Вход/Регистрация
Клубок гадзюк (на белорусском языке)
вернуться

Мориак Франсуа

Шрифт:

Я чуў, як Хюбэр гаварыў сястры:

– Неверагодна!.. Неверагодна!.. Такое багацце!..

Потым яны пашапталiся трохi, i раптам Жэнеўева заявiла, што яны не могуць прыняць такой ахвяры, не хочуць, каб я пазбаўляў сябе ўсяго дзеля iх.

Дзiўна гучалi для мяне словы: "ахвяры", "пазбаўляў сябе...". Хюбэр настойваў:

– Ты вельмi стамiўся, перахваляваўся за сёння i таму, можа, усё так паспешлiва вырашаеш. Не такi ты ўжо хворы, як табе здаецца. Табе яшчэ i сямiдзесяцi няма, а з грудной жабай людзi да ста дажываюць. Праз нейкi час ты пашкадуеш аб сваiм сённяшнiм рашэннi. Калi ты хочаш, я вызвалю цябе ад усiх матэрыяльных клопатаў. Але жывi сабе спакойна i валодай усiм, што табе належыць. Мы заўсёды хацелi толькi справядлiвасцi...

Мяне апаноўвала страшэнная стома. Ад бяссоннiцы злiпалiся вочы. Я сказаў, што рашэнне маё канчатковае i больш абмяркоўваць я нiчога не хачу да прыходу натарыуса.

Яны пайшлi да дзвярэй. Не паварочваючы галавы, я кiнуў услед iм:

– Забыўся вас папярэдзiць: я прызначыў штомесячную рэнту ў паўтары тысячы франкаў свайму сыну Рабэру, - я абяцаў яму. Напомнi мне пра гэта, Хюбэр, калi мы будзем падпiсваць акт.

Хюбэр пачырванеў. Такой стралы ён не чакаў. А Жэнеўева не заўважыла тут нiякага падвоху. Толькi вочы яе сталi круглыя ад здзiўлення. Яна хутка ўсё падлiчыла:

– Васемнаццаць тысяч у год! А табе не здаецца, што гэта мнагавата?..

XVIII

Луг сёння святлейшы за неба. Ад мокрай зямлi падымаецца дымок. У лужынах адлюстроўваецца няясны нябесны блакiт. Да ўсяго ў мяне сёння жывая цiкавасць, як i ў тыя часы, калi я сам быў гаспадаром у Калезе. А цяпер усё тут ужо не маё, але сваёй беднасцi я не адчуваю. Льюць дажджы. У бяссонныя ночы я чую, як цяжкiя кроплi б'юць па чарапiцы, ведаю, што будзе бяда: пагнiе вiнаград, i перажываю, як i тады, калi вiнаграднiкi былi мае. Цяпер толькi я зразумеў, што не ўласнiк, не сквапны багацей жыў ува мне, а селянiн з яго спрадвечнай любасцю да зямлi. Так, так - селянiн, нашчадак тых, каму зямля была храмам i майстроўняй, бядой i ўцехай. Для дзядоў, прадзедаў маiх кожны дзень пачынаўся з таго, што з трывогай i надзеяй углядалiся яны ў небасхiл, спрабуючы адгадаць, чаго сёння чакаць: буры цi пагоды...

Мая рэнта будзе накоплiвацца ў натарыуса: мне пакуль што нiчога не трэба. А зрэшты, калi мне чаго бракавала?!. Усё жыццё я iшоў не да сваёй мэты... Усё жыццё ганяўся за грашыма, эканомiў, дрыжаў над кожным сантымам, а аказалася, што не патрэбна мне было нi золата, нi багацце... Усё жыццё быў палоннiкам страсцей, якiя на самай справе мной не валодалi, былi мне чужыя... Як сабака, што брэша на месяц, быў я загiпнатызаваны халодным бляскам прагi i сквапнасцi... Божа! Прачнуцца ў шэсцьдзесят восем гадоў! Адрадзiцца перад самай смерцю! Божа, дай жа мне пажыць яшчэ хоць некалькi месяцаў, хоць некалькi тыдняў!..

Сядзелку ўжо адправiлi назад у горад, - я адчуваю сябе намнога лепш. Са мной засталiся Эрнэст i Амелiя. Уколы рабiць яны ўмеюць; служылi яшчэ пры Iзе. У мяне пад рукой самыя неабходныя лякарствы: ампулы марфiну i нiтрыту. Сын i дачка - у горадзе. Яны ўсё яшчэ занятыя падзелам маёмасцi. Сюды прыязджаюць найчасцей тады, калi трэба параiцца наконт ацэнкi той цi iншай часткi спадчыны. Усё iдзе даволi мiрна, без асаблiвых спрэчак. Абое баяцца прагадаць i таму знайшлi даволi камiчнае выйсце: усё дзялiць папалам, нават камплекты бялiзны, наборы чарак i сервiзы. Яны гатовы рэзаць папалам i габелен цi дыван, абы толькi ён не дастаўся каму-небудзь аднаму. Ну што ж, яны хочуць, каб усё было па справядлiвасцi. Вось так разумеюць яны справядлiвасць... О, яны ўмеюць падбiраць сваiм нiкчэмным пачуццям высокiя патэтычныя назвы!.. Ды што гэта я?
– Не, не, я адмаўляюся ад апошняга сказа, выкрэслiваю яго. Хто ведае, можа, i яны ў палоне тых iмкненняў, жаданняў, якiя на самай справе не маюць у iх душах глыбокiх каранёў?

А што яны думаюць пра мяне? Напэўна, абое лiчаць, што я быў пераможаны i здаўся. Ну, а самi, нябось, ходзяць "у пераможцах". Хоць, праўда, кожны раз пры сустрэчы яны з вялiкай павагай адносяцца да мяне i ўсё дзякуюць, дзякуюць... I ўсё ж яны з нейкiм здзiўленнем глядзяць на мяне. А Хюбэр увогуле насцярожана сочыць за мной. Няма ў яго ўпэўненасцi, што зброю сваю я зусiм склаў. Ды супакойся ты, бедачына! Мяне вам не было чаго баяцца ўжо ў той дзень, калi вы прывезлi мяне ў Калез, каб я тут адпачыў, паправiўся... А цяпер!.. Куды мне ўжо!..

За лугам вiдаць доўгiя рады высокiх вязаў i таполяў. Дрэвы прагна цягнуцца ўгору, нiбы спрачаюцца, каторае вышэйшае. Над палеткам клубiцца туман i дым. Паляць пустазелле. У нас ужо восень. На гронках вiнаграду блiшчаць кроплi дажджу. Учора пакаштаваў я вiнаграду: ягады кiслыя, цвёрдыя. I цяпер ужо не налiцца iм салодкiм духмяным сокам, - усё адабраў ад iх дажджлiвы жнiвень. Позна! А для нас, людзей?.. Можа, для нас нiколi не бывае позна? Зноў i зноў я ўпарта паўтараю сабе, што для чалавека позна нiколi не бывае...

На другi дзень пасля прыезду ў Калез я зайшоў у жончын пакой. Зрабiў я гэта, вядома, не ад глыбокай пашаны да нябожчыцы: проста мне не было чым заняцца (нiякiх спраў, клопатаў у мяне тут няма, i я нават яшчэ не зразумеў, добра гэта цi дрэнна)... Акно расчынена насцеж, шафы адамкнутыя, шуфляды камода выцягнутыя... Слугi ўсё адсюль павыносiлi. Пакой апусцеў... Засталiся толькi нябачныя сляды гаспадынi... Але i iх хутка знiшчаць сонечныя промнi i вецер... Стаяў цёплы вераснёўскi дзень. Густыя круглыя кроны лiп нагадвалi нейкiя казачныя плады. А над iмi ўрачыста ззяў асеннi блакiтны небасхiл... Аднекуль данёсся звонкi дзявочы смех. Над вiнаграднiкам варушылiся залацiстыя ад сонца капелюшы - пачаўся збор вiнаграду...

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: