Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Бліскуча!

Мы адпіхнулі ўбок «кадзілак», які рамантавалі паполудні. За ім стаяла дзіўная рэч на колах. Гэта была гоначная машына Ота Кёстэра, гонар майстэрні.

Кёстэр у свой час набыў на аўкцыёне амаль задарма гэтую машыну — старую ламачыну з высокім кузавам. Спецыялісты, якія бачылі яе тады, сцвярджалі, што гэта цікавы экспанат для музея. Больвіз, гаспадар фабрыкі па пашыве жаночых паліто і гоншчык-аматар, параіў Ота перарабіць яе на швейную машынку. Але Кёстэра гэта не кранула. Ён разабраў машыну, як кішэнны гадзіннік, і корпаўся ў ёй некалькі месяцаў, бывала, аж да цёмнай ночы. Потым аднойчы ўвечары ён пад'ехаў на ёй да бара, у якім мы звычайна бавілі час. Больвіз ледзь не ўпаў ад смеху, убачыўшы яе зноў — так смешна яна выглядала. Жартам ён прапанаваў Ота заклад. Ён ставіў дзвесце марак супроць дваццаці, калі Кёстэр пагодзіцца на гонку з яго новым спартовым аўтамабілем. Адлегласць — дзесяць кіламетраў, і ён дае Ота кіламетр форы. Кёстэр згадзіўся. Усе смяяліся. Чакалася незвычайная забава. Але Ота пайшоў яшчэ далей: ён адмовіўся ад форы і спакойна прапанаваў павысіць стаўку да тысячы марак супроць тысячы. Больвіз расчаравана спытаў, ці не адвезці яго ў дом вар'ятаў. У адказ Кёстэр завёў матор. Абодва рванулі з месца. Больвіз праз паўгадзіны вярнуўся ў такім дрэнным настроі, быццам пабачыў марскога змея. Ён моўчкі выпісаў чэк, а потым — яшчэ адзін. Ён хацеў адразу ж купіць машыну. Але Кёстэр пасмяяўся з яго. Ён не аддасць яе. Але наколькі бездакорная была машына ўсярэдзіне, настолькі непрыглядны быў яе знешні выгляд. На кожны дзень мы паставілі надзвычай старажытны кузаў — лак выцвіў, крылы пакарабаціліся, верх адслужыў добры дзесятак год. Мы маглі падабраць нешта лепшае, але ў нас былі свае меркаванні. Аўтамабіль зваўся «Карл». «Карл» — прывід шашы.

«Карл», сапучы, цягнуўся па шашы.

— Ота, — сказаў я, — з'явілася ахвяра.

Ззаду нецярпліва сігналіў «б'юік». Ён імкліва даганяў нас. Неўзабаве насы зраўняліся. Чалавек за рулём зняважліва паглядзеў на нас. Яго позірк зверху ўніз абвёў нашага няўклюднага «Карла». Потым ён адвярнуўся і забыўся пра нас.

Праз некалькі секунд ён нечакана пераканаўся, што Карл усё яшчэ ідзе побач з ім. Ён усеўся крыху ямчэй, весела зірнуў на нас і прыбавіў газу. Але «Карл» не здаўся. Як тэр'ер побач з догам, ён неадступна трымаўся каля бліскучага лакаматыва з нікелю і лаку.

Чалавек мацней ухапіўся за руль. Ён яшчэ ні пра што не здагадваўся і кпліва скрывіў губы. Відаць было, што ён нам зараз пакажа, на што здольныя яго сані. Ён з такой сілай ціскануў на газ, што выхлапная труба заспявала, як хор жаўрукоў над летнім полем. Але — дарма. Ён не адарваўся ад нас. Як зачараваны, агідны і непрыглядны «Карл» туліўся да яго. Чалавек здзіўлена вылупіўся на нас. Ён не мог зразумець, як гэта пры хуткасці звыш ста кіламетраў старая скрынка ніяк не адстае ад яго. Ён з недаверам зірнуў на спідометр, ці не сапсаваўся. Потым націснуў да канца.

Машыны імчаліся ўпоравень па доўгай роўнай шашы. Праз некалькі метраў насустрач з шумам з'явіўся грузавік. «Б'юік» павінен быў адстаць, каб даць дарогі. Як толькі ён параўняўся з «Карлам», паказалася пахавальная машына са стужкамі ад вянкоў, якія развяваліся. Яму зноў прыйшлося ўступіць. Потым далягляд стаў вольны.

Чалавек за рулём тым часам страціў увесь свой форс; ён прыгорбіўся — злосны, вусны сціснутыя — яго захапіў азарт гоншчыка, і раптам гонар яго жыцця трапіў у залежнасць ад таго, ці адарвецца ён — любой цаной — ад шчанюка побач.

Мы ж, наадварот, сядзелі з абыякавымі тварамі. «Б'юіка» для нас не існавала. Кёстэр спакойна глядзеў на дарогу, я, сумуючы, пазіраў на бакі, а Ленц, хоць і сцяты ў камяк, дастаў газету і рабіў выгляд, што яму няма нічога важнейшага за чытанне.

Праз некалькі хвілін Кёстэр падміргнуў нам. «Карл» неўпрыкмет збавіў хуткасць, і «б'юік» памалу пачаў вырывацца наперад. Яго шырокія блішчастыя крылы прамільгнулі міма нас. З выхлапной трубы нам у твар грымнуў сіні дым. Паступова ён адарваўся ад нас метраў на дваццаць — і тут ужо паказаўся, як мы і чакалі, твар гаспадара ў акне. Усмешка выдавала непрыкрыты трыумф. Ён паверыў, што перамог.

Але чалавек дапусціў яшчэ адну памылку. Ён не мог стрымацца, каб не паздзекавацца з нас. Ён кіўнуў нам: даганяйце. Ён зрабіў гэта падкрэслена паблажліва і пераможна.

— Ота! — прамовіў Ленц, напамінаючы.

Ды напаміну не патрабавалася. У той самы момант «Карл» зрабіў скачок. Кампрэсар засвістаў. І раптам рука, якая махала, знікла ў акне — «Карл» прыняў выклік, ён набліжаўся. Ён набліжаўся нястрымна… ён зноў узяў сваё — і цяпер мы ўпершыню ўважліва паглядзелі на аўтамабіль побач. З нявіннымі тварамі мы запытальна пазіралі на чалавека за рулём. Цікава было б ведаць, навошта ён нам махаў. Але той сутаргава глядзеў у другі бок, і «Карл» цяпер ужо на поўным газе абыходзіў яго, увесь брудны, з крыламі, што бразгаталі, пераможны замызганы шчанюк.

— Малайчына, Ота, — сказаў Ленц Кёстэру. — Папсаваў чалавеку апетыт перад вячэрай.

Дзеля такіх пагоняў мы не мянялі «Карлу» кузава. Варта было яму з'явіцца на дарозе, і ўжо некаму карцела перагнаць яго. На іншыя машыны ён дзейнічаў, як варона з перабітым крылом дзейнічае на зграю галодных катоў. Самым мірным сямейным шарабанам карцела перагнаць яго, і нават самыя мажныя барадачы не маглі вытрываць гоначнага азарту, калі яны бачылі, як перад імі ішла ўпрысядку бразготная рухомая табурэтха. Хто мог уявіць сабе, што ў гэтай камічнай фігуры б'ецца вялікае сэрца гоначнага матора!

Ленц сцвярджаў: «Карл» выхоўвае. Ён вучыць людзей пачцівасці да вынікаў творчасці, якія заўсёды прыкрыты някідкай абалонкай. Так гаварыў Ленц, які называў сябе апошнім рамантыкам.

Мы спыніліся перад невялічкім шынком і выбраліся з машыны.

Вечар быў цудоўны і ціхі. Барозны ўзаранага поля адсвечвалі фіялетавым святлом. Краі аддавалі залаціста-карычневым водсветам. На яблычна-зялёным небе плавалі воблакі, падобныя да вялікіх птушак фламінга, а між імі хаваўся вузенькі сярпок маладзіка. Арэхавы куст трымаў у сваіх абдымках змрок і прадчуванне. Ён быў хвалююча голы, але ў пупышках хавалася чаканне. З маленькага шынка плыў пах смажаніны. Смажылі пячонку з цыбуляй. Наша душа заспявала.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: