Вход/Регистрация
Сэрца на далоні
вернуться

Шамякин Иван Петрович

Шрифт:

— Непарадкі на могілках!.. — Старшыня сумна паківаў галавой. — Чым толькі нам, Кандрат Пятровіч, не прыходзіцца займацца!

— Але, — зноў спачувальна ўздыхнуў Гарусевіч.

Гукан прачытаў адказ і не падпісаў — палажыў убок.

— А тут нам пішуць. Канадскія турысты выказваюць падзяку за гасціннасць. Група балтыйскіх матросаў хваліць наш горад, і асабліва рэстаран.

— Ну, гэта гумарысты, чортавы дзеці. Горад як горад. А рэстаран — дрэнь. Трэба нам паслухаць трэст сталовых і рэстаранаў. — І нечакана спытаў: — Вы бываеце ў рэстаране?

Гарусевіч збянтэжана пачырванеў.

— Не. Што вы, Сямён Парфёнавіч! Праўда, калі працаваў яшчэ ў аддзеле культуры, разы два акцёры тэатра зацягнулі…

Гукан, які любіў свайго сакратара за акуратнасць у рабоце, паглядзеў на яго ў гэты раз зняважліва.

— Чаму гэта ў нас лічаць крамолай, калі чалавек зайшоў у рэстаран? А калі я проста хачу паабедаць культурна?

— Вельмі правільна, Сямён Парфёнавіч! — узрадавана падтрымаў Гарусевіч.

Гукан стомлена пазяхнуў.

— Што там яшчэ?

Сакратар падаў цэлы стос сашчэпленых аркушаў з надрукаваным на машынцы тэкстам.

— Запіска старшыні камісіі па ахове здароўя аб стане бальніц у горадзе і наогул аб усёй нашай медыцыне. І скажу вам, Сямён Парфёнавіч, па-мойму, неаб'ектыўна. Адно адмоўнае бачыць доктар…

— Яраш?

— Яраш. Калі ён пашле гэта вышэй — чакай камісіі.

— Ну, камісій нам баяцца няма чаго. Добра. Я пачытаю. — Гукан ляпнуў па паперы далоняй.

Але чытаць не стаў. Калі сакратар выйшаў, ён зноў падышоў да акна і загледзеўся на свой каштан. Знізу, з вуліцы, далятаў гоман людзей, шыпенне шын на нагрэтым асфальце. Праз лісце каштана прасвечвалася неба, яснае, спякотнае, як і многа дзён ужо. Гукану зноў успомнілася ўчарашняя дача. Ён адчуў сябе стомленым і падумаў, што было б хораша хоць тыдзень адпачыць у такім вось ціхім, лясным, лугавым кутку, каб не ехаць ні на якія курорты, дзе спёка і поўна народу. Могуць людзі арганізаваць сабе адпачынак! А вось ён усё жыццё працуе, хвалюецца. Шыковіч цяпер ляжыць пад соснамі ў гамаку і фантазіруе. Ніхто да яго не просіцца на прыём, не патрабуе выканання плана будаўніцтва. І Яраш… Не, Яраш на рабоце. У хірурга, безумоўна, работы хапае, нічога не скажаш, хворыя не могуць чакаць.

Але навошта яму чарніць тое, чаму аддалі столькі сілы і здароўя і ён, Гукан, і сам Яраш?

Старшыня не ведаў, што напісана ў запісцы, і чытаць яе цяпер не хацеў — баяўся, што яшчэ больш сапсуе настрой. Падумаў, чаму Яраш учора ніводнага слова не сказаў пра гэтую запіску. З-за далікатнасці, каб не турбаваць госця службовымі справамі? Ці, можа, гэта хітры план, разведка праціўніка, на якога рыхтуецца наступ з усіх бакоў? Кніжка, ацэнка падполля, бальніцы… Але чаму гэты наступ яны вырашылі пачаць цяпер? Можа, прачулі што? Ці атрымалі моцную падтрымку? Ад каго? І раптам Сямён Парфёнавіч успомніў. Сакратар гаркома Тарасаў неяк у гутарцы сказаў, што да вайны ён і Шыковіч працавалі ў адным раёне. Вунь яно што! Старыя сябры. Але не падобна, каб Тарасаў мог займацца такімі інтрыгамі. Ды і навошта яму? Працуюць яны мірна і дружна, без канфліктаў.

А нарэшце, чаму яму здаецца, што запіска Яраша — нейкі падкоп пад яго, старшыню гарсавета? Яраш з суровай крытыкай выступаў на сесіі яшчэ гады два назад. І крытыка гэтая была на карысць: міністэрства праявіла большую ўвагу. Адкрыты новыя паліклінікі. Будуецца бальніца.

Усё-такі каштан супакоіў. Гукан пасмяяўся са сваёй трывогі і вярнуўся да стала. Няма калі займацца аналізам пачуццяў! Ішоў звычайны рабочы дзень старшыні гарсавета. Тэлефонныя званкі. Наведвальнікі. Паперы. Лівень папер. Недзе ўжо ў сярэдзіне дня пазваніў намеснік старшыні аблвыканкома Мухля. Высвятляў дэталі пераносу гарадской мяжы. Горад рос. Пад канец доўгай тэлефоннай размовы Гукан спытаў між іншым:

— Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас назірае за будаўніцтвам прыватных дач? Я ведаю, што я займаюся там, дзе адведзены былі ўчасткі пад такое будаўніцтва. У Загайным. І там парушэнняў колькі хочаш. Але там усё-такі ёсць нейкі нагляд… А я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Дзе? Ты сам добра ведаеш дзе. Не ведаеш? Рэдка, значыцца, аб'язджаеш свае ўладанні. Што б рабілася ў горадзе, каб я гэтак не ведаў, дзе што будуецца. Анархія! Не хвалюся. У Дзятлаўскім лясніцтве бачыў, якая хароміна вырасла? Але, Яраша і Шыковіча. Я ж не кажу, што ім не трэба дача. Няхай адпачываюць на здароўе. Хлопцы сапраўды добрыя. Здольныя. Але хто ім адводзіў участак? Лясгас? Райвыканком? А маюць яны права? Глядзі, брат. Ведаеш, як цяпер прэса выступае супраць прыватнай уласнасці? Каб нас з табой не пагладзілі… Людзі яны разумныя. Але я не сказаў бы, што вельмі разумна з іх боку будаваць такія харомы сярод лесу. Не адзін дзесятак кубаметраў. Мая сяброўская парада табе — пацікаўся. Пацікавішся? Вось-вось… Каб не было нечаканасцей… Ну, прывет!

Скончыўшы размову, Гукан задаволена пацёр рукі, падышоў да акна, зноў палюбаваўся на свой каштан. Ужо і праз густое лісце ў кабінет дыхаў спякотны летні дзень.

4

Яраш сядзеў у ардынатарскай і паліў. Ён стаміўся. Тры гадзіны каля аперацыйнага стала. Дзве цяжкія аперацыі. Асабліва стаміла апошняя — на дзіцяці.

Аперацыі на дзецях заўсёды стамлялі яго. Колькі год практыкі, слава лепшага хірурга вобласці, а хваляваўся ён сёння, як студэнт.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: