Шрифт:
Я падняў руку Хэры. Вакол пазногцяў запяклася кроў, але раны знiклi, далонь зацягнулася маладой, ружовай скуркай, парэзы гаiлiся проста на вачах.
Я сеў, пагладзiў Хэры па твары i паспрабаваў усмiхнуцца ёй, але не магу сказаць, што мне гэта ўдалося.
— Хэры, нашто ты гэта зрабiла?
— Не. Гэта… я?
Яна вачыма паказала на дзверы.
— Так, ты. Хiба не памятаеш?
— Не. Я заўважыла, што цябе няма, спалохалася i…
— I што?
— Пачала шукаць цябе, падумала, што ты, мажлiва, у душавой…
Толькi зараз я ўбачыў, што шафа, якая зачыняла ўваход у душавую, адсунута.
— А пасля?
— Я пабегла да дзвярэй.
— I што?
— Не помню. Штосьцi адбылося?
— Што?
— Не ведаю.
— А што ты помнiш? Што было пасля?
— Я сядзела тут, на ложку.
— Хiба ты не помнiш, як я перанёс цябе сюды?
Хэры вагалася. Куточкi яе вуснаў апусцiлiся, твар стаў напружаным.
— Здаецца… Магчыма. Сама не ведаю.
Яна ўстала, падышла да разламаных дзвярэй.
— Крыс!
Я абняў яе за плечы. Хэры дрыжала. Раптам яна павярнулася, шукаючы мой позiрк.
— Крыс, — шаптала яна, — Крыс.
— Супакойся,
— Крыс, няўжо, Крыс, няўжо ў мяне эпiлепсiя?
Эпiлепсiя, о Божухна! Мне стала смешна.
— Не, каханая. Проста дзверы тут такiя, што… так, тут гэткiя дзверы…
Мы выйшлi з пакоя, засланкi iлюмiнатара з працяглым вiскам паднялiся, i паказаўся сонечны дыск, якi апускаўся ў Акiян.
Я накiраваўся на невялiкую кухню, што знаходзiлася ў другiм канцы калiдора. Мы гаспадарылi разам з Хэры, вялi пошукi ў шкапчыках i халадзiльнiку. Хутка я зразумеў, што Хэры не надта ўмее кухарыць, а здольная толькi адчыняць кансервы, гэта ўмеў i я. Я праглынуў змесцiва дзвюх такiх бляшанак i выпiў некалькi фiлiжанак кавы. Хэры таксама ела, але ела, як часам ядуць дзецi, якiя не хочуць рабiць прыкрасцi дарослым, — нават не з прымусам, а механiчна i абыякава.
Пасля мы пайшлi ў невялiкi аперацыйны пакой, побач з радыёстанцыяй; у мяне быў сякi-такi план. Я сказаў Хэры, што хачу на ўсялякi выпадак яе абследаваць. Я сеў на складное крэсла i дастаў са стэрылiзатара шпрыц i iголкi. Я ведаў амаль на памяць, дзе што знаходзiцца, бо так вымуштравалi нас на Зямлi, на трэнажоры. Я ўзяў кроплю крывi з пальца Хэры i зрабiў мазок, высушыў яго ў экспiкатары, апрацаваў iонамi серабра ў высокiм вакууме.
Рэальнасць гэтай працы супакойвала. Хэры, лежачы на падушках раскладзенага крэсла, разглядвала аперацыйны пакой, застаўлены рознымi апаратамi.
Цiшыню перапынiла мармытанне ўнутранага тэлефона. Я ўзяў трубку.
— Кельвiн слухае, — прамовiў я, не зводзячы вачэй з Хэры, якая з пэўнага часу стала апатычнай, нiбыта за апошнiя гадзiны яе ўсю вычарпалi.
— Ты ў аперацыйнай? Нарэшце! — пачуў я ўздых палёгкi.
Гэта быў Снаўт. Я чакаў, прыцiснуўшы трубку да вуха.
— У цябе «госць», праўда?
— Праўда.
— I ты заняты.
— Так.
— Сякiя-такiя даследаваннi?
— А што? Ты хацеў згуляць партыю ў шахматы?
— Не блазнуй, Кельвiн. Сарторыус хоча з табой сустрэцца. Дакладней, з намi.
— Вось дык навiна, — здзiвiўся я. — А што з… — Я не закончыў, а пасля дадаў: — Ён адзiн?
— Не. Я недакладна сказаў. Ён хоча з намi паразмаўляць. Звяжамся ўтрох, па вiдэатэлефоне, але толькi заслонiм экран.
— Ах, так? Чаму ён не пазванiў адразу мне? Яму сорамна?
— Нешта накшталт гэтага, — прамармытаў Снаўт. — Ну як?
— Значыць, нам трэба дамовiцца? Давай праз гадзiну. Добра?
— Добра.
На маленькiм, не большым за далонь, экране я бачыў толькi яго твар. Снаўт дапытлiва пазiраў мне ў вочы. У трубцы трашчалi разрады.
Пасля Снаўт рашуча прамовiў:
— Як ты маешся?
— Зносна. А ты?
— Лiчу, крыху горай за цябе. Я мог бы?..
— Ты хочаш прыйсцi да мяне? — здагадаўся я.
Я зiрнуў на Хэры. Яна звесiла галаву з падушкi i ляжала, закiнуўшы нагу на нагу, ад самоты падкiдвала срэбны шарык, якiм заканчваўся ланцужок ля поручня крэсла.
— Пакiнь гэта, чуеш? Пакiнь! — пачуўся гучны голас Снаўта.
Я ўбачыў на экране яго профiль. Больш я нiчога не пачуў, ён закрыў рукой мiкрафон, я бачыў толькi яго губы, якiя шавялiлiся.
— Не, я не магу прыйсцi. Мо пасля. Праз гадзiну, — хутка сказаў ён, i экран патух.