Шрифт:
I вось надышоў дзень, калi я зразумеў, што спадзявацца няма на што: не скончыцца вайна раней, чым Люка адправяць на перадавую. Калi немцы прарвалi фронт у Шмэн-дэ-Дам, Люк прыехаў да нас развiтацца, - на два тыднi раней, чым меркавалася. Як гэта кепска! Набяруся мужнасцi i нагадаю табе яшчэ адну страшную падрабязнасць, ад якой я i цяпер яшчэ з крыкам прачынаюся начамi. У той дзень я пайшоў у свой кабiнет i дастаў з пiсьмовага стала скураны пояс, якi спецыяльна заказаў у рымара. Я стаў на лаўку i паспрабаваў падсунуць да сябе гiпсавую галаву Дэмасфена, якая стаяла на самым версе кнiжнай шафы. Але мне гэта было не пад сiлу. Галава была бiтком набiта залатымi манетамi. Тады я прыгаршчамi набраў манет, якiмi даражыў больш за ўсё на свеце, i запхнуў iх у пояс. Калi я злез з лаўкi, гэтая скураная змяя, што праглынула столькi золата, абвiлася вакол маёй шыi i цяжка цiснула на патылiцу.
Я сарамлiва падаў пояс Люку. Ён спачатку нiчога не зразумеў:
– А навошта мне гэта? Што я з iм...
– О! Люк! Гэта табе яшчэ як спатрэбiцца! А раптам у палон трапiш... Ды цi мала што!.. З золатам, брат, нiколi не прападзеш!
– Дзядзька!
– засмяяўся ён.
– У мяне i так барахла хапае. Няўжо ты падумаў, што я яшчэ павалаку з сабой гэты пояс? Ды ў першай жа атацы я выкiну яго ў кустах.
– Але, хлопчык, дарагi, у пачатку вайны ўсе, хто меў золата, бралi яго з сабой.
– Яны проста не ведалi, што iх чакае на фронце.
Ён стаяў пасярод пакоя. Потым кiнуў залаты пояс на канапу. Якiм жа кволым здаўся мне тады гэты дужы здаровы юнак у вайсковай форме не па росту. З шырокага каўняра выступала тоненькая дзiцячая шыйка. Валасы ўжо былi падстрыжаны нагала, i ад гэтага твар страцiў своеасаблiвасць, стаў такiм, як i ва ўсiх салдат. Ужо яго падрыхтавалi да смерцi, ужо "прыбралi", як i ўсiх астатнiх, ужо нельга адрознiць яго ад iншых, ужо стаў ён безыменным, невядомым, ужо прапаў... Люк яшчэ раз абыякава глянуў на пояс, потым узняў вочы на мяне. У позiрку яго была насмешка, пагарда... I ўсё ж ён абняў, пацалаваў мяне на развiтанне. Разам мы выйшлi на двор. Ён адышоўся на некалькi крокаў, яшчэ раз глянуў на мяне i цiха сказаў:
– Здаў бы ты ўсё гэта ў Французскi банк.
А я ўжо нiчога не бачыў: слёзы засляпiлi вочы... Чуў толькi, як ты, смеючыся, адказала яму:
– Ого! Чаго захацеў?! Такога ад яго не дачакаешся.
Доўга стаяў я на ганку... I раптам ты спыталася:
– Прызнайся, ты ж ведаў, што ён не возьме золата? Гэта што? Прыгожы жэст?
I тут я ўспомнiў, што пояс застаўся на канапе. А слугi - народ цёмны! Нiколi не ведаеш, чаго ад iх чакаць...
Я хуценька пайшоў да сябе, ускiнуў пояс на плечы i зноў высыпаў золата ў галаву Дэмасфена.
Праз некалькi дзён памерла мама, а я амаль не памятаю гэтага. Апошнi час яна цяжка хварэла i жыла не з намi. Цяпер вось кожны дзень я думаю пра яе, i паўстае перада мною мама маладая, здаровая, прыгожая, якой была яна ў днi майго маленства. А вобраз нямоглай, хворай старой чамусьцi сцёрся ў памяцi. Ненавiджу хадзiць на могiлкi, а да мамiнага помнiка часам хаджу. Раней прыносiў кветкi, цяпер перастаў, бо iх усё роўна крадуць. Беднякi прыходзяць красцi ружы багацеяў, каб пажывiцца за кошт нябожчыкаў. Трэба было б паставiць абгародку, ды пры цяперашнiх цэнах гэта дорага каштуе... Люк... Бедны хлопчык... У цябе i магiлкi няма. Ён прапаў - так i лiчыцца: "прапаў без вестак". Я нашу ў бумажнiку тую адзiную паштоўку, якую ён паспеў мне напiсаць: "Усё iдзе добра. Пасылку атрымаў. Моцна цалую". Так i напiсаў: "Моцна цалую". Такi сказаў мне добрае слова бедны мой хлопчык...
XI
Сёння ўночы прачнуўся ад удушша. Давялося ўставаць. Ледзь давалокся да крэсла i пад сумнае завыванне ветру перачытаў апошнiя старонкi сваiх запiсак. Божа мой! Якую мярзотнасць маёй душы яны адкрываюць!.. Перад тым як зноў пiсаць, я пасядзеў ля акна. Вецер сцiх. Неба праяснiлася. Спакойна спаў гарадок. I нечакана ў тры гадзiны ночы зноў наляцеў вецер, прагрукатаў па небе гром i па чарапiчным даху моцна забарабанiлi цяжкiя, халодныя кроплi дажджу. Я нават спалохаўся, што гэта, можа, град. Закалола ў сэрцы. Толькi-толькi адцвiлi вiнаграднiкi, узялася завязь будучага ўраджаю - i на табе: такi лiвень! Як наўмысна!..
А зрэшты, што мне да таго ўраджаю?! Увесь ураджай са свайго жыццёвага загону я ўжо сабраў. Мне застаецца толькi адно: пакуль ёсць час, спазнаць трохi лепш самога сябе... Паслухай, Iза, пасля маёй смерцi ты знойдзеш у сейфе сярод папер адзiн дакумент, якi засведчыць табе маё апошняе жаданне. Склаў я гэты дакумент праз некалькi месяцаў пасля смерцi Мары, калi я i сам цяжка хварэў. Там ты знойдзеш прыблiзна такiя словы: "Калi перад смерцю я згаджуся пачуць апошняе слова святара, то цяпер, пры здаровым розуме i яснай памяцi, я загадзя пратэстую супраць такога гвалту над маёй разумовай i фiзiчнай слабасцю з мэтай дабiцца ад мяне таго, чаго мая душа не прымае".
Дык вось, я павiнен прызнацца табе, што за апошнiя месяцы, калi я зноў i зноў азiраю свой жыццёвы пiлях, пiльна ўглядаюся ў свой унутраны свет, мне становiцца ўсё ясней i ясней: менавiта цяпер мяне прыцягвае да сябе вучэнне Хрыста. I цяпер я не адмаўляю таго, што i ў мяне, можа, знойдзецца дарога, якая прывядзе мяне да Бога. Калi б мне ўдалося памяняць свае адносiны да сябе, палюбiць сябе, мне было б лягчэй знайсцi гэтую дарогу... Але ўва мне столькi жорсткасцi, столькi душэўнай скупасцi... Адзiнае, што мне добра ўдаецца, гэта выклiкаць ва ўсiх нянавiсць i ствараць вакол сябе пустыню. Значыць, застаецца мне толькi адно - надзея!.. Я вось што думаю, Iза: не дзеля вас, праведнiкаў, сыходзiў твой Бог на зямлю, а дзеля нас, грэшнiкаў... Нiчога ты пра мяне не ведаеш... Нi пра мяне, нi пра маю душу... Магчыма, гэтыя старонкi, што ты прачытала, хоць трохi зменшаць тваю нянавiсць да мяне. Ты ўбачыш, што былi ў мяне i патаемныя добрыя пачуццi, якiя абуджалi ўва мне Мары сваёй дзiцячай ласкай ды наш няшчасны Люк...