Вход/Регистрация
Гiсторыя аднаго злачынства (на белорусском языке)
вернуться

Мудров Винцесь

Шрифт:

Аўтобус мiж тым пад'яжджаў да гатаўскай павароткi. Гатаўцы, жыхары суседняй з Бычкамi вёскi, паўскоквалi зь месцаў, уголас загаманiлi, i над Iванавай галавой праплылi да дзьвярэй ганарысты гусак у кашы i вiсклiвы парсюк у торбе.

– Маша, выходзiм!
– прагучала сярод людзкой гаманы, i па тым, зь якой заклапочанасьцю бялявая дзяўчына страсянула кудзеркамi, Iван зразумеў, што паклiкалi яе. Гатаўскiя цёткi, узьняўшы над галовамi хатулi i пакункi, рушылi да выхаду. Прапусьцiўшы наперад дзяўчыну, Iван выхапiў з-пад ног сваю пашарпаную валiзу, выпрастаўся на поўны рост, i цётка схапiла яго за руку.

– Ванька, куды ты? Дапаможаш мяхi несьцi!
– рэкнула Авадзiха, ды нябож высьлiзнуў зь цётчыных шчымётаў, налёг на сьпiну бухгальтаркi Крыштаповiч, i тая пацягнула яго па салёне, кленучы цiсканiну, п'янюгу Бадунова, якi засьлiнiў ёй выхадную кофту, i ўсё сваё непрыгляднае ўдовiнае жыцьцё.

Уздоўж бальшака шчытнай сьцяною стаяў перасохлы алешнiк. Ён суха трашчаў пад нагамi, шамрэў каляным лiсьцем, а патрапiўшы за каршэнь, непрыемна казытаў узмакрэлую шыю. Адсюль, з пагорку, зарасьнiкi ссохлай вольхi здавалiся адным бязьмежным морам, сярод якога пукатымi выспамi паўставалi чорныя плямы выжарын.

Калiсьцi тут, на гэтым пагорку, стаяла вёска Гатава. Яшчэ й дасюль можна было ўбачыць сярод дзiкатраўя ланцугi заiмшэлых валуноў i аскепкi зьзелянелай цэглы. Вёску немцы спалiлi за два тыднi да падыходу Чырвонай Армii. Ужо i савецкiя самалёты над галовамi лёталi, i кананада чуваць была, ды не ўратавалiся гатаўцы. Партызаны з брыгады "Няўмольныя" ля пераезду дывэрсiю ўчынiлi: пусьцiлi пад адхон дрызiну з капою саломы. Немцы пасьля таго i вызьверылiся. Уварвалiся ў вёску на матацыклах, людзей у кучу пазганялi, а хаты падпалiлi. Добра яшчэ, што хоць не стралялi. Адно патрымалi з паўгадзiны, карабiны на баб наставiўшы, пагергеталi па-свойму дый паехалi ўпрочкi. Не было ў немцаў часу стралянiнай займацца.

Адразу па вайне гатаўцы ў зямлянках жылi, якiя яшчэ партызаны павыкопвалi. Ладныя былi зямлянкi: сухiя, двухнакатныя i, галоўнае, непадалёк ад роднага папялiшча. Жанкi на папялiшча кожны дзень хадзiлi - ежу ў печах гатавалi ды на гародчыках поркалiся. Тамака ж, на месцы партызанскай базы, i адбудоўвацца пачалi. Сёньня ў Гатаве дваццаць пяць гаспадароў засталося. Астатнiя разьбеглiся па белым сьвеце. Хто ў Ленiнград зьехаў, хто на лесапавал завэрбаваўся, а большасьць на цалiну падалася, абложную зямлю асвойваць.

I зарасьлi гатаўскiя пагоркi палыном ды алешнiкам.

А пару месяцаў таму, перад майскiмi сьвятамi, над гэтымi мясьцiнамi генэрал Карзо пралятаў. Той самы Карзо, якi ў вайну "Няўмольнымi" камандаваў. Генэрала перад тым у Вярхоўны Савет абралi, вось ён i паляцеў на вайсковым вэрталёце сваю акругу агледзець. Пабачыў былы партызан, што зямлiца, за якую ён кроў пралiваў, пустазельлем пазарастала, i нават мацюкнуўся ад абурэньня. А неўзабаве ў небе над Гатавым самалёт зьявiўся. Кукурузьнiк сельгасавiяцыi. Цэлы дзень лётаў ды нейкую халеру сыпаў. Ад той халеры зь яблынь квецень асыпалася, камары ды мухi зьвялiся, а ў бухгальтаркi Крыштаповiч сабака акалеў, дохлымi мышамi аб'еўшыся. Але затое i алешнiк ляснуўся. Ссох увесь дарэшты - анiводнага зялёнага лiсьцiка не засталося.

У гэтыя ссохлыя нетры i занурыўся Iван i добрую хвiлiну стаяў там у нерухомасьцi, скiраваўшы напорлiвы струмок на куст перасохлай брызглiны. Высока ў небе сьпявалi птушкi, выў пад гарою аўтобус, шапацела пад напорлiвым струмком сухое лiсьце, а душа поўнiлася спакоем i развагаю. Але новыя зыкi, што нарадзiлiся за сьпiнаю, прымусiлi схамянуцца i таропка зашпiлiць нагавiцы. Там, за сьпiнаю, затрашчала ламачча, пачуўся дзявочы голас:

– Куды ты пабег, нягоднiк?
– i Йван, якому зусiм не выпадала сустракацца зь дзяўчынаю ў такiм нязручным месцы, сьпехам прыхаваўся за куст.

Дзяўчына бегла, спрытна пераскокваючы праз лаўжы, i, вiдаць, так i не заўважыла б Iвана, калi б сам ён не заварушыўся ў кустах, зьбiваючы з лобу пякучых лясных мурашоў.

– А-а... гэта вы...
– пралепятала прыгажуня, згледзеўшы скурчаную Iванаву постаць, сарамлiва адвяла вочы, пабегла, чапляючыся караценькай спаднiцай за альховыя галiны, а Iван, вылезшы з мурашнiку, шчыра пашкадаваў, што ня можа правалiцца скрозь зямлю, ратуючыся ад ганьбы.

Ён выцягнуў з кустоў валiзу, страсянуў, спраўджваючы, цi не пабiлiся купленыя ў Вiцебску чатыры пляшкi вiна, i ў той самы мiг адчуў, як штосьцi цёплае i мяккае кранулася пяткi. Гэта кот Маркiз, наставiўшы хвост дудой, цёрся пысай аб ягоны чаравiк, прымусiўшы Iвана спачатку пудлiва падскочыць, потым аддзьмуцца i, нарэшце, падхапiць ката пад пахi i зь вясёлым адчаем рушыць на дарогу.

Дзiўныя рэчы чынiлiся з Iванам. Дагэтуль ён аббягаў дзяўчын за кiлямэтар, а тут выйшаў на прасёлак, прычакаў, калi прыгажуня выйдзе з кустоў, i, не зьмiргнуўшы вокам, уручыў ёй вуркатлiвага ўлюбёнца.

Дзяўчына ўзяла ката, кiўком галавы падзякавала Iвану, а хлопец, якому праглася новых подзьвiгаў, скiраваў хаду да таўшчэзнай сумкi, што стаяла пры дарозе.

– Ой, што вы... Зараз дзядзька Коля прыедзе... Мама з жанчынамi на вёску пайшла...
– пралепятала дзяўчына, але Iван быў няўмольным.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: