Шрифт:
– Iдзi ты!
– Бля буду...
– азваўся Лёшка i зноўку чыркнуў запалкай.
– Вяду, значыцца, вышэй i раптам чую - у яе панчохi на падвязках.
– Гы-гы-гы, - гамзата рыкнуў Лябёдка й захоплена запытаўся: - А яна?
– Не варушыцца!
– гаркнуў апавядальнiк. I Йван, усутыч наблiзiўшыся да дзьвярэй, з трывогай падумаў: "Пра каго гэта ён?" Пад нагой рыпнула дошка, ён застыў на месцы, а Лёшка Мандрык, з шумам выпусьцiўшы дым, прамовiў:
– Калi ўжо гэты фраер прыйдзе?
Кроў хваляй прылiла да твару. Iван пастаяў хвiлю, узважваючы Лёшкавы словы, патупаў дзеля прылiку, нясьмела ўвайшоў у кiнабудку.
Пiлi ўтрох - Iван, Лёшка i кiнамэханiк Лябёдка, якi тым часам ужо праспаўся i прагнуў пахмялiцца. Чакалi яшчэ Юрку Гуля, ды той не прыйшоў цягаўся, вiдаць, недзе зь Нiнкай Забаронькай.
Лёшку разьвезла пасьля першай шклянкi - балазе ён ужо быў добра падпiты. Вочы Лёшкавы ашклянелi, зь нiжняй губы зьвiсла празрыстая нiтка сьлiны, а галава пачала сутаргава торгацца ў розныя бакi. Такi несамавiты Лёшкаў выгляд надаў Iвану сьмеласьцi, i ён, як бы мiж iншым, запытаўся ў былога кампаньёна, навошта той чапляўся да гарадзкой дзяўчыны. У адказ Лёшка ўзьняў на Iвана ашклянелыя вочы, з працяглымi паўзамi выдыхнуў:
– Ты што... мяне... за казла лiчыш?
Жылаватая Лёшкава рука балюча сьцiснула запясьце, i Iвану не заставалася нiчога iншага, як схапiцца за пляшку. Булькаценьне вiна як быццам ацьвярэзiла кампаньёна. Ён утаропiўся на мутны струмень, яшчэ раз згадаў казла, але гэтым разам без усялякае злосьцi, i прагнай рукою пацягнуўся па шклянку.
"Кароль зоны" ўжо адпачываў, паклаўшы голаў на край перамотачнага стала, калi ў дзьверы загрукалi i знадворку пачуўся зычны лямант Мандрычыхi:
– Лёша, ты тут?
– Ту-ут ён, - азваўся Лябёдка, дапiў "чарнiла" i пад роспачны грукат i лямант знадворку пайшоў адчыняць.
– Гэта ты, паразiцiна, яго напаiў?
– рэкнула Мандрычыха ў Лябёдкавы твар, а згледзеўшы Iвана, зьмянiла тон i злавесна прасiпела: - Прыехаў! Iзноў будзеш Лёшу са сьвету зжываць?!
– ускiнуўшы на карак абмяклую сынаву руку, Мандрычыха напялася, з вохканьнем пацягнула Лёшку да выхаду, пры гэтым з нагi сынавай звалiўся чаравiк, а з кiшэнi штаноў выпаў, гучна бразнуўшыся аб падлогу, блiскучы ножык.
– З нажом ходзiць, - буркнуў Лябёдка, калi мацi з сынам выкулiлiся на падворак.
Гаспадар кiнабудкi падняў ножык, паклаў на стол, потым, падумаўшы, падхапiў згублены Лёшкам чаравiк i, разнасьцежыўшы дзьверы, шпурнуў яго ў цёмнае неба.
– Лорка! Твая карова за быком пабегла!
– крыкнулi на другiм канцы вулiцы, i Йван абудзiўся.
Знадворку зарыпеў калаўрот, у калодзеж з глухiм плёскатам палiлася вада, а мацi, бухнуўшы вядром аб край бэтоннай цымбравiны, голасна запытала:
– Мiронаўна, цi ёсьць што ў краме?
– Крупы даюць! Па тры кiлё на рукi, - адгукнулася суседка Мiронаўна, i Йван салодка пацягнуўся.
Тут, на гары роднай хаты, нават сны сьнiлiся не такiя, як у iнтэрнаце. Сьнiлася штосьцi прыемнае, да болю шчымлiвае... Iван напружыў памяць, сьцяў павекi, але згадаць мiнулы сон яму так i не давялося: на доле бразнула вядро i пачуўся ўсхваляваны матчын голас:
– Ванька, сьпiш?
Сплю!
– адказаў Iван i незадаволена кульнуўся на бок.
– Уставай, вяпрук. У краме крупы даюць... Возьмеш тры кiлё. А я пабегла карову пераймаць.
Iван пазяхнуў, споўз з капы сьвежага сена (мацi ўсьперла на гару першы ўкос канюшыны), штурхануў паддашкавыя дзьверцы.
"Колькi гэта часу?" - падумаў Iван, прыслухоўваючыся да матчыных крокаў, а згледзеўшы сярод бульбоўнiку рухавы хвост ката Барыса, зразумеў, што блiзiўся час абеду. Кот Барыс заўсёды прыходзiў дахаты разам з кароваю, каб выпiць сподак малака. Зьлезшы з гарышча, Iван зайшоў за хлеў, потым доўга i бязмэтна блукаў па двары, аж пакуль ня ўбачыў на ганку хаты падзертую сумку. "Крупы!" згадаў ён нарэшце i, закiнуўшы сумку за сьпiну, рушыў у краму.
Бычкоўская крама ламiлася ад народу. Апрача круп давалi яшчэ i "Трайны" адэкалён. Пазалетась адэкалён на вёсцы ўжываў толькi алькаш Гарашчэня, на якога глядзелi як на вар'ята, але, пачынаючы ад мiнулага году, сьпiртное пад час уборкi ў краму не завозiлi, i мясцовыя п'янчугi пераключылiся на адэкалён.
– Траян! Куды точысься?!
– грымелi ля прылаўка жаночыя галасы.
– У мяне штучны тавар!
– адказваў Траян i Йван, паслухаўшы людзкую гаману, заняў чаргу i выкулiўся з крамы. Трэба было недзе змарнаваць час. Можна было, вядома, пайсьцi ў кiнабудку, паслухаць кружэлкi, але на слупе, што стаяў ля клюбу, наддзiраўся гучнагаварыльнiк - адзнака таго, што ў клюбе сядзела Мандрычыха, а з Мандрычыхай яму сустракацца не хацелася.