Вход/Регистрация
Тры таварышы
вернуться

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Можна мне заўтра патэлефанаваць, каб даведацца, як справы? — спытаў я.

Яна адказала не адразу.

— Мы, ініцыятары гэтай п'янкі, нясём пэўную адказнасць, — гаварыў я. — Асабліва я, з тым сваім ромам.

Яна засмяялася.

— Ну добра, калі вам так хочацца. Тэлефануйце: Захад — 2796.

На дварэ я адразу запісаў сабе нумар. Мы паглядзелі ўслед машыне Біндзінга і выпілі «на пасашок». Потым зароў наш «Карл». Ён імчаў праз лёгкі сакавіцкі туман, мы дыхалі часта, горад набліжаўся насустрач нам — вогненны і хісткі ў марыве. Раптам, як карабель у моры, выплыў асветлены, стракаты бар Фрэдзі. Мы кінулі якар. Золатам іскрыўся каньяк, джын блішчаў, як аквамарын, а ром быў само жыццё. Мы сталёва сядзелі на высокіх сядзеннях бара, музыка плёскалася, існасць была светлая і надзейная; сілай наліваліся нашыя грудзі, забыліся няўцешнасць пустых мэбляваных пакояў, якія чакалі нас, адчай будзённасці. Стойка бара ператварылася ў капітанскі мосцік на караблі жыцця, і мы плылі ў будучыню ў пырсках пены…

ІІ

Назаўтра была нядзеля. Я позна спаў і прачнуўся, калі промні сонца ўпалі мне на пасцель. Я хутка саскочыў з ложка і адчыніў вокны. На дварэ было свежа і ясна. Я паставіў прымус на лаўку і пачаў шукаць каву. Мая гаспадыня, фраў Залеўскі, дазволіла мне варыць каву ў пакоі. Тое, што яна падавала, было занадта слабое. Асабліва з пахмелу. Я ўжо два гады жыў у пансіянаце Залеўскі. Месца мне падабалася. Было куды пайсці — побач Дом прафсаюзаў, кавярня «Інтэрнацыяналь» і рэстаран, дзе адбываліся сходы Арміі выратавання. Перад домам, акрамя таго, былі старыя могілкі. На іх раслі дрэвы, як у парку, і спакойнымі вечарамі можна было падумаць, што жывеш у вёсцы. Але спакой наставаў вельмі позна, бо побач з могілкамі была шумная плошча з каруселямі і арэлямі.

У скарбонку фраў Залеўскі могілкі прыносілі надзейны прыбытак. Яна хваліла свежае паветра і шырокія далягляды і за гэта брала больш высокую плату. Пры рэкламацыях яна настойвала:

— Але, панове, падумайце толькі — якое месца!

Я апранаўся вельмі павольна. Гэта надавала мне адчуванне нядзелі. Я ўмыўся, пахадзіў па пакоі, пачытаў газету, згатаваў каву, пастаяў каля акна і паназіраў, як паліваюць вуліцу, паслухаў спеў птушак у высокіх дрэвах на могілках — яны спявалі, як маленькія срэбныя флейты святога бога, далучаючыся да ціхага пяшчотнага буркатання меланхалічнай шарманкі на плошчы. Я выбіраў сарочку і шкарпэткі, хоць выбіраць асабліва не было з чаго, з некалькіх сарочак і пар шкарпэтак я выбіраў так, быццам іх было ў дваццаць разоў больш; насвістваючы, я павыкідваў усё з кішэняў: дробязь, нож, ключы, цыгарэты, і раптам — учарашняя паперка з імем дзяўчыны і нумарам тэлефона. Патрыцыя Хольман. Дзіўнае імя — Патрыцыя. Я паклаў паперку на стол. Няўжо гэта сапраўды было ўчора? Як далёка ўсё адышло, амаль забылася ў шэрым тумане алкаголю… За выпіўкай жыццё было цудоўнае— ты хутка рабіўся цэльным, але паміж вечарам і раніцай зноў утвараліся прагалы, як быццам міналі гады.

Я сунуў запіску пад стос кніжак. Патэлефанаваць? Магчыма… а магчыма, і — не. Днём усё выглядала інакш, чым вечарам. Шчыра кажучы, я жыў спакойна і быў задаволены. Даволі хапіла шуму ў апошнія гады. «Толькі не падпускаць нічога блізка да сэрца, — гаварыў Кёстэр. — Тое, што падпусціш, захочаш утрымаць. А ўтрымаць нельга нічога…»

У гэты час у суседнім пакоі пачаўся ранішні вэрхал. Я шукаў капялюш, які я, відаць, учора некуды закінуў. На хвілінку я прыслухаўся. Сварыліся муж з жонкай Хасэ. Яны ўжо пяць гадоў жылі тут у маленькім пакойчыку. Гэта былі нядрэнныя людзі. Калі б яны мелі трохпакаёвую кватэру, з кухняй для гаспадыні, ды каб яшчэ дзіця — магчыма, гэта была б шчаслівая сям'я. Але кватэра каштавала шмат грошай, а дзіця ў гэтыя ненадзейныя часы — хто яго мог сабе дазволіць! Яны ўвесь час натыкаліся адно на аднаго, жонка стала істэрычкай, а муж увесь час баяўся страціць сваё месца. Тады б — капцы. Яму было сорак пяць гадоў. Беспрацоўнага яго ўжо больш ніхто не прыняў бы. У гэтым была бяда. Раней чалавек страчваў пазіцыі паволі, і заўсёды з'яўляліся новыя магчымасці, каб падняцца. А сёння за кожным звальненнем — адразу прадонне вечнага беспрацоўя.

Я хацеў ціхенька ўцячы, але ўжо пачуўся стук у дзверы. У пакой уваліўся Хасэ.

Ён плюхнуўся ў крэсла.

— Я больш не вытрываю.

Гэта быў па сутнасці мяккі чалавек з абвіслымі плячыма і маленькімі вусікамі. Сціплы, старанны служачы. Але якраз такім было сёння цяжэй за ўсіх. Ды ім, бадай, было заўжды найцяжэй. Сціпласць і стараннасць ацэньваюцца належным чынам толькі ў раманах. У жыцці іх выкарыстоўваюць, а потым адкідваюць прэч. Хасэ ўзняў рукі.

— Толькі падумайце, у канторы зноў два звальненні. Наступны — я, вось убачыце: я! — У гэтым страху ён жыў з пачатку месяца да наступнага. Я наліў яму чарку гарэлкі. Ён тросся ўсім целам. Некалі ён зламаецца, гэта было відавочна. Больш у яго не было пра што гаварыць.

— Ды яшчэ гэтыя заўсёдныя папрокі, — прашаптаў ён. Магчыма, жонка папракнула яго за сваё вартае жалю існаванне. Ёй было сорак два гады, яна ўжо амаль адцвіла і расплылася, але не выглядала такой зношанай, як муж. Яе прыгнятаў страх недалёкай старасці.

Нешта раіць не мела сэнсу.

— Слухайце, Хасэ, — сказаў я. — Пасядзіце тут спакойна, колькі вам захочацца. Мне трэба пайсці. Калі вам больш да густу каньяк, ён — у шафе. Тут — ром. Там ляжаць газеты. А пад вечар пойдзеце куды-небудзь з жонкай з гэтых чатырох сцен. Хоць бы ў кіно. Гэта будзе каштаваць вам столькі ж, колькі дзве гадзіны ў кавярні, а атрымаеце куды больш! Сёння галоўнае: забыцца! А для гэтага — не разважаць! — Адчуваючы дакоры сумлення, я паляпаў яго па плячы. Няхай сабе, кіно заўседы выручае. Там кожны можа памарыць.

Побач дзверы былі адчынены. Жанчына ўсхліпвала так гучна, што можна было пачуць знадворку. Я ішоў праз калідор. Наступныя дзверы былі прачынены. Адтуль падслухвалі. Пахла духамі. Тут жыла Эрна Бёніг, сакратарка. Выгляд мела занадта элегантны як на сваю зарплату — адзін раз у тыдзень шэф дыктаваў ёй да раніцы. Назаўтра ў яе бываў вельмі дрэнны настрой. Затое яна кожны вечар хадзіла на танцы. Каб не было танцаў, не варта было б і жыць, гаварыла яна. У яе былі два сябры. Адзін кахаў яе і прыносіў кветкі. Другога кахала яна і давала яму грошы.

Побач у пакоі жыў ротмістр граф Арлоў — расейскі эмігрант, кельнер, статыст на кіназдымках, платны партнёр у танцах, кавалер з сівымі скронямі. Ён выдатна іграў на гітары. Кожны вечар ён маліўся Казанскай Божай Маці, каб атрымаць пасаду метрдатэля ў якім-небудзь заняпалым гатэлі. На падпітку быў плаксівы. Наступныя дзверы. фраў Бэндэр, медыцынская сястра ў доме малюткі. Узрост — пяцьдзесят гадоў. Муж загінуў на вайне. У 1918 годзе двое дзетак памерлі ад недаядання. Мае рабую кошку. Больш нікога.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: