а мо крыху больш, я адразу зразумеў, што тут штосьцi не так.

Камiсiя: Што ты маеш на ўвазе?

Бертан: Зараз растлумачу. Спачатку я разгубiўся, а пасля зразумеў: дзiця было незвычайна вялiкага росту. Мала сказаць — велiкан. Яно было метры чатыры. Помню дакладна: калi шасi стукнулася аб хвалю, твар дзiцяцi знаходзiўся крыху вышэй за мой твар, а я, хоць i сядзеў у кабiне, быў, вiдаць, метры за тры ад паверхнi Акiяна.

Камiсiя: Калi яно было такое вялiкае, чаму ты лiчыш, што гэта дзiця?

Бертан: Таму, што яно было зусiм маленькае.

Камiсiя: Цi не здаецца табе, што твой адказ нелагiчны?

Бертан: Не. Не здаецца. Я бачыў яго твар. Ды i склад цела быў дзiцячы. Яно здалося мне амаль… амаль грудным. Не, не тое. Яму магло быць два альбо тры гады. У яго былi чорныя валасы i блакiтныя вочы — вялiзныя! Яно было голае, зусiм голае, нiбыта толькi што нарадзiлася. I мокрае, а больш дакладна пакрытае слiззю, скура яго блiшчала.

Гэты малюнак страшна падзейнiчаў на мяне. Больш я не верыў нiякiм мiражам. Бо я разгледзеў дзiця надта добра. Хвалi хiсталi яго, i, акрамя таго, яно само рухалася, гэта было агiдна!

Камiсiя: Чаму? Што яно рабiла?

Бертан: Яно было падобна на музейны экспанат, на нейкую ляльку, толькi жывую. Адкрывала, заплюшчвала вочы, выконвала розныя рухi — агiдныя рухi! Вось iменна, агiдныя. Бо рухi былi не яго.

Камiсiя: Як гэта зразумець?

Бертан: Я быў метраў за пятнаццаць ад яго, ну мо за дваццаць. Я ўжо казаў, якое яно вялiкае, таму я вельмi добра яго бачыў. Вочы яго блiшчалi, яно здавалася жывым, але вось рухi… Нiбыта нехта спрабаваў… быццам нехта праводзiў выпрабаваннi…

Камiсiя: Што ты маеш на ўвазе? Пастарайся растлумачыць дакладна.

Бертан: Не ведаю, цi ўдасца. Так мне падалося. Iнтуiтыўна. Я не iмкнуўся разабрацца ў сваiх уражаннях. Рухi былi ненатуральныя.

Камiсiя: Ты маеш на ўвазе, што рукi, напрыклад, рухалiся так, быццам у iх наогул не было суставаў?

Бертан: Не. Не тое. Проста… Рухi не мелi нiякага сэнсу. Бо кожны рух мае свой сэнс, нечаму служыць…

Камiсiя: Ты так лiчыш? Рухi груднога дзiцяцi не заўсёды мэтанакiраваныя.

Бертан: Ведаю. Але рухi немаўляцi бязладныя, не скаардынаваныя. А гэтыя… так, гэтыя рухi былi метадычныя. Яны чаргавалiся, паўтаралiся. Нiбы нехта спрабаваў высветлiць, што iменна дзiця можа зрабiць рукамi, а што — тулавам i ротам. Але страшней за ўсё быў твар, вiдаць, таму, што твар звычайна надта выразны, а тут ён быў як… не, не магу растлумачыць. Твар быў жывы, але не чалавечы, разумееце, рысы твару, вочы, скура — усё як у чалавека, а выраз, мiмiка — не.

Камiсiя: Мо дзiця корчыла грымасы? Цi ведаеш ты, якi выгляд мае твар чалавека пад час прыступу эпiлепсii?

Бертан: Ведаю. Я назiраў такi прыступ. Разумею пытанне. Не, тут было iншае. Пад час эпiлепсii — сутаргi i канвульсii, а тут — абсалютна плаўныя i бесперапынныя рухi, з пералiвамi, калi так можна сказаць. I твар, з тварам было тое самае. Не бывае так, каб адна палова твару была вясёлая, а другая самотная, адна частка выяўляла пагрозу або спалох, а другая ўрачыстасць або што-небудзь падобнае, а тут было менавiта так. Акрамя таго, i рухi, i мiмiка змянялiся незвычайна хутка. Я быў там не вельмi доўга, секунд дзесяць. Не ведаю нават, цi дзесяць.

Камiсiя: I ты заяўляеш, што ўсё разгледзеў за некалькi секунд? Дарэчы, як ты вызначыў, колькi мiнула часу? Ты глядзеў на гадзiннiк?

Бертан: Не. На гадзiннiк я не глядзеў. Але я лётаю ўжо шаснаццаць гадоў. У маёй прафесii галоўнае — умець адчуваць час з дакладнасцю да секунды, я маю на ўвазе хуткасць рэакцыi. Гэта патрэбна пад час пасадкi. Пiлот, якi не можа, незалежна ад абставiн, зарыентавацца, колькi мiнула секунд — пяць або дзесяць, нiколi не стане майстрам сваёй справы. Гэта датычыць i назiранняў. Чалавек з гадамi прывыкае ўсё лавiць на хаду.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: