Вход/Регистрация
Гiсторыя аднаго злачынства (на белорусском языке)
вернуться

Мудров Винцесь

Шрифт:

Вiнцэсь Мудроў

Гiсторыя аднаго злачынства

Аповесьць

Бляшаны рупар на даху аўтастанцыi засiпеў, засьвiстаў на высокай ноце, i ў мэталёвых нетрах ягоных нарадзiўся дзявочы голас:

– Валерка, адчапiся!

Праз вузенькае вакно можна было назiраць, як маладая дыспэтчарка замахнулася на Валерку мiкрафонам i хлопец, прыхапiўшы пад пахi шыльду з надпiсам "Бычкi", зь вясёлым рогатам выбег на падворак.

– Аўтобус на Бычкi зь бiлетамi на 17-40 адправiцца з другой пляцоўкi. Паўтараем...

Зычны голас сагнаў з рэпрадуктара мух, ўзьняў у паветра чараду галубоў, падняў на ногi бычкоўскiх жанок i бабуль. Жанкi ўскiнулi на плечы хатулi з абаранкамi, пабралi за рукi дзяцей i зь непрыхаванаю трывогай паглядзелi ў бок прыстанцыйнага павiльёну.

Лапацелi крыламi галубы, плакалi, просячы купiць iм "маножана", дзецi, а ў прыстанцыйным павiльёне, вядомым у народзе пад назваю "мардоўня", жыцьцё iшло сваiм ладам. Наведнiкi "мардоўнi" дымiлi "Прымаю", гаманiлi, уголас мацюкалiся, не зважаючы на абвестку дыспэтчаркi, i толькi надрыўны воклiч: "Каб цябе парвала!" - прымусiў некаторых зь iх схамянуцца i сьпехам дапiць каламутнае, да рыпеньня на зубах збрыжэлае пiва. Мужчыны падалiся да выхаду, i самы маладзейшы зь iх, Iван Бянькоў, перад тым як выйсьцi з "мардоўнi", пранiзьлiва iкнуў.

– Што, Ваня, душа з Богам размаўляе?
– гукнулi з натоўпу, i Ваня iкнуў другiм разам, адчайна страсянуўшы плечукамi.

Убiўшыся ў аўтобус, Iван заняў месца ля прачыненага вакна, з палёгкаю аддзьмуўся i пiльным вокам зiрнуў на цётку Авадзiху.

– Во лезуць. I зацiснуць, калi хочаш, - казала старая, лезучы па праходзе з двума мяхамi камбiкорму.

Авадзiха даводзiлася Iвану роднаю цёткай: мiнулым заездам ён сьцягнуў у сваячкi тры лiтры самаробнага вiна i цяпер хваляваўся, ня ведаючы, што скажа на гэта Авадзiха. Але старая, нiчога такога не сказаўшы, плюхнулася поруч, задаволена ўскудлацiла пляменьнiку чупрыну, i той, чарговым разам аддзьмуўшыся, зiрнуў у вакно.

Каля аўтобуса стаялi тыя, каму не хапiла бiлетаў. Перад Iванавым носам варушылiся потныя патылiцы, блiскалi на сонцы плехi, матлялiся на ветры ражкi капронавых хустак, i над усiм гэтым людзкiм шматгалоўем лунаў, драпежна разявiўшы ляпу, блакiтнавокi сiямскi кот.

– Разарваць можа, - крыкнуў Iван бялявай дзяўчыне, якая трымала ката на ўзьнятых руках, пасьля чаго кот разьюшана сыкнуў, а дзяўчына, працiснуўшыся блiжэй да аўтобуса, кволым голасам пралепятала:

– Калi ласка, перадайце Маркiза маме.

"Якой маме?" - хацеў спытацца Iван, ды ў гэты момант кот сiгануў у вакно i, правёўшы хвастом па Iванавым носе, зьнiк пад сядзеньнем.

– Во халера!
– выгукнуў Iван i нечакана зноў iкнуў, уражаны страшэнным лямантам за сьпiнай.

– Ай! Ай! Хто гэта там лезе?!
– немым голасам крычала завуч Бычкоўскай васьмiгодкi Марковiч. Антанiна Пятроўна пашнарыла рукой пад сядзеньнем, схапiла "сiямца" за шкiрку, i кот, пакiнуўшы чырвоны пiсяг на носе бiблiятэкаркi Забаронькi, узьбiўся на голаў нейкаму падпiтаму дзядзьку.

– А людцы мае добрыя, а што ж гэта робiцца?
– залямантавала старая Авадзiха, калi падпiты дзядзька, ня сьцямiўшы, што да чаго, брыкнуў нагой цётчынага заця, разамлелага мэханiзатара Бадунова. Бадуноў не застаўся ў даўгу: заехаў крыўдзiцелю ў лоб, але на гэтым усё i скончылася. Дэбашыраў разьнялi, расьцягнулi ў розныя бакi.

– Паскуда. Увесь нос абдзёр, - усхлiпнула за Iванавай сьпiнай Нiна Забаронька.

– Духамi прыпячы, - прараiла бiблiятэкарцы завуч Марковiч. Крутнуўшы галавой, Антанiна Пятроўна керханула i голасам рэвалюцыйнай камiсаршы запыталася:

– Таварышы, чый гэта кот?

Завiшчэла сьвiнчо ў торбе, Нiна Забаронька шморгнула носам, а дзябёлая кабета, што выцiрала абрыўкамi "Ленiнградзкай праўды" запыленае сядзеньне, коратка прамовiла:

– Мой!

– Кацька... Зь Ленiнграду...
– прашаптала за Iванавай сьпiнай Нiна Забаронька.
– Летась з мужыком разьвялася.

Iван наструнiў слых, мерачыся пачуць яшчэ тое-сёе, але ў гэты момант загуў матор i аўтобус паехаў.

– А далiбог, пашалелi гэтыя курортнiкi. З катамi ў аўтобус лезуць, гукнула Авадзiха i словы гэтыя былi апошнiя, якiя пачуў Iван. Празь iмгненьне ён ужо спаў, паклаўшы голаў на нiкеляванае бiла сядзеньня.

За чыгуначным пераездам аўтобус зварочвае з шашы, нейкi час едзе па асфальце, а даехаўшы да пахiлага шчыта з надпiсам "Калгас "Шлях камунiзму", страсянаецца на выбоiнах усiмi сваiмi бляхамi i жалезкамi. Iван стукаецца лобам у нiкеляванае бiла, асавела паводзiць вачыма i неўзабаве зноў засынае, тулячыся вухам да цётчынага плечука.

– Во як у чужыць людзях. I галава не трымаецца, - мармыча Авадзiха i, каб пляменьнiку ямчэй было спаць, хiлiць плячук долу.

Ваня Бянькоў нарадзiўся на станцыi Назарбай Цалiнаградзкай вобласьцi. Увесну пяцьдзесят чацьвертага мацi ягоная, Ларыса Пятроўна, пазычыўшы сто рублёў у суседкi, набыла фанэрную валiзу i ад'ехала на асваеньне цалiннай i абложнай зямлi.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: