Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Чорт яго ведае, цяжка сказаць, у чым яно праяўляецца ў наш час, мяшчанства.

Яна падплыла так блізка, што Яраш, здавалася, адчуў гарачыню яе паружавелага твару і ўбачыў, што вочы яе сталі масляністыя. Ён адступіў у кут паміж сталом і сцяной. Яна горача дыхала яму ў твар.

— Чаму ты пазбягаеш мяне? Я люблю цябе.

— Я гэта чуў, Тамара. Многа разоў. Пусці.

— Люблю і жадаю… Пацалуй мяне. Адзін раз. Шкада табе?

Жанчына траціла ўсякую прыстойнасць.

Ніколі яшчэ пры ўсёй сваёй нахабнасці ёй не ўдавалася паставіць Яраша ў такое недарэчнае становішча. Загнаны ў кут, прыціснуты да сцяны, ён не ведаў, што рабіць, як вызваліцца. Піхнуць яе? Паслаць да д'ябла? І раптам… дзве дэталі кінуліся ў вочы: занавескі, што закрывалі толькі ніжнюю палавіну акна, і тое, што яна, мабыць, забыўшыся, усё яшчэ трымае шклянку з вадой у руцэ. Яраш нечакана падхапіў яе пад пахі, рыўком падняў высока ўгору і… паставіў на пісьмовы стол. Няхай хто-небудзь з персаналу ўбачыць праз акно свайго галоўнага лекара на стале са шклянкай, напоўненай невядомай вішнёвай вадкасцю!

Тамара Аляксандраўна ўсяго чакала ад гэтага чалавека — абразлівых слоў, пагрозы, нават штуршка… Але такога ўчынку не чакала. Разгубілася. На нейкі міг белай статуяй застыла на стале.

Яраш паспеў адысці да дзвярэй і ўзяць капялюш. Нарэшце яна саскочыла на падлогу, гопнула, аж забрынчалі шыбы. Засмяялася:

— А ты робішся жартаўніком. Прагрэс!

Твар яе гарэў. Але ўсё адно яна пайшла следам за ім. У калідоры ён пачуў ззаду стук яе абцасаў і ўзлаваўся. Разбэшчаная баба! Як можна такому чалавеку даручыць кіраваць бальніцай? Ён не выйшаў адразу на двор, а знарок пайшоў у тэрапеўтычнае аддзяленне. У доўгім паўцёмным калідоры на ложках ляжалі хворыя. У той бальніцы, дзе Яраш загадваў аддзяленнем, такой з'явы даўно ўжо не было: хворыя ў калідорах не ляжалі, усё навокал ззяла чысцінёй. Таму выгляд гэтай бальніцы яго заўсёды раздражняў, аб непарадках тут пісаў ён у сваёй запісцы выканкому гарсавета. Але ў злосці, у гневе ён быў такі ж нястрыманы, як Гаецкая ў страсці. Не зважаючы на хворых, на персанал, ён загрымеў на ўвесь корпус:

— Калі тут нарэшце будзе падобна на бальніцу? Што гэта такое?

Тамара Аляксандраўна дагнала яго, сціснула локаць:

— Антон!

— Клініка! Памыйная яма, а не клініка! — не сціхаў ён.

Тады і яна загаварыла ўголас, хітра адводзячы ўдар:

— Нам не даюць столькі грошай, колькі вам, прафесар. Пахадайнічайце за нас. Вы старшыня камісіі гарсавета.

— На халадзільнік у цябе знайшліся грошы!

Але калідор скончыўся, і яны выйшлі на двор. Пад яркім сонцам, дзе навокал усё ззяла і зелянела, гнеў Яраша растаў. Ён глянуў на сваю спакусніцу і ўбачыў, што яна, зажмурыўшыся ад сонца, усміхаецца па-ранейшаму ласкава, закахана.

«Чортава баба! З яе што з гуся вада. Чым жа цябе дапячы?»

І раптам успомніў… Сказаў спакойна, з усмешкай, быццам між іншым, мірна ідучы побач з ёй па асфальтавай дарожцы:

— У рэдакцыю прыйшло пісьмо… Мне Шыковіч расказаў. Распісваюць добрыя людзі, як ты выкарыстоўваеш санітарную машыну. На Ўкраіну — па вішні, з раніцы — на рынак, увечары — у лес. А лекары неадкладнай ходзяць пехатой. Я кажу яму: калі пра Гаецкую, то можна пісаць без праверкі. Усё правільна, ручаюся галавой. Цяпер я падкіну яму факт з халадзільнікам… Сенсацыйны фельетон будзе!

Яна спынілася. Ён па інерцыі зрабіў крокі два і павярнуўся. Яна застыла ў дзіўна нязграбнай позе, нахіліўшыся набок, бо трапіла адной нагой у канаўку для сцёку вады. Твар яе, што хвіліну назад палаў, пабялеў, ноздры непрыгожа раздуліся.

Яраш адчуў, што ў ім загучала вясёлая лёгкая музыка. Нарэшце ён знайшоў, чым дапячы ёй. Яна адказала пагрозліва, холадна — ніколі яшчэ не гаварыла з ім такім тонам:

— З'явіцца фельетон, я табе да смерці не дарую. — І, не развітаўшыся, павярнулася і пайшла назад.

Ярашу раптам захацелася гарэзліва, па-хлапечы свіснуць ёй услед.

Майзіс, маленькі, кучаравы, у вялікіх чорных акулярах, сустрэўшы яго на ганку аддзялення, сказаў:

— У вас сёння, калега, добры настрой.

— А хіба вы бачылі калі-небудзь мяне ў дрэнным настроі?

— Не. Але часам чалавек бывае залішне задумлівы. Ён уважлівы ў працы, але не бачыць хараства вакол сябе.

Яраш засмяяўся:

— Майзіс, ведаеце што? Прыязджайце да мяне на дачу. Я пакажу вам такое хараство, якого вы, гараджанін, зроду не бачылі.

Але, пракансультаваўшы колькі хворых, Яраш зноў адчуў сябе стомленым. З ім рэдка гэта здаралася.

— Відаць, зноў будзе навальніца. Хочацца спаць, — сказаў ён Майзісу, пазяхнуўшы, калі яны пераходзілі з палаты ў палату. — Апошні?

— У мяне апошні. Ды вельмі прасіла хворая з тэрапіі, каб вы паглядзелі яе. Асабіста вас просіць, Антон Кузьміч. Па-мойму, цікавы выпадак. Мітральны стэноз. Згодна аперыравацца.

Яраш паглядзеў на гадзіннік, уздыхнуў:

— Ах, Майзіс, Майзіс, карыстаецеся вы маёй слабасцю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: